banner

Яўген Паплаўскі – неардынарны кампазітар, музыкант-патрыёт

26 Декабря’15
2465

Яўген Паплаўскі –  неардынарны кампазітар,  музыкант-патрыёт

Нядаўна Поразаўская сярэдняя школа адзначыла свой юбілейны дзень нараджэння, на які былі запрошаны знакамітыя выпускнікі. Сярод іх вядомы беларускі кампазітар Яўген Уладзіміравіч Паплаўскі. На жаль, прысутнічаць на свяце кампазітар не змог, але даслаў падарунак да юбілею – рукапіс толькі што закончанай невялікай партытуры «Цішай ночка чаравала» для жаночага хору без суправаджэння на словы беларускай паэтэсы Наталлі Арсеньевай. А ў сакавіку ён запрасіў педагогаў і вучняў на аўтарскі канцэрт у выкананні заслужанага калектыву Акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы, групы ўдарных інструментаў Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь і Жаночага хору Мінскага музычнага каледжа імя М. Глінкі ў зале Белдзяржфілармоніі. Некалькі гадоў таму «Свіслацкая газета» друкавала матэрыял аб знакамітым земляку. Сёння мы зноў нагадваем старонкі яго біяграфіі і творчага шляху.

я 20 верасня 1959 года ў г. п. Поразава. У 1986 годзе закончыў Беларускую кансерваторыю. Стажыраваўся пад кіраўніцтвам Сяргея Сланімскага ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі i тамсама браў удзел у майстар-класах Тон дэ Леюва.
У 1991 годзе па яго ініцыятыве быў арганізаваны ў Мінску Міжнародны фестываль сучаснай камернай музыкі, які праводзіўся да 1995 года. З 1997 па 1999 год атрымліваў стыпендыю Польскага Урада: працаваў у Гданьску ў Акадэміі музыкі імя С. Манюшкі над творам для сімфанічнага аркестра «Барбара Радзівіл» i Студыі электраакустычнай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве над уласным творчым праектам. Удзельнічаў у летніх курсах Acanthe 2000/Ircam.
На Нацыянальным конкурсе кампазітараў, прысвечаным 500-годдзю Францыска Скарыны (1991 год), атрымаў II прэмію за сімфонію «Lux aeterna» для тэнара, хору i сімфанічнага аркестра на словы Лявона Эміліта, прэм’ера якой адбылася 21 сакавіка 1997 года падчас святкавання 1000-годдзя Гданьска. У студзені 2000 года на Міжнародным конкурсе кампазітараў «Jihlava-2000» у Празе яго харавы цыкл «Пагода ўжо позняй восені» на словы Леапольда Стафа атрымаў II прэмію ў намінацыі «Творы для камернага хору». Прэм’ера цыкла адбылася ў 2002 годзе на 45-м Міжнародным фестывалі харавой музыкі ў Празе.

 

 

Творы Я. Паплаўскага выконваліся на міжнародных фестывалях сучаснай музыкі ў Германіі, Нідэрландах, Даніі, Італіі, Іспаніі, Чэхіі, Польшчы, Украіне, Літве, Аргенціне, Бразіліі, Расіі і ЗША. Вынікі творчасці размясціліся на сямі кампакт-дысках, якія выдадзены ў Мінску.


Неаднаразова кампазітар пісаў творы на заказ: у 2002 годзе для Эксперыментальнай студыі Польскага Радыё ў Варшаве iм быў напісаны «Шлях у Аблокі ІІ» для габоя, ударных інструментаў i камп’ютара. Прэм’ера адбылася на Міжнародным фестывалі «14. Дні музыкі кракаўскіх кампазітараў». У мai 2004 года гэты твор прадстаўляў Эксперыментальную студыю Польскага Радыё на Міжнароднай трыбуне электраакустычнай музыкі ЮНЕСКА ў Рыме, для Міжнароднага фестывалю сучаснай музыкі «Варшаўская восень» напісаны для інструментальнага ансамбля «Святло на Шляху» (2000 г.) і «Маё-ёй» (2005 г.), у 2013 годзе для Кракаўскага аддзялення Саюза кампазітараў Польшчы ў рамках праграмы Zamowienia kompozytorskie 2013, якая была здзейснена праз Instytut Muzyki i Tanca быў напісаны цыкл «Пожні» для змешанага хору без суправаджэння на словы Уладзіміра Жылкі і Ларысы Геніюш. Прэм’ера цыкла адбылася 15 снежня 2013 года падчас аўтарскага канцэрта кампазітара ў Кракаве. Яшчэ тры аўтарскія канцэрты кампазітара з поспехам прайшлі ў Мінску (2011 г., 2015 г.) і Кракаве (2015 г.).
Яўген Паплаўскі актыўна цікавіцца гісторыяй музычнага жыцця на Бeлapyci. Быў адным з заснавальнікаў i дырэктарам (да 1996 г.) Нацыянальнага тэатральна-канцэртнага аб’яднання «Беларуская Капэла» (створана ў 1992 годзе), мэтай якога з’яўляецца пошук, вывучэнне i ўвядзенне ў выканальніцкую практыку старадаўняй беларускай  музыкі.  Працаваў у архівах бібліятэк Лондана, Кракава, Варшавы, Познані, Гданьска i Санкт-Пецярбурга. Знойдзеныя матэрыялы сталі асновай рэпертуару штогадовага фестывалю «Адраджэнне беларускай капэлы». Аўтар сцэнарыя балета «Тэагонія» (паводле Гесіёда, VIII ст. да н. э.), у якім узноўлены прынцыпы тэатра Уршулі Радзівіл (1705–1753 гг.). Паводле яго драматургічнай ідэі ў 1995 годзе быў пастаўлены балет «Паланэз» на музыку Mixaлa Клеафаса Агінскага (1765–1833 гг.). У 2008 годзе ён сумесна з Расійскай Нацыянальнай бібліятэкай і Польскім інстытутам у Санкт-Пецярбургу заснаваў серыю нотных выданняў «Музычная спадчына Рэчы Паспалітай з Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі». Свет пабачылі ўжо 12 сшыткаў серыі.

 

Таццяна АСТАПЧЫК,
намеснік дырэктара Поразаўскай СШ па выхаваўчай рабоце.

Предыдущая статья

Мая грынкаўская зямліца