banner

Ханявіцкія бліны – вельмі смачныя яны

29 Июня’24
442

Аграгарадок Ханявічы. Свята квашаных бліноў! На такім фэсце пашчасціла быць першы раз. Здзіўлення майго і захаплення не стрымаць. На працягу амаль трох гадзін гучала ода бліну і не простаму, а квашанаму. Ці вы пра такі чулі? Можа, і чулі, а ці каштавалі? А вось мне пашанцавала! Шчыра кажу, такія смачныя незвычайныя бліны давялося смакаваць першы раз. А колькі ж іх было на свяце! І з якімі толькі начынкамі іх паняпякалі мясцовыя гаспадынькі, і як толькі іх не пазакручвалі, і з чым толькі не падавалі. Вось дзе фантазія, вось дзе выдумка! Адным словам, малайцы ханявіцкія блінапёкі! 




Сёлета гэтаму цудоўнаму фэсту споўнілася пяць гадоў. Невялікі, але юбілей! Гаспадынькі з аграгарадка стараліся адна перад адной. І хоць існуе такая прымаўка, што першы блін заўсёды комам, гэта ніяк не датычыць ханявіцкіх бліноў. Усе яны былі румяныя, духмяныя, смачныя, на любы густ. Другімі словамі, свята ўдалося на славу. А ўжо на другі год геаграфія блінапёкаў пашырылася, сваім майстэрствам вырашылі падзяліцца гаспадынькі з навакольных вёсак і завіталі на свята са сваімі блінамі, якія былі не меш смакавітымі за мясцовыя. Вось так і павялося, з кожным годам да свята далучаліся ўсё новыя і новыя ўдзельнікі і кожны са сваёй выдумкай. Так пайшла слава пра ханявіцкае свята бліноў па ўсяму раёну, потым вобласці і нават рэспубліцы. Вось які вялізны “блін” атрымаўся: за раз не з’есці.

Сёлета ў Ханявічы прыехалі гаспадынькі з Вялікага Сяла, Вердамічаў, Свіслачы, а таксама з пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна і нават з Мінска.  

А яшчэ, вось дык цуда! Пачуўшы духмяны пах бліноў, на свята прыляцеў Карлсан, які жыве на даху. Ну і не дзіва, гэты пах разносіўся па ўсяму наваколлю. Спачатку ўсіх вітала гаспадынька свята Алена Пісар на вуліцы. Яна ж прадставіла шаноўных гасцей. А гэта старшыня Ханявіцкага сельвыканкама Браніслаў Дзічкоўскі, намеснік дырэктара цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Дзянісава, метадыст аддзела метадычнай работы і пазастацыянарнага абслугоўвання ЦКіНТ Ірына Русак і настаяцель храма Ражства Найсвяцейшай Багародзіцы ў Лыскаве айцец Аляксандр. Ім жа было прапанавана быць членамі журы. Шчырыя словы віншавання сказаў кожны госць удзельнікам свята.  

У фае клуба размясцілася блінная карчомка, дзе адбылася выстаўка-дэгустацыя вырабаў з мукі. Тут было на што паглядзець! На сталах, накрытых прыгожымі абрусамі, стаяла столькі смакоцця, прыгатаванага з мукі, а таксама разнастайных салодкіх напояў, што нельга было не здзіўляцца. А за сталамі сядзелі аўтары тых смакоццяў. І гэта былі не толькі блінапёкі з багытым вопытам, але і маладыя гаспадынькі і, нават зусім юныя дзяўчаткі, якім таксама хацелася паказаць сваё ўменне ў выпяканні бліноў і другіх мучных цудаў. Журы выпала прыемная аказія паспрабаваць на смак усіх гэтых смачнасцей.   Гаспадынькі вельмі стараліся здзівіць, і гэта ў іх атрымалася!










І вось усё госці запрашаюцца ў глядзельную залу, дзе іх чакае яшчэ шмат прыемных неспадзянак. Гучаць песні ў выкананні мясцовых артыстаў, а таксама салістаў са Свіслачы. Тым часам пяць гаспадыняк рыхтуюцца да конкурсу “З пылу, з жару”. У асобным пакоі выпякаюцца бліны па старажытнаму рэцэпту, якому ўжо больш за сто гадоў. Рэцэпт не мяняецца, толькі дадаецца сакрэтны інгрэдыент. У кожнай жанчынкі ён свой і нікому не выдаецца. І вось ужо нясуць гаспадынькі на вышытых ручніках свае шэдэўры. Рыта Белаус  і Наталля Кастрова з вёскі Падчарнейкі, Ірына Латыш з Ханявічаў, Таццяна Лысоўская з Мінска і Ніна Сакольчык з пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна. Іх духмяныя гарачыя бліны-бліночкі аддаюцца на суд журы. Жанчынкі падымаюцца на сцэну і дзеляцца вопытам выпякання бліноў.

Не, не ўдалося журы вызначыць лепшую з лепшых гаспадыньку. У кожнай свой каларыт, свой непаўторны смак выпячаных бліноў. Кожная атрымлівае дыплом і падарунак ад Браніслава Дзічкоўскага і сімвалу свята – румянага квашанага Бліночка.

А як жа гаспадынькі бліннай карчомкі? Пра іх таксама не забыліся. А гэта Зоя Ярмолік, Любоў Фунт, Зінаіда Анісеня, Браніслава Белаус, Рыта Белаус, Наталля Кастрова, Жанна Даськова, сям’і Латыш і Коваль, Ірына Шашэль, Дар’я Шчурская, Мілана Ярмолік (самыя маладзенькія гаспадынькі). Дзяўчаты з аматарскага аб’яднання “У самавара” Вердаміцкага сельскага філіяла-клуба, а тасама калегі з Велікасельскага філіала-клуба. Гаспадынькі атрымалі дыпломы і падарункі. А затым усе разам заспявалі гімн ханявіцкага свята “Ой, бліны, бліны, бліны...” 


Але на гэтым свята не скончылася. Яго яркім фіналам стала незвычайная танцавальная праграма, на якой усе жадаючыя змаглі навучыцца даўнім танцам.”Танцуем, як калісь” – вось як называлаася тая незвычайная “дыскатэка”.

Падобныя святы ў нашых вёсках адбываюцца ўсё часцей. І гэта цешыць, бо яны аб’ядноўваюць вяскоўцаў, адкрываюць іх таленты, акунаюць у мінулае, дапамагаюць адрадзіць старадаўнія звычаі і абрады. А іх у нашай Беларусі так шмат, і ўсе яны такія прыгожыя, непаўторныя, самабытныя. Няхай вучацца ім нашы дзеткі, унукі, каб з цягам часу маглі перадаць сваім нашчадкам. 

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара   

Предыдущая статья

«Накрыли» ещё один самогонный аппарат