banner

Мая грынкаўская зямліца

26 Декабря’15
1596

Мая грынкаўская  зямліца

Ужо трэці год запар наша клубная ўстанова традыцыйна праводзіць вечары-успаміны, вечары-ушанаванні нашых вяскоўцаў. “Мая грынкаўская зямліца”– так называўся вечар, які мы прысвяцілі Сяргею Пятровічу Смуразе.
Распачалося мерапрыемства прыгожым мультымедыйным фільмам аб жыццёвым шляху чалавека, які 34  гады аддана працаваў у калгасе імя Кастуся Каліноўскага, імкнучыся палепшыць жыццё вяскоўцаў.
Нарадзіўся Сяргей Пятровіч у простай сям’і калгаснікаў у в. Сідаркі Свіслацкага раёна. Бацька Пётр Якаўлевіч і маці Соф’я Аляксандраўна строга ставіліся да выхавання сына. Вучыўся Сяргей добра, сярэднюю школу № 3 г. Ваўкавыска скончыў з сярэбраным медалём. У верасні 1958 года – ён ужо навучэнец Жыровіцкага тэхнікума механізацыі сельскай гаспадаркі, а пасля яго заканчэння – механік калгаса імя ХХII партз’езда ў в. Дулеўцы Ваўкавыскага раёна.
Навука кіраваць, пэўна, самая цяжкая. А кіраваць ён пачне ўжо са снежня 1965 года, калі будзе прыняты на пасаду загадчыка майстэрні, а потым галоўным інжынерам саўгаса «Вялікасельскі» Свіслацкага раёна.
Да гэтага ён пройдзе вялікую арганізатарскую школу ваенным будаўніком у Забайкальскай ваеннай акрузе.
У 1977 годзе скончыў Беларускі  інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі.
Усе грані характару, уменне весці граматна сельскагаспадарчую вытворчасць, знаходзіць аптымальныя рашэнні праявіліся на пасадзе старшыні калгаса імя Кастуся Каліноўскага, якім ён кіраваў 24 гады. А потым яшчэ 10 гадоў працаваў дыспетчарам гаспадаркі.
Менавіта ў гады яго кіраўніцтва калгаснікі дабіліся шматлікіх высокіх дасягненняў. У 1983 годзе за перамогу ў сацыялістычным спаборніцтве калгас атрымаў пераходзячы Чырвоны Сцяг ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР. Высокія ўзнагароды атрымалі многія калгаснікі. Жывёлавод Людміла Іванаўна Гарошчык у 1980 годзе абрана кандыдатам, а потым і дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Да гэтага на яе грудзях ззялі высокія ўзнагароды Радзімы: ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн Дружбы народаў, сярэбраны медаль ВДНГ. Шаноўнае званне «Заслуженный работник сельского хозяйства СССР» атрымала загадчыца фермы «Раманаўцы» Аляксандра Іосіфаўна Русак. Ніколі не падводзілі свайго старшыню вадзіцелі, механізатары, звеньявыя. Прыкладам для ўсіх – маладых і сталых механізатараў – быў ветэран вайны Георгій Якаўлевіч Сахарчук. За старанную працу да баявога ордэна Славы III ступені далучыўся ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Імёны Паўла Іванавіча Кавалеўскага, Рыгора Раманавіча Турка, Аляксандра Іванавіча Дзуновіча, Зінаіды Міхайлаўны Мінько, Лідзіі Канстанцінаўны Трахімік, Мікалая Міхайлавіча Лобача і многіх-многіх іншых былі вядомы не толькі ў раёне.  
Калгаснікі з гонарам называлі сябе «каліноўцамі», бо 14 студзеня 1976 года (амаль 40 год таму) дзве гаспадаркі – калгас імя А. Неўскага і калгас імя Кастуся Каліноўскага – зліліся ў адну.
Яшчэ адна добрая якасць была ў Сяргея Пятровіча – давяраць справу маладым і бачыць у моладзі надзею на будучыню. Пад яго кіраўніцтвам пачалі сваю працу Віктар Лобач, Іван Гінч, Валянцін Пічкоўскі, Аляксандр Мілько, Тэрэза Кадэй…
Сяргей Пятровіч Смурага меў высокія ўзнагароды: ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн «Знак Пашаны», медаль «За працоўную доблесць»,  медаль «Ветэран працы» і мноства юбілейных медалёў.
Сяргей Пятровіч актыўна ўдзельнічаў у жыцці раёна. Быў дэлегатам шматлікіх канферэнцый – партыйных і прафсаюзных, а таксама прымаў удзел у абластных і рэспубліканскіх мерапрыемствах.
Добрым і надзейным тылам у Сяргея Пятровіча была сям’я. Яго жонка Ванда Іосіфаўна – чалавек вельмі цікавы і разнастайны.  За плячамі – дзве вышэйшыя адукацыі: Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут і Брэсцкі педагагічны інстытут.
Яна ўсё жыццё працавала настаўніцай. А яшчэ выхавала пяцярых дзетак – Андрэя, Сяргея, Алега, Алену і Дзмітрыя. Да таго ж заўсёды мела магчымасць займацца любімымі справамі: рукадзеллем, вырошчваннем кветак, спевамі. А самае галоўнае – 43 гады дапамагаць мужу захоўваць аўтарытэт і добрае імя сям’і.
На вечары з вялікай цеплынёй расказвала яна пра саўмеснае сямейнае жыццё. Лепшага бацькі і мужа, пэўна, не было ў свеце. І ніяк сэрца не можа змірыцца, што 11 гадоў яго няма. Ён вельмі любіў песні. Песні, якія выконваў Грынкаўскі хор, песні, якія гучалі са сцэны клуба, песні, якія спявала яму жонка… Таму на вечарыне гучалі песні ў яго гонар – аб любай зямліцы, аб вёсачцы, аб жытнёвых бяскрайніх палях у выкананні жаночага вакальнага калектыву “Спадчына”.
Раіса Іосіфаўна Сухоцкая працавала разам з Сяргеем Пятровічам у калгасе галоўным бухгалтарам. Яна з добрым гумарам успамінала сумесную працу. Больш  інтэлігентнага і культурнага чалавека на той час у гаспадарцы не было. Ён выдатны аратар, ніколі не павышаў голас ні на кіраўнікоў падраздзяленняў, ні на простых калгаснікаў. Але калі ўжо ставіў перад падначаленымі задачу, строга сачыў за яе выкананнем.
Зянон Тамашавіч Пелеш, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце філіяла «Нязбодзічы» ААТ «Ваўкавыскі мясакамбінат», з цеплынёй расказаў пра той час, калі ён – малады спецыяліст – прыехаў з сям’ёй працаваць у гаспадарку.
Сяргей Пятровіч заўсёды адносіўся да маладых працаўнікоў па-бацькоўску добразычліва, разважліва, мог даць добрую параду ці дапамагчы знайсці выхад са складанай сітуацыі.
Пры С. П. Смуразе былі пабудаваны сучасныя майстэрні, сельскі Дом культуры. Гэта быў цудоўны будынак, узведзены таксама на ўласныя грошы гаспадаркі. Тут бурліла культурнае жыццё – ніхто не заставаўся ў баку. Сам Сяргей Пятровіч вельмі любіў ладзіць святы, грошай на касцюмы, на падарункі ніколі не шкадаваў.
Многа добрых слоў аб былым кіраўніку гаспадаркі выказала і Надзея Міхайлаўна Мацюк, якая шмат гадоў працавала загадчыцай дзіцячага сада. Ніводная яе просьба не засталася невыкананай.
Сяргея Пятровіча Смурагі не стала вераснёўскім днём 2004 года – у той час, калі родная зямелька дзякуе гаспадару за яго працу, за любоў, за яго добрае сэрца шчодрым ураджаем.

 

Марыя САМАЛЕВІЧ,
аг. Грынкі.

Предыдущая статья

Акцент на световые приборы