banner

Дачушка

13 Февраля’09
2879

ДачушкаЗ чым можна параўнаць чалавечае жыццё? Напэўна, з дарогай. З моманту з’яўлення на свет і да таго імгнення, калі заплюшчваюцца вочы, нас кліча тая дарога, і мы ідзём, адлічваючы гады-вёрсты. Сціраюцца боты, стамляюцца ногі, часам на роўным месцы падаем, але зноў падымаемся і зноў ідзём. У кожнага свая дарога. У аднаго — роўная і шырокая, у другога — камяністая, з крутымі паваротамі, у трэцяга — вузкая і цярністая сцежка... Бадай, найменш тых шырокіх і роўных. Цярністых і крутых куды больш.

Такім нялёгкім шляхам з лустай счарсцвелага сірочага хлеба ў кішэні прыйшлося ісці і маёй субяседніцы — Веры Іванаўне Барэль. Сумны яе аповед, горкія яе ўспаміны, але які светлы погляд вачэй, якая цёплая ўсмешка кранае вусны...

-----------------------------------------

— Я родам з Навасёлак, што каля Вялікага Сяла. Там мае мама і тата нарадзіліся і жылі. У мамы сястра была Люба, а ў таты быў брат Валодзя. Дык вось тыя браты пасваталіся да сясцёр і пажаніліся. Тата ў прымы пайшоў. Спачатку дачушка ў іх была — Марыйка, але памерла хутка, усяго год было. Потым хлопчык нежывым нарадзіўся. А ў 34-м я нарадзілася. Мяне вельмі шкадавалі і любілі. Тата проста не мог нацешыцца, і мама, як магла, песціла, лашчыла. Я купалася ў іх любові, у іх пяшчоце. Ды толькі кароценькае было маё шчасце. Вайна праклятая зруйнавала яго, загубіла.

 Пакуль тату на фронт не забралі, то яшчэ можна было жыць, хоць і цяжка. Немцаў усе баяліся, солтыс праз дарогу жыў, усё дакладваў. Аднаго разу хацелі тату забраць, ён з поля прыйшоў, але мама плакала вельмі.

Калі немцы ўжо меліся адступаць, то вельмі лютавалі. Памятаю, як снарады рваліся, і людзі з цэлага сяла пабеглі ў поле. Але і там былі выбухі. Тады мы ўсе кінуліся ў альшыну да рэчкі. Маліліся людзі, прасілі ў Бога дапамогі. Казалі, што калі ўратуюцца, то каля той рэчкі крыж паставяць. Дзякуй Богу, усе ўцалелі. Не памятаю, ці крыж паставілі.

Мы ў агародзе выкапалі сабе зямлянку і там жылі. Аднойчы я прачнулася, вылезла з яе, а ні мамы, ні таты няма. Я пачала плакаць. А сусед сказаў, што яны пайшлі скаціну карміць. Потым вярнуліся. А ўжо калі ўцякалі немцы, то нашы салдаты праз сяло ехалі. Мы з мамай на лавачцы сядзелі, а яны на падводах ехалі. Шмат было раненых. Адзін салдат падазваў мяне і даў цукерку. Я па сёння памятаю яе смак. Я і да гэтата цукеркі ела. Тата ў Ваўкавыску працаваў бондарам. Да яго часта людзі прыходзілі, ведалі, відаць, што ў яго дачушка ёсць, і прыносілі часам то пячэнне, то цукеркі. Але тая, што салдат даў, чамусьці назаўсёды запомнілася.

Праз нейкі час пасля вызвалення тату на фронт забралі. Мы з мамай яго праводзілі да сельсавета. Там шмат сабралася мужчын. Усіх пасадзілі на падводы і павезлі. Мама вельмі моцна плакала. Мабыць, адчувала, што больш не ўбачацца. А тата сеў на падводу, памахаў нам рукою, а потым на хаду саскочыў і зноў да нас пабег. Абдымаў то маму, то мяне, цалаваў, прыгаворваў: “Дачушка мая, дачушка мая...” Цяжка яму было развітвацца з намі.

Мы дадому ішлі, і мама ўсю дарогу плакала, не сціхала. Так мы засталіся з ёю ўдзвюх. А зімою яна пайшла да калодзежа мыць пшаніцу і прастудзілася. Захварэла на запаленне лёгкіх. Спачатку дома лячылася, але нічога не дапамагала, і яе забралі ў бальніцу ў Багудзенкі. Нядоўга яна там праляжала. Суседка з ёю там лячылася, потым прыехала і расказвала пра маму. Казала, што плакала яна вельмі і прыгаворвала: “Дачушка мая, дзіцятка маё родненькае, як жа ты будзеш без мяне?” Перадала мне грабеньчык з галавы і медальёнчык, што на шыі быў. Вось так я без мамы засталася. Калі яе хавалі, то я на цэлы свет галасіла. Мяне бацюшка Скурат прытуліў да сябе і суцяшаў.

Узяла мяне цётка Люба. Яе муж таксама на фронт пайшоў. І яна перайшла з двума дзецьмі ў нашу хату. Мама ў сакавіку памерла, а праз месяц пахавальная прыйшла на тату. І я засталася адна на свеце. Колькі ж я слёзак выплакала, колькі выпакутавала. Тата 25 красавіка загінуў. Усяго дзве нядзелькі да Перамогі заставалася.

Мы пахавальную тую атрымалі, а праз нейкі час прыйшло паведамленне на пасылку ад таты. Як я цешылася. Думала, што гэта памылкова прыслалі пахавальную, што ён жывы. Але дарэмна, проста тая пасылка спазнілася. У ёй адрэзы на сукенкі былі, яшчэ сёе-тое. Але таты ўжо тады не было на свеце.

Мяне ўсё сяло шкадавала. Называлі ўсе дачушкай. У мяне потым і мянушка такая была.

Цётка не крыўдзіла мяне, шкадавала, але сваіх дзяцей, вядома, больш. Усю цяжкую работу мне прыходзілася рабіць. І цэбры цяжкія насіла, і скаціну карміла, і жала, і бульбу капала. У школу не магла хадзіць, бо трэба было працаваць. Муж яе вярнуўся з фронту, але нядоўга пажыў. Захварэў на сухоты і памёр. Цётка засталася ўдавою з двума дзецьмі, я трэцяя.

Есці не было чаго, галадалі. Якую бульбіну возьмеш на поле, і то добра. Я так знясілела, што аднойчы ўпала і падняцца не магла. Адвезлі мяне ў Свянціцу да фельчара. Ён сказаў, што ў мяне малакроўе. Прыпісаў піць рыбін жыр. Я трошкі ачуняла, падужала і пайшла ў Свіслач у ваенкамат. Там ваенкому ўсё расказала пра сябе, і ён патэлефанаваў загадчыку аддзела аховы здароўя раёна Дубінку, каб той дапамог мне ўладкавацца на якую працу. І мяне ўзялі нянечкай у яслі. Вось дзе было мне добра. Там я паесці магла лепш. Мяне паварыха шкадавала, карміла. Але там я толькі месяц папрацавала. Папала пад скарачэнне і пайшла ў бальніцу санітаркай. А праз тры гады мяне на кухню забралі памочнікам повара. Была такая галоўная сястра ў бальніцы Дора Харытонаўна Назарава. Яна мяне шкадавала, дапамагала, падтрымлівала, як магла.

Потым я на повара на курсах у Гродне вывучылася і 38 гадоў працавала на кухні ў бальніцы.

У 58-м выйшла замуж, муж таксама працаваў у бальніцы, быў шафёрам на машыне “хуткай дапамогі”. Нарадзіла сына, потым дачушку. Вось зараз у яе і жыву. Добра мне тут, ніхто не крыўдзіць, зяць шкадуе, унучка любіць, вось і праўнучку дапамагаю гадаваць. 19 гадоў мінула, як аўдавела.

Такі вось мой лёс сірочы. Зараз добра мне: і есці ёсць што, і цёпла, і светла, і родныя побач, а жыць ужо няма калі. Усё мінула, адышло ў нябыт. Адны толькі ўспаміны душу пякуць. На свята Перамогі хадзіць не магу, плачу вельмі. Успамінаю той час, калі вярталіся мужчыны з вайны, як цешыліся жонкі, дзеці. Я таксама доўга-доўга чакала тату. Хацелася верыць, што аднойчы адбудзецца цуд і ён вернецца да мяне. Нават зараз, калі гляджу перадачу “Жди меня”, то думаю: “А можа, дзе і тата мой у вайну згубіўся, можа, не загінуў?..” Ведаю, што няма яго, што даўно пахаваны недзе ў чужой старонцы, а сэрца столькі гадоў не можа змірыцца з гэтай стратай.

А вось некалькі гадоў таму мне пазванілі з ваенкамата і сказалі, што прыйшла ўзнагарода на імя таты. Амаль шэсць дзесяцігоддзяў яна шукала героя. Ды так і не знайшла. Пасведчанне да медаля “За отвагу” аддалі мне.

Успаміны запісала Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

На здымку: В. І. Барэль з праўнучкай Вікай.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Льготы по уплате госпошлины