banner

Расстраляныя лёсы

22 Июня’24
515

Зіма ў 1942 годзе выдалася марозная, часам да мінус 40 градусаў тэмпература апускалася. У пачатку сакавіка мароз трохі спаў, але зіма ўсё яшчэ лютавала. Але, што – зіма? Найбольш лютавалі фашысты. 6 сакавіка яны ўчынілі расправу над настаўнікамі вёскі Грынкі. Нехта з вясковых “добразычліўцаў” данёс немцам, што мясцовая інтэлігенцыя вядзе падпольную работу супраць новай улады.

Пад раніцу, калі яшчэ ўсе спалі, немцы пачалі грукаць у дзверы дамоў, дзе жылі настаўнікі. Загадалі хутка апранацца і выходзіць. У тым чорным спісе фашысцкіх катаў былі браты Варонка – Аляксандр і Сяргей, бацька і сын Сахарчукі, Осіп Касцюк, Осіп Пічкоўскі, самы малады настаўнік Іван Лукша і настаўнік з Раманаўцаў Іосіф Байда. Разам з імі прыгналі і Сцяпана Болбата. Ён не настаўнічаў, але быў граматным чалавекам, актывістам і майстрам з залатымі рукамі. Усе гэтыя людзі сапраўды былі актывістамі і членамі падполля. Калі сабіраліся разам, слухалі Маскву, былі звязаны з партызанамі. І нехта ж такі данёс! Тых даносчыкаў ўжо няма на свеце. Няхай каркае над імі вараньё, а патрыётам наша вечная памяць.


Сёння аб тых далёкіх падзеях халоднага сакавіцкага ранку нам раскажуць родныя ахвяр, аддаўшых сваё жыццё дзеля нашых з вамі мірных ранкаў, дзён, вечароў і начэй.

Ларыса САЎКО, былая настаўніца, дачка Аляксандра Варонка і пляменніца Сяргея Варонка:


–        Я не памятаю таго дня, і тату свайго не памятаю. Мне яшчэ трох гадкоў не было. Але мне так часта расказвала пра той дзень мама. Я яе словы ніколі не забуду.

Раніцай, калі мы яшчэ ўсе спалі, раздаўся грукат у дзверы. Зайшлі немцы, загадалі, каб тата і дзядька Саша хутка апраналіся і выходзілі з хаты. Яны выйшлі, але тата папрасіў на хвілінку вярнуцца, каб узяць акуляры. Ён, пэўна, думаў, што трэба будзе нешта пісаць ці чытаць. Потым прыгналі яшчэ некалькі чалавек і павялі. Самі немцы на санях ехалі, а арыштаваныя ішлі пешшу. За сялом спыніліся і загадалі ўсім распранацца да ніжняй бялізны і разбуцца. На двары стаяу мароз, тыя няшчасныя ішлі амаль тры кіламерты пешшу, аж да Ятвескага гаю. Там бярозка высокая стаяла (яна і зараз стаіць), а каля яе ні то яма, ні то роў быў. Вось там нашых настаўнікаў і пастралялі. А потым павезлі ў Ятвеск на могілкі. Там ужо была выкапана яма. Пакідалі расстраляных у тую яму, засыпалі зверху зямлёюі паехалі. А потым, людзі казалі, што вяскоўцы з Бязводнікаў хадзілі туды глядзець і бачылі, як зямля варушылася. Пэўна, нехта яшчэ жывы быў.

Ларыса Аляксандраўна з такімі падрабязнасцямі расказвае мне пра тыя даўнія падзеі, што, здаецца, была недзе там, побач, і сама бачыла, як учынялі немцы расправу над яе бацькам, дзядзькам і другімі іх калегамі-настаўнікамі.

Людміла ЛУКША, заслужаны работнік культуры, унучка растралянага Сцяпана Болбата:


–        Мой дзед быў вельмі здольным чалавекам. Да рэвалюцыі жыў у Петраградзе, потым вярнуўся ў Грынкі. З маладосці быў добрым сталяром: сам пабудаваў дом,мог зрабіць любую мэблю.У яго аднаго на ўсю вёску была свая майстэрня і сталярны станок. А якія прыгожыя аздобы рабіў ён для вокнаў! І сёння ў Грынках яшчэ ёсць шмат хат, вокны ў якія рабіў мой дзед.

Калі пачалася вайна, ён актыўна дзейнічаў разам з падпольшчыкамі. Быў вельмі адукаваным, чытаў кнігі.

Шостага сакавіка быў схоплены фашыстамі. Яго разам з арыштаванымі аднавяскоўцамі гналі немцы праз усю вёску. А ўжо за сялом загадалі распрануцца. Ішлі доўга, і па дарозе дзед упаў. У яго сэрца не вытрымала. Немцы кінулі яго на сані і павезлі далей. Каля гаю ўчынілі расстрэл і забітых потым пахавалі ў Ятвеску.

Зараз там помнік стаіць, і ўсе імёны забітых увекавечаны. І мой дзядуля там. Немцы потым забілі і яго сына, майго дзядзьку. Яму толькі 17 гадкоў было. Ён кароў пасвіў і позна прыгнаў, сцямнела ўжо. Вырашыў, што спаць пойдзе на вышкі з сенам. Там ён ноччу кашлянуў ці так варочаўся, і немцы пачулі. Зцягнулі яго з вышак, гарланілі, што партызан і аўтаматы наставілі на яго. А маці выбегла, прасіла, благала, казала, што гэта сын. А яны: “Сын павінен дома начаваць, а не на вышках. Партызан гэта!” І расстралялі. Бабуля страціла і мужа, і сына. Такая вось сумная гісторыя.

Другіх сведкаў ці родных тых расстраляных настаўнікаў ужо няма на свеце. Але ля помніка, дзе яны знайшлі свой астатні прытулак, круглы год стаяць карзіны з кветкамі.

Гісторыя мінулага – гэта памяць народаў. У ёй нашы карані. Немагчыма зразумець сучаснае жыццё, нельга ствараць будучае, калі не ведаеш мінулага, не ведаеш гісторыі свайго народа. Так мяркуюць і члены клуба “Пошук”, які дзейнічае вось ужо 13 гадоў пры Грынкаўскай базавай школе, і кіруе ім настаўніца гісторыі Надзея Мацюк. Гэта дзякуючы вучням школы сталі вядомымі дасканалыя звесткі пра загінуўшых настаўнікаў, бо на абеліску можна прачтыць толькі прозвішча і ініцыялы. Былі знойдзены фотаздымкі, пісьмы, дакументальныя матэрыялы, выпіскі з архіўных дакументаў Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея. Члены “Пошуку” сустракаліся з роднымі, блізкімі, знаёмымі загінуўшых землякоў, запісалі іх успаміны, стварылі банк дадзеных. Вялікі дзякуй ім за гэта.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара                                                   

 #минута_молчания_на_Гродненщине

#всебелорусская_молитва_на_Гродненщине

#вахта_памяти_на_Гродненщине

#митинг_реквием_на_Гродненщине

 

Предыдущая статья

Всебелорусская минута молчания пройдет 22 июня в 12.00