banner

Усё было, як у страшным сне

06 Февраля’09
2029

altУсё было, як у страшным снеСонечка Панотчык (Соф’я Аляксандраўна Пузыр)

Тыя людзі, каму ў гады Вялікай Айчыннай вайны было па тры, па пяць, па дзесяць гадоў, ужо даўно сталі бабулямі і дзядулямі. Цяпер кожны з іх з трывогай успамінае тое, што перажыў у маленстве, зычачы сучаснаму пакаленню мірнага неба над галавой.

З болем у душы пра гады ваеннага ліхалецця ўспамінае Соф’я Аляксандраўна, якая ўсё сваё жыццё пражыла ў Міхалках. Гэта жанчына цалкам прысвяціла сябе працы на роднай зямлі.

— Калі пачалася вайна, мне было 11 гадоў. Памятаю аднаго разу старэйшая сястра начавала ў полі з каровамі і авечкамі ля Наркаўшчыны. Пад ранак Насця заснула, і авечкі збеглі дахаты. Маці сказала мне падмяніць сястру, каб яна адпачыла і паснедала. З дня на дзень праз нашу вёску меліся адступаць немцы. Ганю я авечак у поле. А тут немцы едуць аглядаць, ці мост цэлы. Авечкі наперад вырваліся, а я з мосту якраз спускалася. Убачылі мяне фашысты (іх было чацвёра) і пачалі лавіць «казлом» па дарозе. Хацелі раз’ехаць. Адчуваю, што ногі больш бегчы не могуць, стаміліся. Спынілася і стаю нерухома. Думаю, усё — канец прыйшоў. Але немцы — «жык» — праскочылі каля мяне і паехалі, рагочучы.

Вярнуўшыся дахаты, стала расказваць, як мяне немцы лавілі. У той час у нас жыў мужчына, якому давялося ў палоне ў немцаў пабываць. Ён казаў, каб я не спынілася, не было б мяне ў жывых. Спыніцца — у немцаў значыць пакарыцца ім.

Як жа жылося ў вайну? Ноччу — партызаны прыходзілі, удзень немцы прыязджалі. Па абодвух канцах вёскі вартавыя стаялі. Хто куды ішоў — усё немцам дакладвалі. Нёс варту і мой кульгавы брат. Аднойчы ўвечары ў Міхалках з’явіўся цэлы атрад партызан на белых конях. І самі ў белую вопратку апранутыя. Старэйшы з іх папрасіў, каб адразу не заяўлялі аб іх немцам.

Як і прасілі партызаны, аб іх далажылі ажно на ранку. Калі немцы дапытвалі, колькі чалавек было і куды накірунак трымалі, то вартавыя ашукалі іх. Сказалі, што ў бок пушчы паехалі. А на самой справе, дзесьці на Піншчыну падаліся.

У гэты ж дзень у вёску заявіліся немцы. Пастралялі, пастралялі... Яны і самі партызан баяліся. Знайшоўся смяльчак, выйшаў, стрэльнуў уверх і пракрычаў па-руску: «Не хадзіць!» Тут і пачалося. Усіх сяльчан, як старэйшых, так і малых, павыганялі з хатаў, выстраілі ў дзве шарэнгі мужчын і жанчын, а самі пачалі партызан і зброю шукаць. А мы, малыя, падымем рукі і плачам, плачам. Баяліся, каб нас не зачапалі. Але добра, што ні партызан, ні зброі не знайшлі, а то расстралялі б усіх жыхароў вёскі, казалі рыдлёўкі з сабою браць. Потым пад’ехаў хтосьці са старэйшых нямецкіх афіцэраў, пагутарылі аб нечым, скочылі ў машыны і паехалі. Пэўна, планы змяніліся.

Асабліва раз’юшыліся немцы, калі адчулі, што ім канец. Помню, як над Грынкамі ляцеў самалёт. Самалёт немцы падстрэлілі, а пілот у жыта паспеў выскачыць. Як немцы здзекваліся над ім: вушы і язык адрэзалі, вочы павыколвалі, рукі і ногі павыкручвалі. Не дай Бог, як мучылі.

Аднаго дня мама мяне з сястрою выправіла дроў напілаваць, каб ежу было на чым прыгатаваць. Бачым, праз вёску немцы едуць на матацыклах, машынах, але такія брудныя і чорныя ад пылу. Толькі распаліла мама печ, як убягае ў хату брат-калека і крычыць, каб хутчэй залівала агонь вадою. Кажа, уцякаць трэба, бо Міхалкі пад абстрэл трапяць. За Юшкавічамі немцы акапаліся, а саветы іх гнаць будуць. Выбеглі мы з хаты, а мама вярнулася малака дзецям узяць. Так і разлучыліся. Я, сястра і брат з чужымі сем’ямі ў Шурычы пабеглі, а мама ў Каланой была. Расклалі мы агонь, наварылі заціркі, кароў падаілі, якія цэлыя суткі былі нядоенымі. Павячэралі. У Шурычах пераначавалі. На ранку ў родную вёску падаліся.

На дзіва, вёска ўцалела. Як ішлі нашы салдаты, то казалі, што Міхалкі пад аховай Бога. Усе снарады міма праляталі, толькі дзве хаты разарвала, і то ў адной толькі вугал зачапіла.

Цяпер людзям няма чаго на жыццё скардзіцца. Адзетыя, абутыя, есці ёсць што. Здаецца, толькі жыві і жыццю радуйся.

Запісала Алена КЕДЗІК.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Районные будни