banner

Новы Двор у XV – пачатку ХХ стст.

15 Марта’13
2599
Новы Двор у XV – пачатку ХХ стст. Нарыс гісторыі мястэчка
Адна з першых згадак аб Новым Двары мае дачыненне да палявання Вітаўта і Ягайлы ў Белавежскай пушчы і адносіцца да 1409 года. Вялікія князі рыхтаваліся да вайны з Лівонскім ордэнам і назапашвалі харчаванне для сваёй арміі. Як вядома, паляванні гэтыя не прайшлі дарма: «Вялікая вайна» 1409 – 1411 гг. прынесла абодвум народам перамогу над крыжакамі ў знамянальнай Грунвальдскай бітве 1410 г. і назаўсёды паклала канец шырокай экспансіі ордэна на землі Княства і Кароны, што, у сваю чаргу, стварыла спрыяльныя ўмовы для развіцця беларускай народнасці ў межах сваёй шматэтнічнай дзяржавы.
Новы Двор, як можам меркаваць, належаў князю Вітаўту як маёмасць яго бацькі Кейстута, і з’яўляўся яго паляўнічай «базай». Вядома, што Вітаўт паляваў тут у лютым 1421 г., а падчас эпідэміі чумы 1426 г. вялікі князь разам з Ягайлам і сваімі дваровымі людзьмі хаваўся ў Новым Двары, бавячы час паляваннямі.  
Пасяленне мела выключна добрае геаграфічнае становішча, якое спрыяла яго росту і развіццю. Новы Двор ляжаў на важнай каралеўскай дарозе, якая была закладзена  ў 1518 г. і злучала Вільню з Кракавам. Праз мястэчка таксама ішла дарога ў Ружаны, а адтуль далей – на Маскву. У тым жа годзе тут праводзіліся два таргі на тыдзень: па серадах і нядзелях, – пасяленне было цэнтрам воласці. Цікава, што гэтая традыцыя захавалася да пачатку ХХ ст., калі таргі праходзілі па тых самых днях. Патрэбна прызнаць, што па свайму стратэгічнаму палажэнню і эканамічнаму значэнню Новы Двор XVI ст. стаяў на ўзровень вышэй за Поразава і Свіслач. Так, на карце з 1508 г. пазначана толькі некалькі гарадоў нашага рэгіёна, у тым ліку Брэст і, што цікава, Новы Двор. Няма на ёй ні Свіслачы, ні Поразава, ні нават Ваўкавыска. На так званай Радзівілаўскай карце 1613 г. у адзначаным рэгіёне знаходзім толькі Новы Двор і Поразава.  На карце «Вялікае Княства Літоўскае і Белая Русь», складзенай  Г. Бакланам каля 1654 г., зноў адзначаны толькі Новы Двор. Аднак  XVI ст. было пікам развіцця тракту Вільня – Кракаў, ад якога так моцна залежала мястэчка. Першая палова XVII ст. была адзначана шэрагам поспехаў у эканамічным развіцці. Зіновій Капыскі падае, што ў гэты час тут праходзіў шэраг стратэгічна важных гандлёвых шляхоў, у прыватнасці, гасцінцы Орша – Брэст і Люблін – Вільня. З XVII ст. пачынаецца развіццё іншых гандлёвых шляхоў, і пасяленне, паступова губляючы сваю гандлёвую спецыялізацыю, гаспадарчай дзейнасцю і знешнім выглядам пачынае нагадваць вёску. Большасць жыхароў з цягам часу зрабілі земляробства сваім асноўным заняткам.
Статус мястэчка Новы Двор атрымаў у 1505 г. Аднак сам статус яшчэ не гарантаваў усіх местачковых прывілеяў. Важнай падзеяй для пасялення было атрыманне прывілеі на магдэбургскае права. Навадворцы памяталі пра гэта і з пакалення ў пакаленне трымаліся свайго мяшчанства. Нават у часы знаходжання ў складзе Расійскай імперыі яны адмаўляліся выконваць вясковыя павіннасці, спасылаючыся на прывілеі «каралёў польскіх». Аляксандр Смалянчук, спасылаючыся на артыкул Аляксея Шаланды (у «Герольд-Litherland», 2004. № 1-2), піша, што Новы Двор атрымаў магдэбургію на падставе прывілеі караля Стэфана Баторыя ад 12 жніўня 1578 г. Аднак сам А. Шаланда выпраўляе сябе ў наступным артыкуле (Ваўкавышчына, 2008. № 1(6)), дзе падае, што прывілея Стэфана Баторыя датычыць іншага населенага пункта з падобнай назвай. Такая ж блытаніна адносна Новага Двара яшчэ раней узнікла ў Анатоля Цітова. Гэтыя памылкі былі абумоўлены спецыфікай праблемы: пасяленняў з назвай «Новы Двор» даволі шмат, але часцей за ўсё Новы Двор Ваўкавыскага павета блытаюць з аднайменнымі мястэчкамі на Лідчыне і Сакольшчыне.
Пазней Новы Двор атрымоўвае ўласны герб і гэтым геральдычным сімвалам прыраўноўваецца да шэрагу дзяржаўных мястэчкаў Ваўкавыскага павета. Дзякуючы працы даследчыка А. Шаланды нам вядомы пячатка Новага Двара з гербам  і надпісам з 1792 года і канфірмацыйная прывілея караля і вялікага князя Аўгуста ІІІ Прыгожага ад 14.11.1744 г. З гэтага дакумента вынікае, што правы і прывілеі Новага Двара, акрамя Аўгуста ІІІ, пацвярджаліся і яго папярэднікамі (што было звычайнай справай пры з’яўленні новага манарха на троне): Аўгустам ІІ Моцным (28.11.1718 г.), Янам ІІІ Сабескім (20.01.1679 г.), Міхалам Карыбутам Вішнявецкім (20.03.1670 г.) і Янам Казімірам Вазай (3.08.1661 г.). Нехта з апошніх манархаў і мог надаць Новаму Двару герб з выявай збройнага арханёла Міхаіла, які топча пераможанага чорта і пры гэтым правай рукой абапіраецца на меч, а ў левай трымае вагі. А. Шаланда схіляецца да думкі, што гэтым каралём мог быць Міхал Карыбут Вішнявецкі, які надаў мястэчку герб свайго святога заступніка, відаць, маючы за ўзор герб ваяводскага Наваградка. Аднак пакуль не выяўлены арыгінальны ці другасны акт магдэбургскай прывілеі для мястэчка, пытанне аб часе атрымання Новым Дваром магдэбургіі застаецца адкрытым.  
Цікавыя звесткі аб Новым Двары падае старая карта Вацлава Градэцкага з 1562 г., на якой апрача нашага мястэчка ў Ваўкавыскім павеце яшчэ пазначаны толькі Ваўкавыск і Масты. Мястэчка паказана тут большым нават за Бельск (зараз у Польшчы) і маючым сваю царкву. Мястэчка таксама адлюстравана ў рэвізіі Свіслацкай пушчы за 1595 г. Яно знаходзілася на яе паўднёвым краі, тым часам як на ўсходзе Свіслацкая пушча межавала з Лыскаўскай, а на захадзе абмяжоўвалася гасцінцам, што ішоў з Брэста на Ваўкавыск.
Паколькі традыцыйна Новы Двор разам з войтаўствам поразаўскім уваходзіў у склад Ваўкавыскага стараства, то з вялікай верагоднасцю мы можам казаць, што ўсе ваўкавыскія старасты кіравалі адначасова і Новым Дваром. Назавём некаторых з іх: 1484-1494 гг. – Іван Давойнавіч (Давойна), 1496-1505 гг. – Войцэх Качуковіч,  1506-1509 гг. – Ян Забярэзінскі, 1511 г. – Януш Аляксандравіч Гальшанскі, 1518-1520 – Ян Юрый Глябовіч, 1522-1543 гг. – Мацей Войцэхавіч Клачко, 1546-1552 гг. – Васіль Тышкевіч, 1556 г. – Мікалай Нарушэвіч, 1557-1575 гг. – Ян Тышкевіч, 1576 г. – Мікалай Дарагастайскі, 1637 г. – Мікалай Кішка.
Сяргей РАМАНАЎ.
Працяг.


Предыдущая статья

Мы вас поздравляем, боевые подруги!