banner

Вердаміцкі парк

11 Мая’09
2314
Вердаміцкі паркНа конкурс

"7 цудаў Свіслаччыны"

 

Вердаміцкі парк па праву можа прэтэндаваць на адно з цудаў Свіслаччыны, бо яго планіроўка не мае аналагаў з іншымі помнікамі сядзібна-паркавага мастацтва, якія захаваліся ў раёне. Іншая справа, што ў цяперашнім стане кампазіцыйная пабудова парка губляецца. Але будзем спадзявацца, што некалі мы пабагацеем і знойдзем сродкі, каб аднавіць гэты цікавы куточак на ўскрайку Вердамічаў, тым больш, што праект па аднаўленні парка распрацаваны, ды і спробы прыступіць да яго реалізацыі прадпрымаліся. Гэта справа перспектывы, якая, мяркую, абавязкова будзе зроблена, бо інакш нас не поймуць нашы нашчадкі.
Колькі слоў аб асаблівасцях парка. Ён акружаў сядзібу (на здымку) роду Талочкаў. Яна з’яўлялася кампазіцыйным цэнтрам парка. Перад домам з паўднёвага боку размяшчаўся партэр з традыцыйным кругам. На ім раслі вязы, ліпы, рабіна звычайная, елка, каштан конскі, сасна веймутава. Парк ствараўся ў некалькі этапаў.
У яго паўднёвай частцы размяшчаўся круг для выездкі коней, абсаджаны фармаваным грабам.
Вердаміцкі паркУ аснову паркавых кампазіцый пакладзена складаная водная сістэма замкнутага тыпу. Яна ўключала ручай, канал, па якому вада паступала з навакольных палёў, сістэму вадаёмаў рознай велічыні, злучаных пратокамі паміж сабою і ракою Рось. Вялікія і малыя сажалкі выцягнуты ў выглядзе ланцуга ўздоўж усходняй мяжы парка. Самая вялікая сажалка займае цэнтральнае месца ў кампазіцыі, каля яе берага размяшчалася вежа палаца. Акцэнтам воднай кампазіцыі з’яўляецца востраў, да якога вёў перакідны мост.
Асноўная пейзажная частка парка размешчана на паўночны захад ад сажалак. Па перыметры – ліпавая алея. Асаблівасць кампазіцыі – раскрыццё пейзажаў з прагулачнага шляху па перыметры парка. Групы дрэў, якія чаргуюцца з невялікімі палянамі, удала размешчаны і добра бачны з розных кропак па шляху праходжання. У склад гэтых груп уключаны віды з улікам дэкаратыўнасці на працягу ўсяго сезона.
Ад партэра, які перасякае парк у паўночным напрамку, праходзіць ліпавая алея.
Вердаміцкі парк вылучаецца дасканаласцю пейзажнай планіроўкі па тыпу тэрас, апрацоўкай кампазіцыйных дэталей. Цікава было б даведацца пра асобу, якая распрацавала гэты архітэктурны праект, на жаль, ніякіх звесткаў на гэты конт мы не маем. Парк з’яўляецца помнікам гісторыі і культуры.

Падрыхтавала да друку Ядвіга КУРЫЛА.

 

Предыдущая статья

По новым правилам в Россию