banner

Мы на нітку з табой нанізалі гады...

24 Сентября’12
2255

Мы на нітку з табой  нанізалі гады...

 

22 верасня для Іосіфа Іванавіча і Марыі Іосіфаўны Дзямянчыкаў – дата асаблівая. Менавіта ў гэты дзень яны некалі прысягнулі Богу быць разам у горы і радасці, шанаваць адзін аднаго і быць вернымі, пакуль б’юцца сэрцы. Прысягу сваю стрымалі! А сведкі таму – 60-гадовы сямейны шлях, чацвёра дзяцей, дванаццаць унукаў, тры праўнучкі і праўнук. Усё гэта і ёсць іх найвялікшае багацце, якое нельга параўнаць з каштоўнасцямі цэлага свету.
А пачыналася ўсё вельмі банальна. Жыла некалі ў Янаўшчыне сям’я Іосіфа Качаржука, і гадавалі яны з жонкай Стэфаніяй шэсць дачушак. Працавітымі раслі дзяўчаткі, прыгожыя былі,  як кветачкі. Вось адну такую кветку і запрыкмеціў аднойчы на вячорках малады чарнавокі юнак Іосіф Дзямянчык. Ды і не толькі яму прыглянулася тая красуня, маці і тая не раз казала сыну: “Бяры Марыйку Качаржукову, добрай жонкай будзе, папамятаеш маё слова”.
І аднойчы прыйшоў-такі Іосіф да Марыйкі ў сваты. Не сказаць, што яна ад шчасця свяцілася тады, можа, і сумнявалася, ці ісці за яго, але ж бацька, доўга не раздумваючы, даў згоду, і пытанне было вырашана. Так стала Марыйка жонкай Іосіфу, а з цягам часу і маці двум сынам і дзьвюм дачушкам.
Як жылі? Ды як усе. Працавалі, дзяцей падымалі, вучылі жыць у згодзе з Богам, з людзьмі ды ўласным сумленнем, наказвалі працы не цурацца, ад чужой бяды не адварочвацца, лёгкага хлеба не шукаць. Навука бацькоўская не была дарэмнай. Выраслі дзеці добрымі, сумленнымі людзьмі, а сталі дарослымі, таму ж сталі вучыць і сваіх дзяцей. Так і павінна быць. Што з маленства заложана бацькам і маці, тое свеціць пуцяводнай зоркай на працягу ўсяго жыцця. Зорка тая акурат над бацькоўскім домам павісла, а святло яе маніць да сябе, прыцягвае з неверагоднай сілаю. Таму і спяшаюцца дзеці да роднага гнязда, едуць унукі, праўнукі. І звініць тады старэнькая хатка на ўсе галасы, і радасцю ўспыхваюць вочы старэнькіх бацькоў.
Старэйшы сынок Іван жыве ў Ваўкавыску, часта наведваецца ў Янаўшчыну, амаль штодзень тэлефануе. Трое дзетак мае і адну ўнучку. Яны таксама частыя госці ў бабулі з дзядулем, у якіх заўсёды для іх ёсць што-небудзь смачнае.
На жаль, другі сынок Міхаіл ужо не прыедзе ніколі, бо заўчасна пакінуў гэты свет. У нядзельку сыночка свайго ахрысціў, а ў панядзелак недарэчна загінуў. На кані  ехаў, а той неўзабаве панёс, выкінуўшы з воза Міхаіла. Упаў, ударыўся галавою аб стоўб і на месцы загінуў. Здарылася тая бяда 10 гадоў таму. Трое дзетак сіротамі пакінуў…
Малодшыя дачушкі Тарэза і Ірына найбліжэй да бацькоў жывуць – у Поразаве. Як толькі выпадае выхадны дзень, яны едуць у Янаўшчыну. Ні хвілінкі не адпачываюць. Мыюць, чысцяць, вытрасаюць, грады ды кветнікі праполваюць, абы толькі маме было лягчэй, абы толькі жылі як мага даўжэй самыя родныя людзі. У абедзьвюх па тры дачушкі, а ў Тарэзы ўжо тры ўнучкі ёсць.
Іосіф Іванавіч, на жаль, даўно хварэе. Нага далягала з маладых гадоў. Вельмі часта ў бальніцы прыходзілася ляжаць, у санаторыях лячыцца. Але ж калісь якім галасістым быў, ого! У касцёле, бывала, як запяе, дык заслухаешся. Галоўным запявалам быў у храме. Дапамагаў, вядома, як мог, і жонцы ў выхаванні дзяцей, хадзіў на працу. Быў заўмагам, потым загатоўшчыкам, кладаўшчыком, а пасля малаказборшчыкам. Большасць працы на ўласнай гаспадарцы ляжала на слабых плячах Марыі, дзеткі, як падраслі, дапамагалі. Мужа Марыя шкадавала, лячыла, як магла. Працавала спачатку ў саўгасе, а потым па дагаворы з Гродзенскай фабрыкай сувенірных вырабаў дома на кроснах ткала. Ручнікі, сурвэткі, пасякі, абрусы. Праца настолькі падабалася, што магла цалюткую ноч за кроснамі прасядзець і стомленай сябе не чула. Да таго ж дзеці заўсёды побач былі, магчымасць усё зрабіць дакладна ў хаце. Здароўе,  дзякуй Богу,  не падводзіла, ніколі не ведала ніякіх бальніц і наогул па сёння адчувае сябе добра. Можа, таму, што ўмела дзякаваць Творцу і за боль, і за радасць, што заўсёды жыла ў згодзе з Ім, і лічыць гэта самым важным у жыцці.
Вось яна ўсміхаецца, і ля вачэй імгненна ўспыхваюць праменьчыкі-смяшынкі. Гады не сцерлі з яе мілага твару былой прыгажосці, вось толькі валасы срэбрам пакрылі ды зморшчынкамі шчокі ўсыпалі. Як яна цешыцца сваімі дзеткамі і ўнукамі, з якой цеплынёй расказвае пра іх, колькі пяшчоты ў голасе маці, колькі гонару за кожную сваю крывінку! 
Не песціла жыццё гэтую мілую кабету, але сэрца не пакрылася чэрствай скарынкай, яно па-ранейшаму чыстае, гарачае, трапяткое, адкрытае наўсцяж. Такое ж яно і ў мужа, добрае, шчырае і спагадлівае. Таму яны і разам столькі гадоў, як Бог наказаў: і ў горы, і ў радасці.
Калі толькі прабеглі тыя гадочкі? Вось ужо і брыльянтавае вяселле прыйшла пара адзначаць. 60 гадоў нанізаны пацеркамі на нітачку жыцця. Як яны свецяцца, пераліваюцца ўсімі колерамі вясёлкі. Любуюцца імі дзеці, унукі, праўнукі. Вось яно – шчасце і радасць. Вось яно – самае вялікае багацце ў свеце.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота аўтара.

Предыдущая статья

С Центром творчества дружить – в жизни не тужить!