Сёння мы запрашаем вас у Дрэчаны – прыгожую вёску на тэрыторыі Нязбодзіцкага сельсавета.
У 1897 годзе ў складзе Шымкаўскай воласці, налічвалі 43 двары, 266 жыхароў. Працаваў збожжавы магазін, у якім дрэчанцы і жыхары суседніх вёсак набывалі зерне на муку, насенне і іншыя патрэбныя рэчы. У гады Вялікай Айчыннай вайны Дрэчаны спазналі нягоды нямецкай акупацыі. Час вызвалення прыйшоўся на 18 ліпеня 1944 года. У 1949-м у вёсцы створаны калгас "Светлы шлях”.
Сёння ў Дрэчанах 65 падвор’яў, 163 жыхары, з іх 67 пенсіянераў.
Мы завіталі ў вёску, калі ўсе жыхары старанна рыхтаваліся да Вялікадня. Аздобленыя першай вясенняй лістотай, пяшчотнай і трапяткой, Дрэчаны былі ў чаканні свята. Свяціла яркае сонца, па вёсцы разносілася птушынае рознагалоссе. Прыцягвалі ўвагу чыста прыбраныя падворкі, нібы запрашалі ў госці адчыненыя вокны, гаспадары шчыравалі па гаспадарцы: спяшаліся скончыць справы, пасадзіць бульбу, пакуль не зацвіла чаромха…
Добры анёл у сэрцы

Ужо колькі год Ніна Станіславаўна працуе загадчыцай ФАПа ў Стоках. Гэтая цудоўная жанчына не ўяўляе жыццё без сваіх пацыентаў. Яна перажывае за кожнага, прымае чужы боль, як свой.
Шлях да здзяйснення мары займацца любімай справай быў няпросты. Пасля заканчэння Слонімскага медвучылішча працавала ў бальніцы ў Свіслачы. Затым, калі ў калгасе імя Мічурына пабудавалі дзіцячы сад, па запрашэнні старшыні гаспадаркі Яўгена Фёдаравіча Дудніка стала загадчыцай новай дашкольнай установы. Адразу выконвала некалькі абавязкаў: была для дзетак, якіх сабралі ў адну рознаўзроставую групу, і загадчыцай, і выхавацелем, і медсястрой. Але, прызнаецца Ніна Станіславаўна, яе ніколі не пакідала моцнае жаданне зноў вярнуцца да медыцынскай практыкі. Сёння жыхары вёсак, якія абслугоўвае ФАП, вельмі ўдзячны свайму доктару за кваліфікаваную своечасовую дапамогу, уменне выслухаць, паспачуваць.
Галоўны дарадца Ніны Станіславаўны – яе муж Аляксандр Мацвеевіч. Калі той час прайшоў! Нібы ўчора толькі пазнаёміліся, а ўжо 38 гадоў разам. Ён з вялікім гонарам расказвае пра жонку: любая жанчына, руплівая гаспадыня, пяшчотная маці. Выгадавалі дзвюх дачок-прыгажунь, маюць трох унучак. Дзяўчаты, дарэчы, пайшлі па матчыным шляху – таксама працуюць медыкамі. Аляксандр Мацвеевіч займаў пасаду дырэктара Дрэчанскай школы, затым – дырэктара базы юных турыстаў у Стоках. Зараз на пенсіі, займаецца хатняй гаспадаркай. Працы шмат, толькі паспявай усё рабіць. Але любая работа ў радасць, калі ў сям’і пануюць лад і згода. Нездарма хата Лінкевічаў мае статус "Дома высокай санітарнай культуры”.
Рукатворнае хараство


У верасні тут пачастуюць чырвоным кавуном

Амаль 50 вёрстаў-гадоў пройдзена разам з мужам Мікалаем Канстанцінавічам. Яны вырасцілі траіх дзяцей – надзейную дапамогу ў сталыя гады, радуюцца чатыром унукам. Дачка Марыя жыве з сям’ёй ў Свіслачы, Людміла – у Ваўкавыску. Сын Мікалай ажаніўся і застаўся побач з бацькамі ў Дрэчанах, працуе вадзіцелем на заставе "Лясная”.
Мікалай Канстанцінавіч да пенсіі быў загадчыкам склада. Нядаўна ён перанёс інсульт. Але паціху прыходзіць да сябе, дзякуючы добраму клопату жонкі і дзяцей.
Зараз Вера Ануфрыеўна завіхаецца на агародзе. Своечасова трэба пасеяць зеляніну, агуркі, пасадзіць бульбу. Усё насенне ў руплівай гаспадыні – сваёй нарыхтоўкі, акуратна расфасавана, кожны пакецік падпісаны. Нават экзатычныя расліны вырошчвае. У верасні гаспадары частуюць гасцей сваімі салодкімі чырвонымі кавунамі. Таму, хто працуе на зямлі з жаданнем і любоўю, яна дае сілы, узнагароджвае добрым ураджаем.
Дбайныя гаспадары

На падворку ў Басалаяў – чысціня і парадак. Кветнік пад вокнамі ўпрыгожваюць першацветы, якія цягнуцца да сонца белымі галоўкамі. Усё хараство яшчэ наперадзе: калі зямля набярэ сілу, узыдуць і расцвітуць прыгожыя кветкі, расліны забуйнеюць сакавітымі краскамі.
Сям’я перадавікоў

Уладзімір Уладзіміравіч прыехаў на малочнатаварны комплекс у Дрэчаны ў якасці слесара з Жаркаўшчыны. Добрага спецыяліста па апрацоўцы, зборцы і рамонту абсталявання, які працуе якасна і сумленна, адразу заўважылі ў сельгаспрадпрыемстве "Нязбодзічы”. За дасягнутыя поспехі ў працоўнай дзейнасці Уладзімір Уладзіміравіч неаднаразова ўзнагароджваўся кіраўніцтвам ААТ "Ваўкавыскі мясакамбінат” ганаровымі граматамі. Тут жа на комплексе ён пазнаёміўся са сваей будучай жонкай. Таццяна Юр’еўна – аператар машыннага даення, доўгі час займала лідзіруючыя пазіцыі ў сваёй галіне. Адзначана ганаровымі граматамі і падзякамі сельгаспрадпрыемства. Зараз маладая маці знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцём. Час бяжыць у штодзённых шматлікіх клопатах. Таццяна Юр’еўна – цудоўная гаспадыня. Любая работа ладзіцца ў яе спрытных і здольных руках.
– Сэнс жыцця чалавека і найвялікшае ягонае шчасце – у дзецях, – не аднойчы на працягу гутаркі заўважаюць маладыя бацькі. Падумалася, падрастаючаму Даніілу будзе з каго браць у жыцці добры прыклад.
Кацярына ДУДКО.