banner

Памятаюць свіслачане

09 Января’08
3535
Памятаюць свіслачане      6 студзеня спаўняецца 80 гадоў заслужанаму ўрачу БССР, ганароваму грамадзяніну горада Свіслач, былому галоўнаму ўрачу Свіслацкай раённай бальніцы Мікалаю Аляксандравічу Турко.
Ён  прыехаў у раён у 1954 годзе пасля заканчэння Мінскага медінстытута. Спачатку працаваў галоўным урачом Дабравольскай сельскай бальніцы. Ужо тут адразу вызначыліся яго арганізатарскія і лідарскія якасці. Пад яго кіраўніцтвам пачынаецца будаўніцтва Дабравольскай бальніцы.
      Яго імкненне ператвараць навакольнае асяроддзе, насычаць яго новымі архітэктурнымі формамі і любоў да прыгожага знайшлі свой працяг на пасадзе галоўнага ўрача раёна. Ён узначальваў раённую ахову здароўя чвэрць стагоддзя. За гэтыя гады ў ёй адбылося шмат добрых пераўтварэнняў. У медыцынскія ўстановы прыйшлі новыя кадры, узрос матэрыяльна-тэхнічны ўзровень лячэбных устаноў, асвойваліся прагрэсіўныя методыкі лячэння хворых, набывалася сучасная апаратура.
      Спачатку пад яго кіраўніцтвам у Свіслачы з’явілася возера. Зараз яго завуць Турковым, і гэта як самая вышэйшая народная ўзнагарода за працу. А потым пабудавана бальніца. Усяго за два гады ў Свіслачы вырас прыгожы будынак новай раённай установы здароўя. Ён стаў не толькі гонарам свіслачан, але і сапраўдным архітэктурным упрыгожаннем раённага цэнтра.
      А якая прыгажосць адкрывалася вакол будынка: газоны, кветнікі, рэдкія пароды дрэў, фантаны! Дэлегацыі амаль з усіх куткоў Савецкага Саюза прыязджалі падзівіцца гэтаму хараству у маленькім раённым цэнтры.
      У яго жыццёвай працоўнай скарбонцы будаўніцтва санаторыяў “Беларусь” у  Сочы, “Свяцк” пад Гродна, “Радон” у Дзятлаўскім раёне. За плённую працу М. А. Турко ўзнагароджаны трыма Граматамі Вярхоўнага Савета БССР, высокай адзнакай Чырвонага Крыжа – нагрудным знакам імя М. І. Пірагова.
      Зараз Мікалай Аляксандравіч жыве ў Дзятлаве. З юбілеем Вас, паважаны! Моцнага Вам здароўя і любові родных і дарагіх людзей.
Падрыхтавала Я. КУРЫЛА.

Предыдущая статья

Ты толькі жыві...