banner

Хадзілі ў паход партызаны

05 Апреля’10
2411

Хадзілі ў паход партызаныХадзілі ў паход партызаныВаенны лёс звязаў на ўсё жыццё Віктара Іванавіча Раманцэвіча і Яўгена Арсеньевіча Калдунова. Разам партызанілі: абое былі радыстамі-шыфравальшчыкамі ў партызанскім атрадзе “Камсамол Беларусі” партызанскай брыгады імя Кастуся Каліноўскага. Пасля вайны працавалі ў Свіслачы. Жыццёвыя дарогі прывялі былых партызан і ў раённую газету “Заветы Ильича”.

Многае ў іх асабістых біяграфіях аднолькавае, нават год нараджэння – 1923-і. Віктар Іванавіч родам з Магілёўшчыны. Яўген Арсеньевіч нарадзіўся ў Віцебску. Яны належалі да таго пакалення, чыё юнацтва было апалена вайной. З маладым запалам па закліку Айчыны яны ўсталі на яе абарону. А было абаім па 17 гадоў.

У чэрвені 41-га Віктар Іванавіч Раманцэвіч закончыў Мсціслаўскую сярэднюю школу і адразу ж стаў у рады абаронцаў Радзімы. Прысяга, курсы па паскоранай праграме ў Тамбоўскім пяхотным вучылішчы – і Віктар – малодшы лейтэнант. Белымі ніткамі, таму што не было сапраўдных знакаў адрознення, вышыў на пятліцах кубік. І ў канцы верасня ён ужо на Заходнім фронце – пад Масквой. Недзе тыдзень прабыў тут – і зноў у дарогу, у Іванаўскую вобласць. Тут фарміраваліся спецыяльныя воінскія падраздзяленні для абароны Масквы. У складзе 329-й стралковай дывізіі 1130 стралковага палка змагаўся за сталіцу і малодшы лейтэнант памочнік камандзіра ўзвода Віктар Раманцэвіч.

– У гэтых, здавалася б, неверагодна цяжкіх умовах у кожнага абаронца Масквы было адзінае жаданне – любой цаной, нават цаной уласнага жыцця, адстаяць сталіцу, – успамінаў ветэран. – Грохат гармат, дым. Здавалася, зямля гарэла і нельга было дыхаць. І маналіт сэрцаў, аб які разбіваліся ўсе спробы ворага прарвацца да Масквы. Гітлераўцы да таго ж масіравана бамбілі, скідалі лістоўкі: сдавайцеся, вы асуджаны на смерць. А хлопцы ў адказ на гэта спявалі:

Не смять богатырскую силу,

Могуч наш заслон огневой.

Мы выроем немцу могилу

В туманных полях под Москвой.

Хадзілі ў паход партызаныУ баях за Маскву Віктар Іванавіч атрымаў раненне. Спачатку госпіталь у Маскве, потым быў перапраўлены далечвацца ў Курганскую вобласць. У строй вярнуўся толькі ў красавіку 1942 года.

Адразу пасля выздараўлення з мая па верасень – ён, адгукнуўшыся на заклік ЦК КПБ змагацца ў тыле ворага на акупіраванай тэрыторыі Беларусі, становіцца курсантам Асобага Беларускага збора, а з верасня па сакавік 1943-га – курсант спецшколы № 3 Цэнтральнага штаба партызанскага руху. У гэты ж час тут праходзіць курс навучання і Яўген Арсеньевіч Калдуноў. У Маскве перасякліся назаўсёды жыццёвыя лёсы гэтых людзей.

Каб было зразумела, да выканання якой задачы рыхтавалі курсантаў, нагадаем сітуацыю, якая ў той час склалася ў партызанскім і антыфашысцкім руху на нашай тэрыторыі.

Умовы тут былі своеасаблівыя. Ужо 21 ліпеня 1941 года па загаду фюрэра нямецка-фашысцкія захопнікі вылучылі тэрыторыю заходніх раёнаў рэспублікі ў асобную адміністрацыйную адзінку і ўключылі ў склад Усходняй Прусіі. Мяжа акругі праходзіла на ўсход па рацэ Зяльвянка і далей на поўнач да Літвы. Такім чынам, сюды ўваходзілі Ваўкавыск, Зэльва, Масты, Шчучын, Жалудок, Астрына, Бакшты, Бершты і іншыя населеныя пункты на захад нашай вобласці і Беластоцкага ваяводства. Фашысты стварылі тут густую сетку гарнізонаў, знішчылі шмат населеных пунктаў у Белавежскай пушчы. Жыхары падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям.

Хадзілі ў паход партызаныМірнае насельніцтва , партызанскія і савецкія работнікі, былыя члены КПЗБ, камсамольцы, ваеннаслужачыя Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне, змагаліся супраць захопнікаў. Аднак атрады і групы дзейнічалі разрозненна, былі слаба ўзброены, не мелі сувязі з цэнтральным кіраўніцтвам. Па гэтай прычыне страты пры правядзенні аперацый былі вялікія.

Лютаўскі (1943 год) Пленум ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне перакінуць у Беластоцкую вобласць падпольны абкам партыі і буйное партызанскае падраздзяленне. З мэтай аб’яднання палітычнага і ваеннага кіраўніцтва антыфашысцкім рухам у Беластоцкай вобласці ў ліпені 1943 года былі створаны Беластоцкі падпольны абласны камітэт партыі і абласны штаб партызанскага руху. Сакратаром абкама стаў Самуцін, а камандзірам Беластоцкага партызанскага злучэння – кадравы афіцэр Ф. Ф. Капуста.

З успамінаў Сяргея Васільевіча Чудзінава, былога начальніка штаба партызанскай брыгады імя Кастуся Каліноўскага:

“Адразу пасля лютаўскага пленума ЦК КП(б)Б, што адбыўся ў 1943 г., я трапіў у спецшколу Беларускага штаба партызанскага руху ў Маскве. Тут 26 сакавіка быў сфарміраваны дэсантны партызанскі атрад. Яго камандзірам стаў М. К. Вайцахоўскі. ...Перад намі была пастаўлена задача вылецець у Беластоцкую вобласць для пашырэння партызанскага руху ў вобласці. Было нас 37 чалавек, і ўсе выдатна стралялі, дасканала ведалі айчынную і замежную зброю, выдатна авалодалі падрыўной справай. Да таго ж былі фізічна моцныя, добра ўзброеныя і апрануты ў дэсантную форму.

Хадзілі ў паход партызаныІ вось красавік. Наш атрад “Кузнецкія металургі” (з 3 студзеня 1944 г. перайменаваны ў “Камсамол Беларусі”) з падмаскоўнага ваеннага аэрадрома двума рэйсамі быў дэсантаваны ў Івянецкую пушчу. Тут нас чакалі і сустрэлі партызаны Баранавіцкай зоны на чале з сакратаром падпольнага абкама партыі В. Я. Чарнышовым. Адпачыўшы, адправіліся пад Гродна і прыпыніліся ў лясах Ліпічанскай пушчы каля в. Шасцілы.

...Чуткі аб прыходзе нашага атрада адразу разышліся па ўсіх вёсках і партызанскіх стаянках. Да нас сталі прыходзіць партызаны, камандзіры, камісары атрадаў. Усім хацелася пачуць пра Маскву. Нас жа цікавілі варожыя гарнізоны, настрой насельніцтва. За дзень да нашага прыбыцця фашысты спалілі в. Чарлёна, а жыхароў расстралялі. Мы ўсім атрадам пайшлі ў спаленую вёску, сваімі вачамі ўбачылі ўчыненае зверства над безабароннымі людзьмі. Радысты Віктар Раманцэвіч і Яўген Калдуноў перадалі ў Маскву пра ўсё, што мы ўбачылі ў гэтыя дні”.

Вось як успамінае тыя векапомныя дні радыст дэсантнага партызанскага атрада Віктар Іванавіч Раманцэвіч:

“На шляху да зоны дзеяння Шчучынскага злучэння мы праводзілі дыверсіі на чыгунках Гродна – Беласток, Гродна – Масты, Беласток – Сувалкі, рабілі засады на дарогах, знішчалі масты, камунікацыі праціўніка. 3 верасня 1943 года на беразе ракі Шчара ля вёскі Шасцілы недалёка ад партызанскай зоны высадзіліся карнікі. Батальён СС раптоўна пачаў пераправу цераз раку. Гэта магло б скончыцца для нас дрэнна. Не звяртаючы ўвагу на смяротную небяспеку, Фёдар Крупіца і Канстанцін Ганчарук прыбеглі ў атрад і паведамілі камандаванню пра задумку фашыстаў. Хутка застракаталі кулямёты і аўтаматы. Пачаўся бой. Сілы былі няроўныя. Супраць батальёна стаяла ўсяго 25 дэсантнікаў. Каля 100 гітлераўцаў знайшлі магілу на шасцілаўскім полі. Фашысты адышлі за Шчару. У гэтым баі загінулі ад’ютант Міхаіл Шышкін і разведчык Іван Папоў. У вёсцы Зачэпічы ім пастаўлены помнік.”

Восенню 1943 года быў завершаны рэйд Беластоцкага злучэння са Слуцкай партызанскай зоны ў Беластоцкую вобласць. У склад злучэння на той час уваходзілі 4 брыгады і 4 самастойных атрады, якія налічвалі звыш 1500 чалавек.

5 лістапада 1943 года у час знаходжання ў Ліпічанскай пушчы абласны штаб партызанскага руху стварыў новую партызанскую брыгаду “Пралетарская”. Месцам яе дзеяння былі раёны Саколкі, Крыніц, В. Бераставіцы, Свіслачы, Беластока, Кнышына і Граева.

Камандзірам брыгады прызначаны М. К. Вайцахоўскі, камісарам – Я. Г. Осіпаў, а начальнікам штаба – С. В. Чудзінаў.

Брыгада дзейнічала ў мясцовасці, цесна звязанай з імем ураджэнца гэтай зямлі, рэвалюцыянера-дэмакрата К. Каліноўскага. Па гэтай прычыне 21 снежня 1943 года яна была перайменавана ў брыгаду імя Кастуся Каліноўскага.

Партызаны брыгады вялі адважную барацьбу з ворагам, дэзарганізоўвалі транспарт, знішчалі прадукцыю фабрык, прызначаную для фронта, ваенныя склады, тэлефонную і тэлеграфную сувязь.

Хадзілі ў паход партызаныАрхіўныя дакументы сведчаць, што на ліпень 1944 года партызанамі брыгады імя Кастуся Каліноўскага было падорвана 107 паяздоў, 112 паравозаў, 1142 вагоны і платформы. Брыгада ўдзельнічала ў 39 баях, падрыхтавала 43 засады, знішчыла звыш 7 тысяч фашыстаў, узяла ў плен 93.

Радысты партызанскай брыгады Віктар Раманцэвіч і Яўген Калдуноў перадавалі ў Маскву каштоўныя звесткі аб абстаноўцы ў раёне размяшчэння брыгады, аб перамяшчэнні варожых войск, іншую стратэгічную інфармацыю.

А з Масквы прымалі і запісвалі зводкі Савінфармбюро, загады Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, размнажалі іх ад рукі і перадавалі ў рэдакцыі падпольных газет “Свислочская правда”, “Белостокская правда” і іншыя.

За заслугі перад Радзімай у гады Вялікай Айчыннай Віктар Іванавіч Раманцэвіч узнагароджаны ардэнамі Айчыннай вайны І ступеніі і Чырвонай Зоркі. Яўген Арсеньевіч Калдуноў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

На стэндзе ў рэдакцыі сярод здымкаў супрацоўнікаў – і іх фота. Віктар Іванавіч працаваў у газеце нядоўга, але сувязь з ёй не губляў усё жыццё, многа пісаў у рэдакцыю, узначальваў ваенна-патрыятычны клуб “Прысяга”, які дзейнічаў пры газеце.

Яўген Арсеньевіч аддаў свіслацкай раёнцы 23 гады. З 1945 па 1950 гады ён працаваў адказным сакратаром свіслацкай раённай газеты “За Родину” і адначасова дыктарам раённага радыё. Менавіта Яўген Арсеньевіч быў першым радыёжурналістам у Свіслачы. Як успамінала былая загадчыца аддзела прапаганды і агітацыі Свіслацкага РК КПБ М. А. Гайдучак, калі пачыналася перадача раённага радыё, яе маці заўсёды клікала дзяцей: “Ідзіце слухайце. Наш свіслацкі Левітан гаворыць”. Параўнанне са знакамітым дыктарам невыпадковае. Прырода надзяліла Яўгена Арсеньевіча выдатным дыктарскім голасам. Старажылы Свіслачы яшчэ памятаюць, як Калдуноў дэкламаваў са сцэны “Стихи о советском паспорте” У. Маякоўскага і такога блізкага па перажытым К. Сіманава “Ты помнишь, Алеша, дороги Смоленщины?..”. Зала яму апладзіравала стоячы.

Астатнія пятнаццаць гадоў жыцця Яўген Арсеньевіч працаваў намеснікам рэдактара. Яго адметнымі рысамі былі шырокая эрудыцыя, фенаменальная памяць, энцыклапедычныя веды. Нездарма ў Свіслачы Калдунова называлі “хадзячай энцыклапедыяй”.

Яўген Арсеньевіч Калдуноў пайшоў з жыцця 15 сакавіка 1980 года. На дзесяць гадоў перажыў свайго паплечніка Віктар Іванавіч Раманцэвіч, яго не стала 10 красавіка 1990 года. Абое пахаваны на могілках у Свіслачы.

Ядвіга КУРЫЛА.

 

На здымках: Я. А. Калдуноў; В. І. Раманцэвіч; пасведчанне партызана Я. А. Калдунова; Я. А. Калдуноў за работай; Я. А. Калдуноў (4-ы злева ў 1-м радзе) і В. І. Раманцэвіч (1-ы справа ў 1-м радзе) у дзень 25-годдзя газеты (1968 г.); В. І. Раманцэвіч (у цэнтры) на першамайскай дэманстрацыі.

 

Ад аўтара. Выказваю ўдзячнасць Віктару Віктаравічу Раманцэвічу і Але Яўгенаўне Сцяпанавай за прадастаўленыя рэдакцыі матэрыялы і фотаздымкі.

Предыдущая статья

В борьбе за Кубок — вторые