banner

Калі ў чалавека ёсць мара, у яго вырастаюць крылы

03 Июня’09
2511

Калі ў чалавека ёсць мара, у яго вырастаюць крылыЯ люблю бываць у Дабраволі ў тую пару, калі цвіце бэз. Яго пах прываблівае сотні пчолак, і іх гул кружыць галаву. А прыгажосць расцвіўшых галінак прыдае вёсачцы свой каларыт. Думаецца, даўным-даўно нехта з жыхароў прывёз сюды куст бэзу, пасадзіў у сябе ля веснічак, а на наступную вясну падзяліўся адросткам з суседам. Так і пайшло. Цяпер кожнай вясною ўся вёска ўтоплена ў квітнеючым бэзе. Такое хараство, што вачэй нельга адарваць...

Сама вёсачка чыстая і ўтульная. Нават каля сядзіб, дзе ніхто не жыве, чысціня і парадак. Адчуваецца ва ўсім гаспадарлівая жаночая рука старшыні Дабравольскага сельскага Савета Таццяны Фёдараўны Ярашэвіч. Як толькі пачынае ласкавей прыграваць сонейка, яна са сваімі памочнікамі з хаты ў хату ідзе да жыхароў, заклікае правесці суботнікі па добраўпарадкаванню сядзіб, мясцовых могілак, царквы, тэрыторыі клуба, магазіна.

Дбайныя гаспадары жывуць у Дабраволі. У народзе кажуць, відна пана па халявах, так і дом сям’і Ляшчукоў відаць здалёк. Святаслаў Мікалаевіч і Галіна Яўгеньеўна сёлета адзначаюць 25 гадоў сумеснага жыцця.

Так хутка гады праляцелі. А здаецца, учора такімі маладымі былі.

Яна худзенькай дзяўчынкай пасля заканчэння Жалудокскага медвучылішча прыехала ў Дабраволю. Святаслаў працаваў вадзіцелем у калгасе і, сустрэўшы аднойчы прыгожую “медзічку”, прырос да яе сэрцам назаўсёды.

Дваіх дзетак выхавалі: дачушку і сына. І зараз Галіна Яўгеньеўна разам з дачкой працуюць у Дабравольскім доме-інтэрнаце для састарэлых.

А вось у доме, які выдзяліў Ляшчукам калгас, яны жывуць больш за 18 гадоў. Ладны, прыгожы будынак, драўляны плот, фігурна выразаны дошчачка ў дошчачку гаспадаром. Вольны час можна бавіць у цудоўнай альтанцы. І хоць кветнікі і “альпійскія” горкі — гэта “заслуга маіх дзяўчат”, як кажа Святаслаў Мікалаевіч, свае рукі ён прыклаў і да гэтага хараства. Розныя камяні і каменьчыкі, кусты і хвойныя расліны — гэта гаспадара здабыткі.

За плячыма ў Святаслава Мікалаевіча больш за 25 гадоў вадзіцельскага стажу. Апошнім часам возіць на аўтобусе дзяцей з навакольных вёсак у Дабравольскую школу, а малых — у дзіцячы сад у Свіслач. Па складу характару чалавек ён адкрыты, добразычлівы, шчыры. Любіць паразмаўляць, расказаць байку ці цікавы выпадак са свайго жыцця.

А яшчэ ёсць у Святаслава Мікалаевіча хобі — разьба па дрэве. І ўсе вольныя часіны ён аддае любімай справе. Далёка не кожны з нас у нарасці на дрэве ці ў якім-небудзь карчы можа разгледзець тую прыгажосць, што залажыла прырода. А ён можа. І не толькі разгледзець, а і давесці гэты кавалак дрэва да такога стану, каб ім любаваліся іншыя. З-пад рук майстра выходзяць дзіўныя вазы, прыгожыя цукерніцы, столікі, падставачкі, падсвечнікі, цэлыя карціны. Зрабіў нават вялікае крэсла, падобнае на царскі трон. Усё гэта заварожвае і займае дух. І толькі дзіву даешся, колькі душы і працы ўложана...

Актыўна ўдзельнічае майстар-разьбяр у раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах, бывае за мяжой, знаходзіць час, каб сустрэцца з сябрамі-аднадумцамі, і выношвае ў сабе сваю мару.

А марыць Святаслаў Мікалаевіч аб сваёй вясковай выставачнай галерэі, дзе б не толькі вяскоўцы, а і заезджыя турысты дакрануліся да драўлянага хараства, а ён бы мог жадаючым даць майстар-клас...

Калі ў чалавека ёсць мара — у яго вырастаюць крылы і жыве ён тады натхнёна. Веру, што Святаслаў Мікалаевіч мары свае здзейсніць...

М. САМАЛЕВІЧ,

в. Грынкі.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Талантливые и творческие