banner

Партызанка Ганя

07 Марта’09
2445

Партызанка ГаняГанна Цімафееўна Грэцкая праз тыдзень адзначыць сваё 85-годдзе. Доўгі шлях за спіною і цярністы. Лёс неаднойчы пасылаў ёй выпрабаванні, але яна прайшла праз іх годна. Не сорамна азірнуцца назад, толькі ад успамінаў болем заходзіцца сэрца...

Ганя, Ганечка – так клікалі яе мама з татам, так называў і любы Мікола. Яны пабраліся перад самай вайной, але цешыцца адно адным не прыйшлося. Вайна праклятая зруйнавала іх шчасце, скалечыла, знішчыла.

Іх сяло Агдэмер, што ў Драгічынскім раёне, занялі немцы. І многія пачалі ўцякаць у партызаны. Цэлымі сем’ямі ішлі ў лес, хаваліся ад ворагаў. У Ганны з Мікалаем толькі-толькі дзіцятка нарадзілася, сынок Міколка. А тут немцы прыйшлі, забралі Мікалая і загадалі ў паліцыі служыць, зброю далі. Але не такі быў Мікалай, каб пад іх дудку скакаць. Аднойчы забраў сваю Ганю з дзіцяткам і разам з той зброяй да партызанаў уцёк.

Атрад насіў імя Калініна, брыгада — Молатава. Там і жылі яны, пакуль тыф не пачаў касіць людзей. Не ўратаваліся ад хваробы і Ганя з сыночкам. Можа, каб сама не захварэла, то змагла б зберагчы дзіцятка, але раптам злегла, а да тыфу яшчэ і запаленне лёгкіх дабавілася. Забралі іх у партызанскі шпіталь. Хаця, які там шпіталь, хата вясковая і на падлозе салома замест ложкаў. Не выжыў сынок, памёр хутка. Вядома ж, слабенькі быў, нядужы, яшчэ і гадочка не споўнілася. Муж пахаваў хлопчыка і не спадзяваўся, што жонка выжыве, але ж, на шчасце, ачуняла, паднялася.

Немцы лютавалі: расстрэльвалі, вешалі, катавалі. Вёска непадалёку была, Тутава, дык прыехалі аднойчы фашысты, пазганялі ўсіх жыхароў, а потым 24 чалавек выгналі за сяло і расстралялі. Шмат людзей адвозілі ў Мінск і там у Зялёным Лузе расстрэльвалі. Але партызаны не заставаліся ў доўгу. Немцам не раз прыйшлося паплаціцца за свае злачынствы. Зямля ў іх пад нагамі гарэла. Партызанаў, як агню, баяліся.

У 44-м, перад вызваленнем, на Днепрабугскім канале быў жорсткі бой. З аднаго боку канала партызаны, а з другога – немцы. Мікалай кулямётчыкам быў, а Ганя дыскі яму падносіла. Страшэнная бітва была, але партызаны не здавалі сваіх пазіцый, змагаліся, як толькі маглі. І перамога была б на іх боку, але тут нямецкія самалёты пачалі лятаць і бамбіць. Бомбы рваліся адна за другой, і адзін за другім гінулі партызаны. Адзін такі выбух рвануў каля Ганны і Мікалая. Замоўк яго кулямёт, і сам ён упаў паранены, а побач з ім і Ганя. Як іх забіралі ў шпіталь, яна не памятае. Калі прыйшла да сябе, то даведалася, што мужа забраў самалёт разам з другімі цяжка параненымі. Спачатку ў Маскве лячыўся, а потым аж у Алма-Аце. А адтуль — прама на фронт. Ніводнага вестачкі не атрымала яна ад мужа, а ў 45-м вясною прыйшоў ліст, што загінуў яе Мікалай.

Самае дарагое, што было ў яе, палажыла на алтар Перамогі партызанка Ганя. А было ёй на тую пару трошкі больш за 20. Наперадзе — цэлае жыццё, і вясна залівалася квеценем...

У 46-м вярнуўся з палону Зіновій Грэцкі. Страшны быў, апухлы ад голаду, абарваны, знясілены. Можа, таму зайшлося ў Ганны сэрца ад жалю, гледзячы на яго, а потым аддала яго яму назаўсёды.

Нарадзіла дачушку Валю, а потым сыночка Віцю. Працавалі, дзетак гадавалі, у людзі выводзілі. У свой час яна добрай краўчыхай была, усё сяло абшывала. І касцюмы, і сукенкі, і паліто шыць умела. Нідзе не вучылася гэтаму рамяству, ад Бога было дадзена.

Мінулі тыя гадкі. Ужо больш як 30 гадоў мужа няма. Адна засталася.

Сын Уладзімір стварыў сям’ю ў родных мясцінах на Драгічыншчыне, дачушку Галіну лёс закінуў у наш раён. Яна шмат гадоў адпрацавала ў дзіцячым садзе выхавальніцай, а зараз ужо на заслужаным адпачынку. Вось да яе і прыехала старэнькая маці, калі занядужыла і пачала адчуваць патрэбу ў дапамозе. Яна тут атулена цеплынёю і клопатам. І дачушка, і зяць даглядаюць яе, хвалююцца за здароўе, берагуць і шкадуюць.

А Ганна Цімафееўна ўдзячна родным людзям за іх турботу і ўвагу. Часу вольнага зараз у яе шмат, сваё адпрацавала, і рукі нядужыя, і ногі. І толькі памяць такая ясная, і не згас блакіт у вачах.

— Вось там, на палічцы, паглядзіце, мае ўзнагароды.

І я дастаю з пакеціка ордэн Айчыннай вайны II ступені , медалі Жукава, “Партызан Беларусі”, мноства юбілейных медалёў, знак “Ветэран вайны”. Яны ляжалі ў мяне на далоні, і я ніяк не магла ўявіць, што яны належаць ей, гэтай сціплай жанчыне, з добрымі блакітнымі вачыма.

Бо наогул цяжка супаставіць вайну, якая сее гора і смерць, і жанчыну, прызначаную дарыць жыццё і надзею. Але вось яна, сядзіць перада мною і сумна ўсміхаецца, разглядаючы свае ўласныя ўзнагароды, якія даліся ёй такой непамерна дарагой цаной. Яна – жанчына, маці, бабуля! І партызанка! І на ўсіх гэтых пасадах яна — за жыццё, за бясхмарнае неба для сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Фото Грыгорыя ШЫРАЕВА.

На здымку: Г. Ц. Грэцкая.

Предыдущая статья

Учились дружинники