banner

2 верасня – Дзень польскай культуры ў Поразаве

01 Сентября’12
2855

2 верасня – Дзень польскай культуры ў Поразаве

  Ад фестывалю да фестывалю

2006 год
“Сталіца Польшчы ў вершах і песнях” – так гучала тэма Дня польскай культуры, які ўпершыню прайшоў на хлебасольнай і гасціннай Свіслацкай зямлі. Сталіцай свята творчасці і натхнення стаў гарадскі пасёлак Поразава.
Арганізатарамі выступілі Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь сумесна з грамадскім аб’яднаннем “Саюз палякаў на Беларусі” і Свіслацкім раённым выканаўчым камітэтам. Яны ставілі мэтай паказаць, якімі талентамі багаты наш народ, і яшчэ больш з’яднаць людзей розных нацыянальнасцей. А палякам – прадэманстраваць багатыя нацыянальныя традыцыі, паглыбіцца ў атмасферу польскай існасці і самабытнасці, даць магчымасць пагутарыць на роднай мове, паслухаць любімыя вершы і песні.
Тэатралізавы канцэрт парадаваў сузор’ем яркіх талентаў. Шчодра дарылі гледачам сваю творчасць самадзейныя артысты са Свіслачы і Поразава, Навасёлак і Студзенік, калектывы са Слоніма і Гайнаўкі (Рэспубліка Польшча). Сваёй творчасцю захаплялі і заварожвалі майстры народных рамёстваў, здзіўлялі выдатнымі дэкламатарскімі здольнасцямі ўдзельнікі паэтычнага пленэра. Цікавасць гледачоў выклікалі і арыгінальныя работы, выкананыя дзіцячымі рукамі. Выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва была падрыхтавана СШ № 2 імя М. Масонава г. Свіслач, Поразаўскай СШ-СПК і Поразаўскай спецшколай-інтэрнатам для дзяцей з парушэннямі слыху.
У ліку ганаровых гасцей былі старшыня грамадскага аб’ядняння “Саюз палякаў на Беларусі” Юзаф Лучнік і прадстаўнік Гайнаўскага стараства Яўген Валкавыцкі, якія выказалі многа цёплых слоў удзячнасці гаспадарам свята і ўсім удзельнікам.
2010 год
2 верасня – Дзень польскай культуры ў Поразаве

 

На Свіслаччыне жывуць прадстаўнікі больш як 20 нацыянальнасцей і народнасцей. У іх асаблівы дар – зберагаць сваю самабытнасць і падтрымліваць многавекавыя культурныя традыцыі. Гэта ўжо ў другі раз прадэманстраваў Дзень польскай культуры ў Поразаве, які прайшоў пад дэвізам “Айчыну славім песняй”.
У ліку ганаровых гасцей поразаўскага свята з нацыянальным каларытам былі намеснік старшыні нацыянальна-культурнага грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” Віктар Богдан, галоўны спецыяліст аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Гродзенскага аблвыканкама Ганна Марэцкая, начальнік пажарнага аддзялення г. Клавкава (Рэспубліка Польшча) Юзаф Янушэўскі.
Артысты з Ліды, Астраўца, Шчучына, Ваўкавыска і таленты Свіслаччыны пастараліся на славу, каб зрабіць свята відовішчным і яркім. Трохгадзінная канцэртная праграма, якая ўключала конкурс чытальнікаў польскай паэзіі, завяршылася ўрачыстым уручэннем дыпломаў фестывалю і памятных падарункаў усім яго ўдзельнікам.
2012 год
2 верасня – Дзень польскай культуры ў Поразаве

 

Паразаўчане зноў чакаюць гасцей. Насычаная святочная праграма “Сяброўства без межаў”, падрыхтаваная арганізатарамі, абяцае многа прыемных знаёмстваў: з мастакамі і артыстамі, танцорамі і музыкантамі, народнымі майстрамі і выдатнымі кухарамі… Гаспадары рыхтуюць свае сюрпрызы, а госці – свае. Раскрываць усіх сакрэтаў не будзем, але з удзельнікамі канцэртнай праграмы завочна пазнаёмім. Гэта ансамбль “Цаглінкі” (Гайнаўка, Рэспубліка Польшча), ансамбль “Стакроткі” (Вялікая Бераставіца), трыа “Верацейцы” (Стары Дворац), сямейны ансамбль “Сахонь” і вакальныя ансамблі “Сібірак” і “Меморыя” (Ліда), хор польскай песні “Прамень” (Шчучын), ансамбль песні “Мілавіца” і хор польскай песні “Радасны звон” (Свіслач), самадзейныя артысты з Поразава і Студзенік.
Па традыцыі пачнецца свята з богаслужэння ў касцёле святога Міхаіла Архангела (у 13.00). Пасля імшы галоўным месцам дзеяння стане тэрыторыя мясцовай сярэдняй школы (з 14.30 да 17.30). Ва ўнутраным дворыку адбудзецца канцэртная праграмма. На школьным стадыёне размесціцца “Горад майстроў” з выставамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва народных майстроў Гродзеншчыны. Непадалёку будзе разгорнуты “Гасцінны падворак”, дзе можна будзе падсілкавацца рознымі смакоццямі і набыць іх “пра запас”. На працягу святочнай праграмы будуць працаваць дзіцячыя атракцыёны. Фінальным акордам свята стане дыскатэка на танцавальнай пляцоўцы Поразаўскага Дома культуры, якая працягнецца з 20.00 да 23.00.
Завітайце ў Поразава заўтра – і самі ўсё ўбачыце і пачуеце.


Свята еднасці поглядаў і роднасці душ

У трэці раз ва ўтульным куточку Свіслаччыны, на багатай традыцыямі і слыннай сваімі ўраджэнцамі поразаўскай зямлі адбудзецца фестываль польскай культуры. Чаму менавіта тут? Напэўна, атмасфера тут асаблівая, а людзі жывуць надзвычай творчыя і добразычлівыя? Каб даведацца пра гэта з першых вуснаў, мы запрасілі да дыялогу мясцовых жыхароў.
Цікава, як у іх сем’ях зберагаюцца польскія народныя традыцыі? Якія святы яны адзначаюць з асаблівымі рытуаламі? Кім з землякоў ганарацца? І наогул, што для іх азначае “палякамі звацца”? Пытанняў было многа, таму размова з субяседнікамі атрымалася цікавай і разнапланавай.

2 верасня – Дзень польскай культуры ў Поразаве

 

Леанід Іванавіч Якута,
электрык Поразаўскай воінскай часткі, з дачкой Марыяй:

– Я родам з Крапіўніцы, мая жонка, Данута Іванаўна, з Целякоў. Выхоўваліся мы ў каталіцкіх сем’ях згодна з усімі рэлігійнымі канонамі. І сваіх дзяцей таму ж вучым: зберагаць усё самае лепшае, што засталося нам у спадчыну ад продкаў. Старэйшы Косця працягвае гэту традыцыю. Ён ужо сваю сям’ю мае, жыве ў Пінску, падарыў нам дзве ўнучкі і ўнука. А малодшая дачушка Марыйка – пакуль што трэццякласніца. Але і яна з вялікай цікавасцю вывучае мову, ведае шмат песень. Мы з яе матуляй у хоры “Ютшэнка” спявалі, што быў створаны пры Доме паляка ў Поразаве. У нашым доме і цяпер на святы, калі збіраюцца госці, гучаць польскія песні “Гэй, саколы”, “Шла дзявэчка до лясэчку”, “Там, над Віслай”… Гэта наша, роднае слова, таму і павінны берагчы яго, як святыню.

2 верасня – Дзень польскай культуры ў Поразаве

 

Гражына ЛАНКОЎСКАЯ, 6-класніца Поразаўскай СШ:

– Самыя галоўныя святы для нас – Каляды і Вялікдзень. Мама гатуе смачныя стравы, выпякае духмяныя пірагі. А яшчэ мы ўсе разам ходзім у касцёл, і гэта кожны раз вельмі значная падзея.
У нашай сям’і польскую мову ведаюць усе, нават мая сястрычка Бажэна, якой споўнілася толькі тры гады. Разам з 5-гадовай Сняжанай яны ўжо вывучылі амаль усе літары польскага алфавіту. Маленькія, а так цікавяцца чытаннем. Часта просяць, каб мы з братам Уладзіславам, ён ужо чацверакласнік, пачыталі ім вершы ці казкі. Мы з радасцю згаджаемся, бо вывучаем родную мову на факультатывах. У школе мы даведваемся пра многія цікавыя факты з гісторыі Польшчы, знаёмімся з правіламі граматыкі, вучымся пісаць і размаўляць па-польску. Разам з настаўніцай Ганнай Іванаўнай Бараноўскай рабіць гэта весела і лёгка.
Помню, калі я была маленькая, мае бабулі Ірына і Часлава расказвалі казкі, спявалі калыханкі на польскай мове. Я таксама люблю спяваць. У дзіцячым хоры “Вясёлыя ноткі”, які пад кіраўніцтвам настаўніцы музыкі і спеваў Вольгі Мікалаеўны Даўгайла раней працаваў у школе, мы вывучылі шмат прыгожых песень. Мне вельмі падабаецца вясёлая і рытмічная песня “Мікіта”. Наогул, з музыкай у мяне асаблівае сяброўства: на конкурсе цымбалістаў у горадзе Ліда, які праводзіўся ў маі, я нават атрымала дыплом другой ступені. Вось мая сям’я за мяне была рада!

2 верасня – Дзень польскай культуры ў Поразаве

 

Юлія ДМУХОЎСКАЯ, маладая мама, з двухгадовай дачушкай Янай:

– У нашай сям’і, як і ва ўсіх веруючых палякаў, шануюцца каталіцкія традыцыі. Хоць дома амаль не гаворым па-польску, з асаблівым пачуццём гэта робім у касцёле, калі прыходзім на службу. Там усе, як адна сям’я, якую яднае і ахінае Божая ласка.
Гавораць, што ўсе палякі вельмі вясёлыя і кампанейскія, вельмі шчыра і добразычліва сустракаюць гасцей. Гэта праўда, я была ў Польшчы і магу гэта сказаць з упэўненасцю. Мае землякі-каталікі такія ж, яны заўсёды ветлівыя і дружныя, дапамогуць у любой бядзе. А яшчэ паразаўчане вельмі творчыя людзі. Гэта спакон вякоў склалася, што ўдаецца ім усё “на выдатна”: і спяваць, і танцаваць, і ткаць, і прасці. У мінулым стагоддзі наш край быў адным з буйнейшых ганчарных цэнтраў, а пра нашых ганчароў – братоў Шопікаў – ведалі не толькі ў раёне, але і за яго межамі. Як не ганарыцца такімі землякамі?!

2 верасня – Дзень польскай культуры ў Поразаве

 

Тамара Віктараўна БАРАНОЎСКАЯ, галоўны бухгалтар УСП “Саўгас “Поразаўскі”:

– Спакон вякоў у нас склалася традыцыя адзначаць каталіцкія святы ўсёй сям’ёй. Напрыклад, на Каляды ў нашым доме збіраюцца ўсе родзічы: з Крапіўніцы прыязджае мама, з Мінска – сын, з Гродна – абедзьве дачкі. Далучаецца да нас мой брат з сям’ёй, якія жывуць у Поразаве. Калі ўзыдзе першая зорачка, гаворым пацеры і сядаем за стол, на якім абавязкова павінна быць 13 посных страў. Звычайна гэта куцця, кісель, грыбныя катлеты, смажаная на алеі рыба, пончыкі... Пасля вячэры едзем у касцёл на пастэрку, а вярнуўшыся дадому, каштуем мясныя стравы. Мае землякі таксама адзначаюць святы ў сямейным коле, бо шануюць традыцыі бацькоў.
Мая мама, Ядвіга Адамаўна Шыманчук, з мнагадзетнай сям’і, у якой было аж восем братоў і сясцёр. Яе бацькі перадалі дзецям усё самае лепшае, што ведалі самі, навучылі не цурацца ніякай работы. Матуля навучылася вязаць і вышываць, ткаць ходнікі, прыгожыя дываны з кветкамі і пасякі (у каляровыя палоскі). Памятаю, як яна ткала на кроснах, а мне давярала перакладваць на іх дошку. Шкада, што цяпер народныя майстрыхі – на пералік, бо маладое пакаленне не вельмі цікавіцца і прадзеннем, і ткацтвам. Але, нягледзечы на ўсё, рамёствы жывуць у народзе, а работы, што ствараюць нашы ўмельцы, – сапраўдныя творы мастацтва. Адно захапленне, калі знаёмішся з выставай! Прыходзьце на свята – самі ўсё убачыце.

2 верасня – Дзень польскай культуры ў Поразаве

 

Марыя Іванаўна САКАЛОЎСКАЯ,
бібліятэкар Поразаўскай бібліятэкі-цэнтра краязнаўства:

– У маёй радні – усе палякі-католікі. Але здараецца, што ствараюцца і змешаныя сем’і, калі муж ці жонка – праваслаўныя. І ведаеце, ніякіх асаблівых адрозненняў, наадварот, ёсць магчымасць адзначаць рэлігійныя святы адразу двойчы!
Кожнае свята ў нас пачынаецца са службы ў касцёле. Так і на Дзень польскай культуры традыцыйна склалася. Лічу, што гэта вельмі сімвалічна.
На мой погляд, развіццё культуры немагчыма без развіцця мовы. І для беларускіх палякаў створаны ўсе ўмовы для гэтага. У школе, да прыкладу, усе жадаючыя наведваюць факультатывы. Мае сыны Аляксандр і Андрэй рабілі гэта з задавальненнем. Папоўніць атрыманыя вучнямі веды дапаможа бібліятэка ў Доме паляка і бібліятэка-цэнтр краязнаўства. У нас у бібліятэчных фондах знаходзяцца больш за 50 выданняў на польскай мове. Мастацкая літаратура прадстаўлена творамі Адама Міцкевіча, Элізы Ажэшка, Генрыка Сянкевіча, Тадэвуша Даленга-Мастовіча, Ежы Путрамента і іншых польскіх пісьменнікаў і паэтаў. Тыя мае землякі, хто мову ведае не вельмі добра, могуць пазнаёміцца з творчасцю польскіх аўтараў у перакладзе. Гістарычныя аповесці Юзафа Крашэўскага ёсць магчымасць прачытаць на польскай і беларускай мовах, творы Станіслава Лема – на рускай мове. Попытам у самых маленькіх чытачоў карыстаюцца энцыклапедычныя выданні для дзяцей, насычаныя маляўнічымі ілюстрацыямі.

 Ларыса САМАРЫНА.

Предыдущая статья

ЕВРОРЕГИОН НЕМАН-2012