banner

На спатканне з родам

07 Мая’16
1608

На спатканне з родам

 

Тую вёсачку, дзе калісьці не сціхалі дзіцячыя галасы, дзе руплівыя гаспадыні завіхаліся па хатніх справах, не пазнаць.

Старэнькія нахіленыя хаткі ледзь-ледзь праглядваюць праз зараснікі, якія апанавалі безгаспадарныя падворкі. А дарога? Яе раней бабуля называла гасцінцам. А зараз яна зарасла пырнікам ды пустазеллем, звузілася і ўтапталася. Адразу відаць, што няма таго ажыўленага руху, які панаваў тут год дваццаць назад. Даўно няма і тых людзей, да якіх кожныя выхадныя з усіх куточкаў спяшаліся дзеці і ўнукі. А каму з жыхароў вёсачкі лёс наканаваў жыць даўжэй, дзяцей трымаюцца і толькі зрэдку сюды наведваюцца.


Але ёсць дні ў годзе, Радаўніцкія Дзяды ці дзень памінання памерлых, калі вёска быццам ажывае. Па старым гасцінцы едуць і едуць аўтамабілі. На жаль, месцам іх прыпынку становіцца не родная хата, на ганку якой сустракалі матуля ці бабуля, тата ці дзядуля, а могілкі. Цяпер менавіта тут адбываецца іх сустрэча. У цішыні і маўчанні. Праваслаўныя вернікі падыходзяць да халодных мармуровых помнікаў, вітаюцца з нябожчыкамі і доўга ўглядаюцца ў іх застылыя ласкавыя позіркі. У такі момант, здаецца, быццам яны разумеюць адзін аднаго, абменьваюцца думкамі, успамінамі.


Колькі год запар назіраю за жанчынай, якая прыязджае на могілкі да бацькоў. Яна заўсёды перахрысціцца, пацалуе фотаздымак на помніку і запытаецца: “Татачка, як табе там, на Нябёсах? З мамай бачышся, заходзіць у госці?” Змахнуўшы хустачкай слязу, жанчына дзеліцца з нябожчыкам радасцямі зямнога жыцця: “Вось я з дачкою прыехала, памятаеце яе? Унукі ў мяне вялікія ўжо, хутка вучыцца пойдуць…” Потым прыбярэцца на магілках, паставіць свежыя кветачкі, павяжа на помнік стужачку.


Пасля службы ў царкве, якая знаходзіцца ў суседняй вёсцы, на могілках становіцца ўсё шматлюдней. Кожны накіроўваецца да знаёмай магілкі, запальвае свечкі, моліцца, прабывае ў непасрэднай блізкасці з продкам. Затым на могілкі прыходзіць свяшчэннік, гутарыць з людзьмі, нагадвае, што Радуніца абавязвае хрысціян не перажываць аб смерці блізкіх, а, наадварот, радавацца іх нараджэнню ў другое жыццё – жыццё вечнае. Адзначае, што праваслаўная царква не ўхваляе звычаяў памінальнай трапезы і традыцыі пакідання на магілцы спачылых велікоднага яйка. “Памерлым патрэбны малітвы аб упакаенні іх душы і добрыя справы ў памяць пра іх”, – завяршае размову бацюшка і прымаецца за акрапленне святой вадой могілак.


Каб не было сорамна перад продкамі, абавязкова на Радуніцу прыбярыцеся на іх магілках. Азірніцеся, ці няма непрыбраных побач. Нашы продкі ніколі не падзялялі магілкі на свае і чужыя, а даглядалі і суседнія. Хто ведае, магчыма, праз некалькі гадоў па нейкай прычыне і вы не зможаце наведацца да сваіх продкаў, а добры чалавек прыбярэцца за вас.

 

Алена КЕДЗІК.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Обнаружили воинское захоронение Первой мировой войны