banner

Вяртлявая чаратоўка да Латвіі давядзе, альбо Дарожныя заметкі Дзмітрыя Шыманчука

29 Апреля’10
2438

Вяртлявая чаратоўка да Латвіі давядзе, альбо Дарожныя заметкі Дзмітрыя ШыманчукаКрасавік распачаўся Міжнародным днём птушак. Гэтая дата экалагічнага календара прыпадае якраз на першае чысло. З яе нагоды Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нашай краіны ініцыявала правядзенне акцыі па вырабу і вывешванню кармушак і штучных гняздоўяў. Гэта з аднаго боку, а з другога... Я ведаю юнака, для якога назіранне за пярнатымі стала своеасаблівым ладам жыцця.

Ужо некалькі гадоў запар Дзмітрый Шыманчук з Ціхаволі, кажучы без усялякага перабольшання, жыве птушкамі. Падтрымлівае сувязь з такімі ж апантанымі пярнатым царствам членамі грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Фатаграфуе крылатых, падлічвае, назірае, як яны паводзяць сябе ў натуральных пушчанскіх умовах, фіксуе час іх прылёту з выраю, майструе для іх кармушкі і гняздоўі, ласуе ў галодны час. Не дзіва, што з усіх канцоў да вокнаў самавучкі-арнітолага злятаюцца, як дадому, чароды сініцаў і вераб’ёў... А апошнія дванаццаць месяцаў увогуле прынеслі Дзмітрыю шмат адкрыццяў і ўражанняў.


Вяртлявая чаратоўка да Латвіі давядзе, альбо Дарожныя заметкі Дзмітрыя ШыманчукаПадчас летніх канікулаў сябар-студэнт прапана­ваў ціхавольскаму хлопцу паўдзель­нічаць у рабоце па падліку вяртлявай чаратоўкі. Так юны арнітолаг уключыўся ў міжнародны праект па ахове гэтай птушкі, 50 працэнтаў міравой папуляцыі якой прыпадае, дарэчы, на Беларусь. Дзмітрый трапіў у заказнік Спораўскі, што на Брэстчыне. Колькі ж асалоды прынесла неўтаймаванаму аматару птушак, здавалася б, нялёгкая хадзьба па балоце, работа з навігатарамі для ўліку самцоў вяртлявай чаратоўкі, вывучэнне мясцовай расліннасці, закідванне сетак для адлову птушак!

Раскрыла перад Дзмітрыем свае абдымкі і Прыбугскае Палессе. Тут, у лагеры для старшакласнікаў і студэнтаў, прайшлі па-сапраўднаму незабыўныя дзянькі. Самым жа галоўным для хлопца было тое, што яго акружалі такія блізкія па духу аматары-арнітолагі. Гуртам цікавей вандраваць уздоўж азёр, вызначаючы віды птушак. А хадзіць даводзілася нямала: па дванаццаць кіламетраў па балоцістай мясцовасці, і гэта ў поўным абмундзіраванні — у рыбацкіх ботах, з рукзакамі.

Паклікала лета Дзмітрыя і ў Драгічынскі раён, на балота Званец. На гэты раз у кампаніі з каардынатарам праекта па ахове вяртлявай чаратоўкі, прадстаўніком грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Уладзімірам Малашэвічам. Місія была ранейшай: улік птушак. Трэба сказаць, цікавасць да пярнатых сабрала тут не толькі беларусаў, але і братоў-расіян, латышоў. Расійскія навукоўцы на мясцовым матэрыяле здымалі фільм пра “вяртлявую”. І менавіта тут, на Званцы, Дзмітрый пазнаёміўся з латвійскім навукоўцам Оскарсам Кеішсам. Оскарс адразу сярод многіх вылучыў цікаўнага юнака. Што казаць, талент здалёку відаць! І — Дзіма атрымаў запрашэнне ў Латвію. Такіх “абраных” беларусаў, кажучы да гонару нашага юнага земляка, было няшмат (Дзіма ды адзінаццацікласнік з Маларыты). У Латвіі ж на беразе Балтыйскага мора разам з групай арнітолагаў хлопец цэлы кастрычніцкі тыдзень “працаваў” на станцыі акальцоўвання. У “лётны” час, расказвае, за паўтары гадзіны даводзілася прымаць у рукі да трох соцен птушак: трапляліся сініцы, каралькі, дзятлы, крыжадзюбы, слонкі, дразды... Занятак, які па-сапраўднаму заварожвае і акрыляе паклонніка птаства. Ноччу ж адпраўляліся на пошукі соў (дарэчы, адна з самых любімых Дзіміных птушак). Гасцінную ж Латвію Дзіма прывёз дадому на шматлікіх фотаздымках, зробленых у час экскурсій па краіне, у падараваных яму буклетах, кнігах, на дысках...

Вяртлявая чаратоўка да Латвіі давядзе, альбо Дарожныя заметкі Дзмітрыя ШыманчукаСловам, увесь гэты час бацькі Дзімы Уладзімір Яўгенавіч і Святлана Міхайлаўна толькі і паспя­валі сустракаць сына з дарогі і... збіраць у новае падарожжа. У да­важку да ўсяго і спальны мяшок свайму юнаму арнітолагу на­бы­лі. Трэба сказаць, што ўсе Дзіміны пачы­нанні падтрымліваюць не толькі яго галоўныя аднадумцы і сябры — бацькі, але і настаўнікі (асабісты дзякуй дырэктару Дабравольскага ВПК ДС-САШ Людміле Уладзіміраўне Петрасян).

А сёння... Дзмітрый працягвае жыць птушкамі. Па-ранейшаму прападае ў лесе, на рэчцы — там, дзе ёсць птушкі. Паглыбляе свае веды пра пярнатых, і галоўны падказчык у гэтай справе для яго — сама прырода. Удзельнічаў у IV раённай навукова-практычнай канферэнцыі сярод вучняў. Яго работа “Паразіты птушак” у секцыі “Біялогія, хімія, экалогія” адзначана дыпломам І ступені. “Тэарэтычна ў адной птушкі можа быць да 50 паразітаў, — з юнацкім запалам апавядае Дзмітрый. — У час падрыхтоўкі матэрыяла знайшоў 49”. У аснову работы ляглі “латвійскія” назіранні.

Дзіма — пастаянны карыстальнік разнастайных “птушыных” сайтаў, у тым ліку і сайтаў ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Дарэчы, адзін з іх створаны і ў Гродзенскай вобласці, дзейнічае ўжо год. Па прапанове ціхавольскага арнітолага на ім сістэматычна падаюцца феналагічныя назіранні па прылёту птушак з выраю.

...У першыя дні мая ў Тураве пройдзе традыцыйнае свята птушак, спаборніцтвы па фотапаляванню. Грэе Дзіму ўспамін пра акальцаваных ім летась тураўскіх буслоў, пра адкрыццё ў горадзе помніка куліку-марадоне, пра самую вялікую ў Беларусі тураўскую калонію белых чапляў... Няма сумненняў, калі б не напружаны перыяд выпускных і ўступных экзаменаў, ён быў бы там і сёлета...

Р. S. Поспехаў табе, Дзімка, ва ўсіх справах! Заставайся сабой, не губляй сваёй самасці — яна табе да твару!

Наталля КОМАР.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА і Дзмітрыя ШЫМАНЧУКА.

На здымках: Дзмітрый Шыманчук; «У госці» да буслоў; беларусаў і латышоў яднае арніталогія.

Предыдущая статья

Их согрела «Вясёлка»