banner

Сэрца грэюць успаміны

13 Февраля’12
1718

Сэрца грэюць успаміны

Акурат на Новы год Аляксандра Іосіфаўна Піскур адзначыла свой слаўны юбілей – 90 гадоў з дня нараджэння. У гэты дзень яна перабірала ў памяці сваё жыццё і здзіўлялася: калі гады праляцелі? Здаецца, і не стамілася, і не запрацавалася, карацей кажучы, не нажылася, а за плячыма дзевяць дзясяткаў.
Але сэрца грэюць успаміны. Яна часта ўспамінае брата, сясцёр. Як жылі дружна, дапамагалі адзін аднаму. Брат Фёдар і сястра Ніна аселі тут, у Грынках. Соня звіла сваё сямейнае гняздо ў Свіслачы. Кацярына шукала сваё шчасце спачатку на Украіне, затым асела аж у Архангельску. А вось нядаўна вярнулася на Бацькаўшчыну.
Аляксандра рана выйшла замуж. Неяк сустрэлася поглядам з суседскім хлопцам – і неўзабаве згулялі вяселле. Паехалі маладыя жыць у Тушамлю. Антон, муж? пайшоў працаваць у лясніцтва: там і заробкі былі добрыя, і з матэрыялам на новы дом можна было рашыць пытанне. Тоненькая жвавая Аляксандра ўвіхалася па гаспадарцы, трымала ў парадку хату, гадавала дзвюх дачушак. А вось у вольны час, як і ўсе вясковыя жанчыны, прала, ткала, вязала, шыла. Але больш за ўсё любіла вышываць.
Муж быў не супраць яе захаплення, нават прывозіў ёй з паездак тканіну і мулінэ.
Паціху ўзнімаліся сцены іх новага жытла. Але пачаў хварэць муж. І сталася так, што ўсяго адну ночку пераначаваў ён у новым доме.
Уся праца ўзвалілася на худзенькія плечы Аляксандры. Трымала вялікую гаспадарку, працавала ў калгасе, гадавала дачок.
Ніколі нікому яна не скардзілася. Дом сама дабудавала, і сёння яго сцены ўпрыгожваюць яе вышыўкі. Яны дэманстраваліся ў раённым музеі, былі на выставах у мясцовым клубе.
Аляксандра Іосіфаўна больш не выйшла замуж. Так і засталася вернай свайму Антону.
Дачушкі Галіна і Вера вучыліся ў Мінску, атрымалі дыпломы інжынераў. Вера жыве і працуе ў Мінску, Галя – у Краснасельску. Адзін з яе сыноў – Дзмітрый Качароўскі – саліст ансамбля Міхаіла Фінберга – асаблівы гонар бабулі Аляксандры.
У дзень юбілею ў дом да юбіляркі з’ехаліся госці. Гучалі цёплыя віншаванні, шчырыя пажаданні. Аляксандра Іосіфаўна прымала іх ад старшыні Нязбодзіцкага сельскага Савета Марыі Фёдараўны Качко, намесніка старшыні па ідэалагічнай рабоце Зянона Тамашавіча Пелеша, работнікаў Грынкаўскага клуба. Гучалі песні і вершы.
А вечарам сабраліся родныя і блізкія. І зноў ліліся, ліліся ўспаміны… Пра жыццёвую сцежку любімай матулі і бабулі.

Марыя САМАЛЕВІЧ,
в. Грынкі.

Предыдущая статья

Церемония бракосочетания на лоне природы