banner

Гучаць памяці званы

29 Апреля’17
1981

Гучаць памяці званы

 

У нядзелю па краіне гучалі званы. Яны паміналі нашых родных і любых, якіх зараз з намі няма. Праваслаўныя святкавалі Правадную нядзелю. Звычай адзначаць гэта свята менавіта ў нядзелю – з’ява больш характэрная для Заходняй Беларусі. Усходняя частка спраўляе яго ў аўторак – на Радаўніцу. 

 

Нядзеля завяршае светлы паслявелікодны тыдзень, ці тыдзень Фамы. Ён так названы ў памяць аб апостале Фаме Няверуючым, які спачатку не паверыў, што Ісус Хрыстос уваскрос. Фама звярнуўся да веры толькі тады, калі на ўласныя вочы пабачыў дзіва. У Правадную нядзелю людзі памінаюць родных у царкве ці на могілках. Некаторыя лічаць, што ў гэты дзень Бог адпускае душы памерлых, каб яны наведалі родных, таму і запальваюцца памінальныя свечкі – так душы разумеюць, што пра іх памятаюць.


Напярэдадні свята могілкі прыбіраюць: падграбаюць, выразаюць маленькія дрэвы, фарбуюць агароджу. У памінальны дзень людзі прыходзяць, каб пакласці на магілку каляровае яйка, лустачку куліча ці яшчэ што-небудзь асабістае, кветкі. Гэты звычай навукоўцы называюць язычніцкім і гавораць, што з праваслаўем ён не мае нічога агульнага, але традыцыя частавання продкаў так увайшла ў нашу рэчаіснасць, што стала часткай веры. Вельмі добра, калі на могілкі прыходзяць пасля службы ў царкве, памаліўшыся за душы родных.


Служба адбылася на дзень памяці продкаў і ў Дабраволі. У прыгожую блакітную (і старажытную!) царкву прыйшло нямала людзей. Вакол могілак стаялі аўтамабілі, веласіпеды, некаторыя дабіраліся пешшу, але кожны спяшаўся павітаць сышоўшых любімых. Тут можна было ўбачыць і старых, і маладых, і зусім маленькіх, і прыехаўшых групкамі, і прыйшоўшых па-аднаму – аб’ядноўвала ўсіх мэта прыбыцця. Святочныя могілкі не наганяюць тугу, наадварот, гэта цудоўная нагода расказаць сыну ці ўнуку, кім былі яго дзед, прадзед…


Ёсць легенда, што ў Правадную нядзелю на могілкавых варотах сядзяць душы памёрлых і чакаюць, ці прыйдзе да іх хто-небудзь. Я зараз успомніла пра тыя магілы, якія зараслі травою і зеллем. Да іх ніхто не прыйдзе. Але я вельмі спадзяюся, што недзе далёка хтосьці з родных паставіць за іх свечку.

 

Ганна ВАРОНКА,
студэнтка І курса інстытута журналістыкі БДУ.

Предыдущая статья

За порядок на земле