banner

Гарачы чэрвень 41-га

06 Июня’11
2085

Чэрвень. Квяцісты месяц з водарам бэзу і язміну, з гарачым сонейкам і клёкатам буслоў. Цудоўная пара лета. І ці хочацца думаць аб тым, што некалі менавіта чэрвень прынёс страшэнную бяду, адну на ўсіх, імя якой – вайна.

Не раз прыходзілася чуць ад маладых людзей, што даўно пара забыць пра тое, што было, і жыць сённяшнім днём, не гортаючы старонак мінулага. Я ніколі не пагаджуся з гэтым меркаваннем. Ніколі! І таму зноў і зноў іду гарачымі сцежкамі ўспамінаў тых, на чый лёс выпалі гады ваеннага ліхалецця. Зноў і зноў стукаюся ў іх сэрцы і прашу расказаць аб тым, што хвалюе да сённяшніх дзён, што не перастае балець…

Чарговы адрас ваеннага аповяду – Ганчары. А ўспамінамі сваімі дзеліцца Ніна Фамінічна Ганчарук.

На чацвёрты дзень вайны

Гарачы чэрвень 41-га– Мне тады 10 гадкоў было. Але ж я добра памятаю вайну. Ды і мама мне шмат чаго расказвала пра тыя далёкія падзеі. Дзе тут забудзеш!

Мы ў Пацуях жылі. Раніцай таго дня, калі вайна пачалася, здалёк выбухі чуліся, стрэлы. Тата казаў, што гэта манеўры пачаліся. А потым, калі мы, дзеці, на надворку стаялі, нізка-нізка самалёт праляцеў і пачаў страляць. Мы спачатку нават не зразумелі, што ён страляе, пападымалі галовы ўгару і паглядалі. Чулася нейкае пух-пух-пух-пух. А гэта кулі так пухкалі побач. Дзякуй Богу, нікога не забіла і не параніла. Можа, той лётчык толькі пужаў нас?

А ўжо на другі дзень немцы былі ў вёсцы. Абозам прыехалі і пачалі рассяляцца, дзе хто мог.

Дзядзька мой, мамін брат, Іосіфам яго звалі, быў у нас старшынёй калгаса. Дык нехта ж данёс адразу. Розныя былі людзі і тады, і зараз. Вось яго і схапілі немцы. Гэта сталася на чацвёрты дзень вайны.

Усім жыхарам загадалі ісці на сход. Куды дзенешся – пайшлі.

А тады на тым сходзе нехта сказаў, што старшыню калгаса на расстрэл павялі ў поле. Казалі, што там яму выкапалі. А потым стрэл пачуўся. Яго сястра Наталля, цётка мая, адразу ўпала, а мама пабегла туды, на поле. Дзядзьку ўжо закопвалі ў той яме. Забраць і пахаваць на могілках не дазволілі. Мама зрабіла бугорчык і вылажыла крыж каменьчыкамі. А на другі дзень гэта ўсё разбурана было і зраўнавана з зямлёй. Пазней ужо людзі казалі, што расстрэльвалі не немцы, а паліцай Клэк. Яго ўсе вельмі баяліся ў нас.

У дзядзькі Іосіфа засталася жонка Аксіння і трое дзяцей. А побач з ёй жыла Вольга, жонка другога дзядзькі – Мікалая. Ён яшчэ да вайны паехаў у Расію на заробкі і там застаўся. Праўда, спачатку разам з ім былі жонка і дзеці, а пасля, ужо перад самай вайной, ён прывёз іх дадому, а сам ізноў паехаў. У яго таксама было трое дзяцей. Вось тыя кабеты і гаравалі ўдзвюх.

Немцы, калі ў вёску прыехалі, дык прывезлі з сабою палонных салдат, прымушалі іх працаваць. А пасля тыя палонныя задумалі ўцячы. Дамовіліся са старэйшым сынам Іосіфа, Сцяпанам, што той адвязе іх ноччу ў Масюкоўшчыну. Яны сабраліся да партызан перабрацца. Сцяпан і павёз. А Аксіння з Вольгай хлеб для іх пяклі ды ў яму складвалі, гэта на потым, каб запас быў. І тут нехта данёс. Прыйшлі немцы і забралі абедзвюх. Павезлі ў Свіслач і дзён шэсць там трымалі. Дзеці ім есці насілі. Спачатку немцы бралі тыя перадачы, а пасля сказалі, што ўжо не трэба насіць. Аксінню з Вольгай завялі на яўрэйскія могілкі і там расстралялі.

Нехта потым расказваў, што Вольга вельмі прасілася, плакала, казала, што ў яе трое дзетак, благала, каб адпусцілі. Тады немец адзін сказаў: “Добра, адпускаю, бяжы дадому”. Яна і пабегла. А немец той услед ёй выстраліў. Не ўцякла, куля дагнала…

Шасцёра дзяцей у той дзень асірацелі. Старэйшыя хутка на свой хлеб пайшлі, а малодшых бабуля гадавала. Дзякуй Богу, усе выжылі, выраслі, параз’язджаліся па свеце. Зараз ужо сваіх унукаў маюць.

Вось як было. У Пацуях яшчэ і іншых людзей пастралялі, але я пра тых мала што ведаю, малая яшчэ была, ды і часу колькі мінула. Можа, хто іншы памятае, няхай раскажа.

І такі чалавек знайшоўся. Ім аказаўся Пётр Васільевіч Сцепанюк з Ражкоў.

Я памятаю, як палала вёска

Гарачы чэрвень 41-га– Як вайна пачыналася? Страшна было вельмі. Немцы ўжо на другі дзень у вёсцы былі. Па дамах рассяліліся. А неўзабаве ў нас з’явіліся рускія разведчыкі. Недзе з-пад Беластока вайсковая часць прабіралася, да Баранавічаў кіраваліся. Вось і паслалі разведку, каб далажыла, ці немцы ёсць. А немцы тыя з вёскі з’ехалі і на гару перабраліся. Аднаго разведчыка застрэлілі, а другому дазволілі ўцячы. Вось ён і далажыў, што немцаў няма, што можна ісці. Пад ранак нашы пайшлі праз сяло. Паперадзе конніца ішла, а за ёю артылерыя. І немцы пачалі абстрэл. Што тут рабілася! Шмат ваенных палягло, ды вяскоўцам дасталася. Адна жанчына па прозвішчы Грынко з дзецьмі малымі сядзела на парозе, дык адна куля адразу двух дзетак прашыла.

У чыюсь хату з мінамёта стрэльнулі, дык таксама ўсе там паляглі.

Пасля немцы пачалі па хатах хадзіць і шукаць, хто дзе схаваўся з тых ваенных. Каго знаходзілі, таго выводзілі на двор і адразу расстрэльвалі. Потым усіх жыхароў вёскі павыганялі з хат, са скляпоў, з хлявоў, дзе яны хаваліся, і павялі за сяло на гару. А самі зрабілі квачы такія з ануч, намачылі іх у бензіне, запалілі і тым агнём стрэхі дамоў падпальвалі.

Вось мы стаімо на той гары і бачым, як вёска палае. Што там рабілася! Жанчыны енчылі, дзеці плакалі, крычалі. Адзін чалавек папрасіўся дадому боты забраць, гэта яшчэ пакуль не пачалі паліць, немец адзін яму дазволіў. А калі той вяртаўся назад з ботамі, то другі немец у яго выстраліў і забіў.

У нас у вёсцы было больш за 60 хат, а засталося, можа, з 20. Тады нам сказалі вяртацца. Чыя хата ўцалела, то было куды, а наша з дымам пайшла. І хлеў згарэў таксама, нічога не засталося. Выкапалі мы зямлянку ў садзе і там жылі. Іншыя пагарэльцы таксама. У тую страшную ноч больш за сорак чырвонаармейцаў загінула ў перастрэлцы, а некаторыя ў хатах пагарэлі. Потым вяскоўцы знаходзілі на папялішчах згарэлых людзей. Усіх у брацкай магіле пахавалі.

Тату нашага яшчэ да вайны на зборы забралі. І ён менавіта ў тую ноч таксама дадому вярнуўся. Цудам уцалеў. Быў з пабрытай галавою. А ў нас у вёсцы жыў адзін пісьменны чалавек, былы царскі афіцэр Аўсейчык. Дык ён тату даведку напісаў па-нямецку, што той хварэў на тыф. Тата як паказаў аднойчы тую паперку немцу, дык потым на нашай зямлянцы вісела таблічка з надпісам “Тыфус”. Немцы яе далёка абыходзілі. Так і жылі. Нас у бацькоў пяцёра было, я самы старэйшы.

Так вось вайна ў нас пачыналася. А пасля яшчэ тры гады пакутавалі, пакуль немца не прагналі. У Пацуях настаўнікі арганізавалі падполле. Дык немцы даведаліся і ўсіх пазабівалі. Разам з сем’ямі расстрэльвалі. Што там казаць, нацярпеліся людзі гора. Не дай Божа, каб такое паўтарылася!

Успаміны запісала Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Фота аўтара і Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Спасение требует усилий