banner

"Мы ад страху плакаць баяліся"

02 Февраля’09
2441

alt

"Мы ад страху плакаць баяліся"Волечка Шавель (Вольга Арсенцьеўна Самсонік) нарадзілася 25 ліпеня 1929 года ў вёсцы Геруцева.

— Я ўжо падлеткам была, калі вайна пачалася, шмат чаго памятаю. Ды і хто ж такое забудзе? Пра тое, што ўчора было, магу забыцца, а пра вайну ніколі не забудуся.

Мой тата да вайны быў старшынёй Міхайлаўскага сельскага Савета. Паважаным быў чалавекам, але ж, вядома, усім добрым не будзеш, знайшліся ў сяле тыя, каму мясцовая ўлада не дагадзіла, і адна жанчына выдала яго немцам. І не толькі яго. Брат таты ў міліцыі працаваў у Поразава, яго таксама выдалі немцам, а яшчэ маміных двух братоў, Паўла і Юльяна Ляпешкаў, некалькіх суседзяў. Памятаю, прыехала на падворак машына, выйшлі немцы з аўтаматамі, зайшлі ў хату і тату вывелі. Мы плакалі, але хто там слухаў... Павялі ўсіх арыштаваных у другую вёску. Мама спадзявалася, што хутка назад прыйдуць, а тата і шапку забыўся ўзяць. Холадна было, зіма пачыналася ўжо, дык я ўзяла бушлат, ну такі, што на галаву надзяваецца, і следам пабегла. Хацела аддаць яго тату, але ён не ўзяў, сказаў: “Нясі дачушка дадому, аддай Пеці”. Тата ўжо ведаў, што іх расстраляюць. А Пеця — гэта мой брат малодшы.

Ну вось, прывялі іх у Ізабелін, пасадзілі там пад арышт. А раненька на расстрэл павялі. Мы не ведалі, не бачылі, як яны загінулі, але іншыя стаялі і бачылі. Там, у тым натоўпе, і жанчына тая стаяла, што прадала іх усіх. Дык вось, калі пачалі страляць, усе пападалі, а аднаго мамінага брата не забілі, а толькі паранілі. Ён паляжаў трошкі, а потым падняўся і пабег, хацеў выратавацца. Але жанчына тая ўбачыла і немцам сказала. Яны на коней селі і паехалі яго даганяць. Дагналі, вяроўку на шыю накінулі і прыцягнулі назад. Не выратаваўся, бедны, загубілі і яго.

Хаваць нам іх не дазвалялі. Там на месцы выкапалі невялікую яму і засыпалі пяском. Толькі ўжо пасля вайны раскапалі, і кожны свайго па адзежы пазнаў, перазахавалі на могілках у Свянціцы. Кожнага ў асобнай магіле, але помнік паставілі адзін на ўсіх. А жанчына тая, што выдала іх, панесла пакаранне. Пасля вайны ў турме сядзела, але вярнулася жывая і здаровая. Яе ўжо няма на свеце. Памерла.

Бяда на тым не скончылася. Мы толькі да вясны спакойна жылі, калі гэта можна так сказаць, бо які там спакой у вайну. Кожны дзень пад страхам смерці.

Мы вясной толькі бульбу паспелі пасадзіць, як немцы прыйшлі, каб нас вывезці ў Германію. А нас у мамы чацвёра дзяцей было: я самая старэйшая, а малодшай сястрычцы толькі паўтара гадкі споўнілася.

Я на той час нянькай працавала ў Карэвічах. Добрая была ў мяне гаспадыня, шкадавала, а я дзетак яе даглядала і карміла. Незадоўга да таго, як нас мелі вывезці, мяне солтыс папярэдзіў. Гаспадыня тая сказала мне: “Заставайся, дзіця, у мяне, хопіць месца”. Але я вырашыла, што з мамай буду, што б ні сталася.

Памятаю той дзень, нібы ўчора было. Нас вывелі, на фурманкі пасадзілі, а ўсю гаспадарку забралі. Акрамя нас, яшчэ некалькі сямей было. Вось на тых фурманках павезлі ў Ізабелін. Мы ноч начавалі ў той самай “арыштанцы”, дзе наш тата правёў ноч перед расстрэлам. Паселі мы на саломе і чакалі, што з намі далей будзе. А раніцай вывелі на двор. Немцы стаяць з аўтаматамі, сабакі брэшуць, гатовы паразрываць усіх. Было так страшна, што дзеці нават плакаць не маглі ад страху. Ну вось, пасадзілі нас зноў на фурманкі і павезлі. Давезлі да леса і спыніліся. Не ведалі, што з намі рабіць: расстраляць ці ў Германію везці. Паслалі ганца ў Ваўкавыск у камендатуру. Ён павінен быў прывезці вырак для нас, але мы не ведалі, чаму стаялі. Некалькі гадзін чакалі яго, а потым нас павезлі ў Ваўкавыск. Спачатку ўсіх перапісалі ў камендатуры, а потым — на чыгуначную станцыю. Там у цялячыя вагоны пазаганялі, і мы крануліся з месца. 

Даехалі спачатку да Беластока. Вось там мне якраз 14 гадоў споўнілася. Пасля Беластока павезлі нас у Граева, а потым у Германію, у горад Ліцк. Пачалі прыязджаць гаспадары і разбіраць сабе работнікаў. Бралі маладых, дужых, без дзяцей альбо ў каго адно дзіця, не болей. А нас у мамы чацвёра. Нас ніхто не хацеў браць. Тады павезлі нас у маёнтак. Завялі ў барак, а там было шмат людзей. І французы былі, і палякі, і рускія. Шмат было зямлі ў таго гаспадара, і мы там працавалі. Я спачатку з дзецьмі сядзела, а потым таксама ў поле выходзіла на працу. Вось так і жылі.

Дадому, дзякуй Богу, усе вярнуліся жывымі. Але жыць не было дзе, разбуранае было наша гняздо. І тады наш сваяк, што жыў у Навасёлках, прапанаваў, каб да яго  перасяляліся. Ён ужо старэнькі быў, і мы да яго прыехалі. Тут я са сваім Міхасём пазнаёмілася, тут і замуж пайшла. У гэтым годзе споўніцца роўна 60 гадоў, як мы разам. Трох дзетак нам Бог даў: сыночка Сяргея і дзвюх дачушак — Людмілу і Ганну. Ужо дзесяць гадкоў, як сыночка няма на свеце. Люда разам з намі жыве, а Ганна — у Свіслачы. У нас шасцёра ўнукаў і сямёра праўнукаў. Прыязджаюць да нас, шкадуюць. І мы іх таксама вельмі любім. Дай ім Бог здароўя і шчасця, каб ніколі не зведалі таго, што нам давялося.

Успаміны запісала

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Фота аўтара.

Предыдущая статья

Самобытные певуньи