banner

Салавей спяваў у гаі, або Захапленне юнага арнітолага

08 Января’09
2594

Салавей спяваў у гаі, або Захапленне юнага арнітолагаДзмітрый Шыманчук цікавіўся прыродай даўно. Яго заўсёды захапляла назіранне за флорай і фаунай Белавежжа. А вёска Ціхаволя, дзе ён нарадзіўся, якраз нібы ўваткнута ў лес. Шырокая лясная прастора зусім побач. Як кажуць, рукой падаць. А там... Лані, дзікі... Яшчэ пару гадоў таму Дзіма наглядаў за імі, падлічваў, акуратна пазначаў заўвагі ў заведзеным дзённіку. А дома пад канапай у яго заўсёды было поўна разнастайных каменьчыкаў: хлопчык знаходзіў незвычайнае тварэнне прыроды і прыносіў дахаты.

У вясенняе ж паўнаводдзе амаль штогод разам з татам Уладзімірам Яўгенавічам і старэйшай сястрой Аленай Дзімка адпраўляўся ў дзіўнае падарожжа па мясцовай рэчцы Нараў. У Нямержы на ваду спускалі надзіманую лодку і плылі па разлітай рацэ аж да самага Броўска. Такое плаванне займала больш як дзве гадзіны. Вандроўнікі адпачывалі душой і целам. А пытлівы позірк хлопчыка разам з гэтым заўважаў мноства дробязей з жыцця прыроды. Углядаўся ў багатае наваколле і прырастаў да яго ўсёй душой.

Дзіму цікавіла ўсё, што звязана з прыродай. Але найвялікшым яго захапленнем стала птушынае царства. Хлопчык на адным дыханні прачытваў часопісы “Дзікая прырода” і “Лесавік”, знаёміўся з мноствам кніг. А год назад разгарнуў часопіс — і загарэўся. Яго проста заваражыла аб’ява аб уступленні ў грамадскую арганізацыю “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Дарэчы, у гэтым годзе аб'яднанне адзначыла 10-годдзе свайго існавання. Са згоды бацькоў запоўніў анкету. І вось праз кароткі час задаволены Дзіма трымаў у руках Сяброўскую картку ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Ужо год ён сябра арганізацыі...

Хутка сённяшні дзевяцікласнік набыў палявы вызначальнік “Птушкі Еўропы”, аўтарытэтнае варшаўскае выданне. Тут дапамагла ўпартасць. Кнігі на той час не знайшлося нават у крамах сталіцы. Праз Інтэрнэт Дзіма пазнаёміўся з гродзенскім студэнтам-біёлагам, які і выслаў юнаку запаветны дапаможнік.

Так здаралася, што на жыццёвай сцежцы хлопцу трапляліся дарослыя, якія разумелі яго і падтрымлівалі. У першую чаргу гэта, канешне, бацькі Уладзімір Яўгенавіч і Святлана Міхайлаўна. Яны падарылі сыну фотаапарат “Olimpus”, штатыў, набылі камуфляжную форму для паездак у лес... Дарослым сябрам стала для Дзімы і грамадзянка Бельгіі, якая гасціла ў сям’і. Цяга да вывучэння птушак, сур’ёзная захопленасць гэтай справай і неймаверная цікаўнасць хлопца ўразілі яе да глыбіні душы. У знак падтрымкі юначага запалу яна выслала Дзіму падарунак — японскі бінокль. Падключылася да Дзімінага занятку і бабуля з Крапіўніцы. Аднаго разу заўважыла глушца — тэлефануе ўнуку, кліча да сябе. Лес там рэдкі, багаты на птушак.

Сёння Дзмітрый мае ўсё неабходнае для любімага занятку “узбраенне”. І амаль увесь час прападае ў лесе. Калясіць па ваколіцы. Урочышча Тунэльнік, Нямержа, Рудня... Бывае і ў Жаркаўшчыне, бо толькі там можа назіраць за ластаўкамі-зямлянкамі. У розных месцах яго чакаюць змайстраваныя ім жа драўляныя “засідкі” на дрэвах і кустах, шалашы. Любімы ж куток прыроды, дзе любіць праводзіць час Дзіма, — рака Нараў. Там многа белых чапляў.

Сярод сваіх птушак юнак не заўважае часу. Ён можа і тры гадзіны прасядзець на дрэве, не варушачыся, каб з фотакамерай у руках паназіраць, як дрозд-піскун корміць сваіх птушанят (на здымку ўнізе). Не паленаваўся ноччу паслухаць салаўя. З задавальненнем майструе “жыллё” для соў. Ужо зрабіў савятнік з дошак, зараз пляце другі — з лазы. У моцны холад, калі няма магчымасці накіравацца ў лес, Дзіма праводзіць час у двары. Да мноства кармушак сюды злятаюцца сініцы, амялушкі, чачоткі... Усю восень хлопец займаўся нарыхтоўкай жалудоў для соек, бо дзікі з’ядаюць шмат з ляснога запасу... Адным словам, не было ніводнага дня, каб юнак забыўся пра сваіх птушак. Свет птаства не перастае яго здзіўляць. Аднойчы нават пашанцавала пабачыць з вышкі рэдкую ў нашым краі птушку — арлана-белахвоста.

Сёння Дзмітрый з галавой акунуты ў сваё захапленне. І нават час у юнага арнітолага адметны ад часу звычайнага школьніка. Так, заканчваецца Год вялікай белай чаплі, набліжаецца 2009-ы — Год шэрага гуся...

Салавей спяваў у гаі, або Захапленне юнага арнітолагаДзіма многа фатаграфуе. З казачных здымкаў дзевяцікласніка ў Ціхавольскай базавай школе аформлены “Гісторыка-этнаграфічны куток”.

Хочацца пажадаць Дзмітрыю пранесці праз усё жыццё вострае адчуванне прыгожага, якое ўласціва яму зараз. Заўсёды з душэўнай узрушанасцю любавацца бэзавым туманам, ружовым заходам сонца... І захаваць у сэрцы добрыя памкненні, не растраціць у жыццёвай штодзённасці юначага запалу.

Наталля КОМАР.

Предыдущая статья

С верой и любовью по жизни