banner

"Відаць, лёсам так наканавана"

11 Мая’09
2071

"Відаць, лёсам так наканавана"Сёння не злічыць тых, каго Вялікая Айчынная вайна пазбавіла дзяцінства і юнацтва, заставіла перажыць страту родных і дарагіх людзей. Замест таго, каб любавацца роднымі краявідамі, яны бачылі папялішчы, руіны, пажары...

Не ў сілах выкрасліць з памяці падзеі вайны Надзея Рыгораўна Лінкевіч (Пекар). Яна са слязамі на вачах расказвае родным, як трапіла з братам Міцем да немцаў у турму і цудам засталася жывой. «Відаць, лёсам так наканавана», — гаворыць Надзея Рыгораўна.

У вайну Надзя з сям'ёй жыла непадалёк Міхалак на хутары Ліпіны. У той час хутары для партызанаў з'яўляліся прыстанішчам, дзе заўсёды можна было не толькі схавацца ад ворага, але і падсілкавацца.

— Акурат на Грамніцы бацькі выбраліся ў Свіслач на базар, — пачала свой расказ Надзея Рыгораўна. — У хаце засталіся я і малодшы брат Міця. Незадоўга пасля ад'езду бацькоў прыйшлі партызаны. Мы з братам, пакінуўшы іх, сабраліся ісці ў суседняе сяло. Толькі адыйшлі, бачу, едуць на наш хутар немцы. А ў мяне ў галаве думка: там жа партызаны! Я хутчэй дамоў пабегла, немцы за мною. Нешта ў след крычалі, а потым уверх пачалі страляць. Пакуль я дабегла дахаты, партызаны ў лес уцяклі. Немцы, заўважыўшы іх на ўскрайку, кінуліся на конях за імі, але дагнаць не дагналі. Доўга мяне з братам немцы кульбай лупцавалі па плячах, прыгаворваючы: «Бандытаў карміла». Затым пагрузілі з Міцем у воз і павезлі.

...У тартаку, куды нас прывезлі, сустрэўся адзін немец, які жэстамі паказваў: будуць вас біць, а потым возьмуць і павесяць. Нас ніхто не павесіў, але крыві «выпілі» нямала, а асабліва, калі ў Свіслач даставілі. Пакладуць на стол, адзін немец трымае за галаву, другі — за ногі, а два «цапы» па чарзе малоцяць пугамі. І так нас да трох раз з братам малацілі. Месца на мне жывога не было, уся ў пухліне. Некалькі сутак трымалі, пакуль пухліна не зыйшла, а потым мяне і шасцёра мужчын пераправілі ў Ваўкавыск.

У турме я наймалодшай была. Падлогу застаўлялі мыць, ад болю на каленках поўзала, а немцы нагамі падштурхоўвалі, каб рухалася хутчэй. Нас, малалетак, не зачапалі, а старэйшых кудысьці ў Германію вывозілі. Многія і не вярнуліся адтуль. Потым нас выпусцілі. Злупцавалі так, ледзь ногі цягнулі. Немцы загадалі, каб нікому не гаварылі, што ў турме былі, нібы з працы вяртаемся. Нас забралі на Грамніцы, а прыйшлі дахаты, калі ўсе адсеяліся. Божа ж мой, а як ішлі. Блудзілі па Ваўкавыску. Адну ноч на хутары ў бабулі начавалі, яна накарміла, абагрэла нас. Давялося і ў лесе, у чыстым полі ночкі каратаць.

Мой бацька Рыгор Рыгоравіч ваяваў, у палоне ў немцаў быў, дахаты інвалідам вярнуўся. Узнагародаў шмат у яго было.

Не дай Бог, як у вайну жылося.

Запісала Алена КЕДЗІК.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Вердаміцкі парк