banner
Елена Кедик
Редактор  1 квалификационной категории
Чароўнай таблеткі не бывае
00:00 15 Апреля’19
“Здароўе за грошы не купіш” – аднойчы на абедзенным перапынку на гэтую тэму паміж намі, жанчынамі, зайшла спрэчка, у якую ўключыліся літаральна ўсе, хто знаходзіўся ў пакоі для прыёму ежы. Выказванні, разважанні і довады наконт здароўя і фінансавага дастатку гучалі розныя.
Як нядзіўна, але сярод нас знайшліся і тыя, хто лічыць, што за грошы можна набыць не толькі шыкоўную машыну, вялікі двухпавярховы катэдж, моднае аддзенне, але і здароўе. Аднак пераважная большасць маіх субяседніц усё ж пагаджалася з тым, што за грошы купіш амаль усё, але толькі не здароўе.

Чаму “амаль”, ці як па-руску “почти”, мяркую, не патрэбна тлумачыць. Кожнаму з нас добра знаёмыя такія абстрактныя словы, як “шчасце”, “каханне”, “сяброўства”… І іх таксама наўрад ці можна купіць за грошы, хоць людзі розныя бываюць, у тым ліку, якія і кахаюць, і сябруюць дзеля бумажных ці металічных знакаў. Разважаць аб тым, чаго нельга купіць за грошы і наадварот, можна бясконца, аднак, сёння вяртаемся да агучанай тэмы.

Успамінаецца Георгій Агеец з Кусянцоў, які прыехаў у наш раён са сталіцы і круглы год спаў на вуліцы, вёў здаровы лад жыцця, даваў арганізму пэўныя фізічныя нагрузкі, правільна харчаваўся, не меў шкодных звычак. Маё знаёмства з гэтым цікавым чалавекам, як і многіх чытачоў раёнкі, адбылося дзякуючы калезе Ядвізе Кобрынец. Памятаеце яе артыкул “Тарзан з Кусянцоў”, надрукаваны ў 2010 годзе? У ім яна апавядала пра здаровага, моцнага мужчыну Георгія, які спіць на вуліцы (нават у трыццаціградусны мароз), за дзень на веласіпедзе праязджае каля 50 кіламетраў, займаецца плаваннем, прымае сонечныя ванны... Усё гэта ён рабіў дзеля таго, каб захаваць бадзёрасць цела і духу на доўгія гады. Праз нейкі час мы даведаліся, што гэтага чалавека не стала... Аднак хто ведае, як доўга ён пражыў бы ў шумным Мінску без яднання з прыродай, якую Георгій Паўлавіч любіў усім сэрцам.

А вазьміце зорак расійскай эстрады Жанну Фрыске, Юлію Началаву, якіх падкасіла хвароба, і яны вельмі рана пайшлі з жыцця, пакінуўшы дзяцей. Скажаце, у іх не хапала фінансаў?! Не думаю. Зоркі лячыліся не толькі за асабістыя сродкі, ім аказвалі дапамогу бацькі, сябры, прыхільнікі, Першы тэлеканал і іншыя. Напрыклад, Жанна, змагаючыся з хваробай, знаходзілася на лячэнні ў клініках ЗША, Германіі, Кітая, праходзіла рэабілітацыю ў латвійскім горадзе Юрмале. Што тычыцца Юлі, яна таксама мела дастаткова сродкаў на лекі і дарагое лячэнне ў вядомых сучасных клініках розных краін.

І такіх прыкладаў вельмі і вельмі шмат, і ўсе яны сведчаць аб тым, што здароўе за грошы не купіш, хіба што найдаражэйшыя лекі. Таму здароўе неабходна берагчы як самы каштоўны скарб, якім надзелены чалавек. І памятайце, што на 50% яно залежыць ад таго, як чалавек жыве, чым ён займаецца, а гэта значыць, ад ладу жыцця.

Текст: Елена Кедик

Предыдущая статья

Прямую линию с жителями области провел первый заместитель председателя облисполкома Иван ЖУК