banner

Сага пра Тарасаўку

03 Февраля’09
2381

Бадай, няма такой мясцовасці малой ці вялікай, у гісторыю якой не былі б уплецены лёсы людзей, пакінуўшых у спадчыну нашчадкам свае добрыя імёны. І колькі б ні мінула гадоў, яны, гэтыя імёны, будуць на слыху.
З невялічкім хутарам Тарасаўка Нязбодзіцкага сельсавета цесна звязаны імёны кандыдатаў навук, медыкаў, філосафаў, педагогаў, аграномаў, садоўнікаў. І ўсе яны — парасткі аднаго фамільнага дрэва Рыжых.

 

Карані

Сага пра ТарасаўкуЯкім чынам у сярэдзіне XIХ стагоддзя звёў лёс прыгоннага садоўніка і шведскую князёўну, сёння даведацца ўжо немагчыма, але дасканала вядома, што была яна на той час сярод палонных, а ён служыў у графа Уладзіслава Пуслоўскага ў маёнтку Альберцін. Знаходзіўся ён недалёка ад Слоніма і славіўся цудоўным паркам і садам, дзе раслі рэдкія гатункі паркавых і пладовых дрэў, дэкаратыўных кустоў і кветак. Граф прывозіў іх з-за мяжы і хваліўся перад суседзямі. Даглядаць усё гэтае хараство і было даручана прыгоннаму садоўніку Луку Рыжаму. І, трэба адзначыць, спраўляўся ён са сваімі абавязкамі проста цудоўна. Можа, граф выбраў для яго жонку князёўну. А можа, яна сама аднойчы ўбачыла маладога шыракаплечага юнака з залатым чубам і закахалася. Ніхто сёння не адкрые гэтую таямніцу, аднак факт бясспрэчны: шведская князёўна Ганна Гаррэст стала жонкаю Лукі Рыжага. Жылі яны напачатку ў невялічкім памяшканні пры маёнтку, там і дзеткі нарадзіліся. А з цягам часу за добрасумленную і шматгадовую працу даў граф Луку вольную і адпусціў з Богам. Разам з вольнай належалі і грошы. Вось за іх і купіў Лука ўчастак зямлі ў Тарасаўцы. Назва гэтая пайшла ад рускага паручніка Тараса Рыкава, які атрымаў вялікі кавалак зямлі ў дар за падаўленне польскага паўстання. Самому Рыкаву тая зямля была не патрэбнай, таму што месца было балоцістым і здзічэлым, з мноствам пнёў, дрэў і кустоў. Усё гэта неабходна было выкарчаваць, каб тая зямля была здольна нешта нарадзіць. Але Лука быў не з тых, хто баяўся цяжкасцяў, і з усім уласцівым яму запалам прыняўся за работу. Трэба сказаць, што ён трошкі сумаваў па сваім дзецішчы, графскім парку, і таму зрабіў усё мажлівае, каб стварыць у Тарасаўцы нешта накшталт графскай сядзібы ў мініяцюры. Ад таго ж графа Лука Іванавіч прывёз саджанцы рэдкіх фруктовых дрэў, кустоў, шмат гатункаў дзівосных ружаў. Былі высаджаны ліпавыя алеі, выкапана невялікая  сажалка, пасыпаны жоўтым пяском дарожкі. Ён разбіў нязвыклай прыгажосці клумбы, на якіх ад ранняй вясны да позняй восені цвілі кветкі. І, зразумела, быў пасаджаны вялікі сад. Тут раслі і пладаносілі такія гатункі яблынь, як “Калмык”, “Цараградская”, “Суіслепская”, “Рамбул”, “Байкін” і іншыя, аб якіх у нашых мясцінах ніхто і не чуў. Было шмат гатункаў груш, сліў, а таксама разнастайных ягаднікавых кустоў. Шчодра радавалі ўраджаем чырвоныя і чорныя парэчкі, агрэст, маліна. Усё гэта расло, цвіло, пахла, зіхацела і цешыла вочы жыхароў Тарасаўкі. Рукамі Лукі Іванавіча былі выпешчаны кожнае дрэўца, кожная раслінка, кожная кветачка. Вядома, што яго трапяткая любоў да Тарасаўкі перадавалася дзецям, а потым і ўнукам, праўнукам. На жаль, да сённяшніх дзён мала што захавалася. У канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя былі моцныя маразы, і шмат гатункаў яблынь, а таксама груш і сліў загінула. Але некалькі яблыневых дрэў, якім ужо пераваліла за сто гадоў, усё яшчэ жывуць і пладаносяць.

 

Першацвет

Сага пра ТарасаўкуНягледзячы на тое, што Лука Іванавіч сам быў амаль непісьменным, ён зрабіў усё магчымае, каб дзеці не выраслі невукамі. Нават дзяўчаты Ганна і Марыя вывучыліся на акушэрак. Як склаўся іх далейшы лёс, невядома. Яны павыходзілі замуж, вылецелі з роднага гнязда, і весткі аб іх згублены. Не захаваліся даныя і аб некаторых сынах Лукі Іванавіча, якія ў свой час таксама пакінулі бацькоўскі дом і знайшлі сваё шчасце ўдалечыні ад роднага дома. Жыццёвы лёс з Тарасаўкай звязалі толькі Іван і Васіль.  

Абодва ў свой час атрымалі патрэбную адукацыю. Іван скончыў народнае вучылішча і вывучыўся потым на чыгуначнага майстра. Вось толькі шчасце яго абмінула. Дакладней, яно было, але толькі мелькам. Успыхнула, як знічка, і назаўсёды згасла. У маладосці быў закаханы ў прыгожую яўрэйку, але быць разам ім не давялося. Пакуль ён дабіваўся магчымасці ажаніцца на яўрэйцы (яму доўга не давалі дазволу на такі шлюб) і нават дом будаваў у Вільне, яго нявеста неўзабаве захварэла і памерла. Іван доўга гараваў па каханай, прадаў недабудаваны дом, вярнуўся ў Тарасаўку і аддаў выручаныя грошы брату Васілю. Усё жыццё пражыў бабылём, казаў, што другой такой ніколі не знойдзе, ды і не шукаў нікога. Жыў успамінамі да самай смерці.

Сага пра ТарасаўкуДругі сын Лукі Іванавіча Васіль скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю і быў накіраваны на працу ў Дабраволю. Яшчэ некалькі гадоў таму 90-гадовы дзядок з Дабраволі прыпамінаў, што некалі ў яго быў настаўнік Васіль Лукіч Рыжы.

Дарэчы, у Васіля лёс склаўся даволі цікава. У час настаўнічання ў Дабраволі ён закахаўся ў жонку валаснога пісара Надзею Лісіцыну. Бацька Надзеі Марцін Пракаповіч служыў свяшчэннікам у Ялоўцы. Але так сталася, што ён памёр ад сухотаў, і жонка перажыла яго толькі на некалькі гадоў. Траіх асірацелых дзяцей — Соню, Надзю і Кірыла (быў яшчэ адзін хлопчык, але памёр у раннім узросце) — узялі сваякі. Вядома, лішні рот нікому не патрэбны, і юную Надзейку ў 16 гадкоў аддалі замуж за валаснога пісара з Дабраволі, які быў за яе значна старэйшы. Ніхто, зразумела, ніякай згоды ў яе не пытаўся, а пра каханне і гаворкі быць не магло. Выдалі і выдалі. Збылі з рук — і забыліся. Жыві, як хочаш. За дзесяць гадоў сумеснага жыцця дзяцей у іх не было. І з гэтым фактам Надзея павінна была згадзіцца і прыняць як належнае. Але... Неяк восенню ў Дабраволю прыехаў малады настаўнік Васіль Рыжы, прыгожы, статны, яснавокі юнак. І ўсё яе жыццё нечакана перавярнулася, набыло новыя яскравыя фарбы. Сустрэў ён аднойчы маладую Надзею і ўжо не мог уявіць без яе жыццё. Бухнулася, як у вір, з галавою ў каханне і Надзея. Неўзабаве наперакор усім паклёпам і нагаворам, напоперак усяму асуджаючаму яе свету яна пакінула нялюбага мужа і пайшла жыць да каханага. І, на шчасце, вельмі хутка адчула радасць мацярынства ў поўнай меры. Шасцёра сыноў падарыла яна мужу. Праўда, першыя двое, Васіль і Іван, спачатку былі запісаны як Лісіцыны, паколькі разводы тады не практыкаваліся. Але хутка стары пісар памёр, і Васіль з Надзеяй змаглі павянчацца. Ён ужо афіцыйна ўсынавіў дзяцей і запісаў на сваё прозвішча. Пазней нарадзіліся Віктар, Мікалай, Павел і Аляксандр. Жылі Васіль з Надзеяй у Тарасаўцы дружна, гадавалі сыноў, дабру вучылі, у людзі выводзілі.

 

Новыя парасткі

Сага пра ТарасаўкуСтарэйшы сын Васіль прымаў удзел у Першай сусветнай вайне. Пазней яго закінуў лёс у Маскву. Ён там ажаніўся на касцюмершы з Вялікага тэатра. У яе былі дзве дачкі ад першага шлюбу. Сваіх, на жаль, не было. Там, у Маскве, Васіль і памёр. У 1968 годзе ў Тарасаўку прыязджала яго прыёмная дачка Ніна.

Іван змалку любіў дзедаў сад. Праводзіў у ім шмат часу і марыў стаць прафесійным садоўнікам. Нявесту меў маладзенькую. Марылі хутка павянчацца. А неяк задумаў паехаць на Украіну і там загінуў ад бандыцкіх рук. Яму нават 17 яшчэ не было.

Самы кароткі жыццёвы шлях быў у Віктара. Ён у васьмігадовым узросце памёр ад дыфтэрыту.

Мікалай шмат гадоў пражыў у Тарасаўцы. Быў двойчы жанаты. Ад першага шлюбу меў чатырох дзяцей: двух сыноў — Аляксандра і Вадзіма — і дзвюх дочак — Вольгу і Аляўціну. Ад другога шлюбу — дачку Нату. Зусім маладым Аляксандр паехаў у Літву, і сляды яго згубіліся. Вадзім жыў у Свіслачы, меў з жонкай Клаўдзіяй адзіную дачку Валю. Вольга памерла ў дзіцячым узросце. Аляўціна — ў Мінску. Мае трох сыноў. Ната выйшла замуж і пераехала жыць у Рыгу. Там працавала ўрачом.

Павел служыў ляснічым. Таксама быў двойчы жанаты. З першай жонкай Ганнай жылі ў Ваўкавыску. За 20 гадоў сумеснага жыцця дзяцей у іх не было. У другім шлюбе з жонкай Вандай нарадзіўся сын Павел. Ён вывучыўся на горнага інжынера, абараніў кандыдатскую, працаваў у Ленінградзе. Там ажаніўся на карэннай жыхарцы паўночнай сталіцы Таццяне Шмідт.

Павел Васільевіч ужо памёр. У Тарасаўку амаль штогод прыязджае яго ўдава. Ёй вельмі падабаюцца гэтыя мясціны. Сюды вабіць чыстае паветра, водар пушчанскага разнатраўя, спеў лясных птушак. І вяртаецца яна ў горад на Няве заўсёды паздаравеўшай і памаладзеўшай.

Самы яскравы след пакінуў у Тарасаўцы малодшы сын Васіля Лукіча — Аляксандр.

У дзяцінстве паспяхова вучыўся ў школе, але бацька не быў у стане аплачваць вучобу, і хлопец вымушаны быў пакінуць яе, недавучыўшыся. Але цяга да вучобы была ў яго вельмі моцнай. Аднойчы прыняў рашэнне ехаць у Вільна і быць вольным слухачом ва ўніверсітэце. Гэта значыла, што дыплом яму не свяціў, але ж веды, як ён лічыў, і без дыплома маглі спатрэбіцца.

Юнак наведваў лекцыі на факультэце філасофіі. Вучыўся прагна, лавіў кожнае слова выкладчыкаў, а вечарамі разам са студэнтамі хадзіў на вечарыны, удзельнічаў у гуртках. Неяк на адной з такіх вечарын ён пазнаёміўся з красуняй Аленай. І яна адказала юнаку ўзаемнасцю. Шчаслівыя закаханыя вырашылі пажаніцца. Трэба сказаць, што карані Алена мела шляхетныя. Бацька яе Лео Львовіч Бялеўскі быў дваранінам, у свой час скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, служыў адвакатам. Меў два маёнткі ў Магілёўскай губерні – Углы і Горкі. У Першую сусветную вайну яго бацька меў чын падпалкоўніка ў імператарскай стаўцы. Калі царская сям’я прыязджала ў Магілёў, Юру, старэйшага брата Алены, запрашалі гуляць з цэсарэвічам Аляксеем. Пасля рэвалюцыі Бялеўскія перабраліся ў Горкі, там жылося спакайней. Але, калі ў 1920 годзе Лео Львовіч узяўся абараняць на судзе ксяндза, якога абвінавачвалі ў падрыўной дзейнасці супраць савецкай улады, яму дакладна далі зразумець, што пойдзе ўслед за ксяндзом, якога, безумоўна, асудзілі. І тады ён разам з сям’ёю пераехаў у Вільна. Калі Алена са сваім жаніхом прыйшлі да яго за бацькоўскім благаслаўленнем, Лео Львовіч не стаў чыніць перашкоды для закаханых. А будучаму зяцю даў магчымасць выбару: альбо пасаг разам з дачкою, альбо аплата за вучобу ва ўніверсітэце. І Аляксандр выбраў вучобу. Ён здаў экстэрнам экзамены за курс школы (гэта таксама аплаціў цесць), а затым паступіў ва ўніверсітэт на спецыяльнасць “агранамія”. Паспяхова адвучыўся і вярнуўся ў родную Тарасаўку з дыпломам інжынера па меліярацыі і красуняй жонкай пад руку.

Дзеля каханага Алене таксама прыйшлося ахвяраваць вучобай у інстытуце. Ёй заставалася вучыцца нейкі год ці трошкі больш, але, пазнаёміўшыся з Аляксандрам і закахаўшыся ў яго, як гаворыцца, па вушы, яна кінула вучобу. Аб гэтым неабдуманым кроку Алена Леанідаўна потым вельмі шкадавала і таму зрабіла ўсё магчымае, каб дзеці не паўтарылі яе памылкі.

А дзяцей Аляксандру і Алене Бог даў сямёра: тры сына і чатыры дачушкі. І імёны іх сёння ўпісаны ў летапіс раёна як прыклад высокіх чалавечых якасцяў, накіраваных на служэнне выбранай справе і людзям.

(Працяг будзе.)

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

На здымках: Ганна Рыжая (Гаррэст) з дзяцьмі; Алена і Аляксандр Рыжыя; сын Лукі — Іван; сыны Васіля Лукіча.

Фота з сямейнага архіва.

Предыдущая статья

Перед любовью меркнет золото