banner

Песня льецца з самога сэрца

18 Декабря’11
2119

Песня льецца з самога сэрца

Вольга Сямёнаўна Дарошына летась адзначыла сваё 90-годдзе. Да яе з такой нагоды прыйшлі самыя блізкія і родныя людзі з падарункамі і віншаваннямі. Імянінніца слухала і на вачах маладзела. Прынамсі, і да гэтага ёй ніхто не даў бы дзевяноста. Ну ад сілы – 80, а то і семдзесят пяць. Словам, бабулька яна яшчэ рухавая і дасціпная. Гадам не паддаецца, з хваробамі не сябруе, таму выглядае хоць куды.

Можа, у яе ёсць нейкі сакрэт альбо, можа, яна адкрыла эліксір маладосці? Наконт эліксіру спрачацца не буду, а вось сакрэт сапраўды ёсць. І яна яго ні ад каго не скрывае – гэта любоў да песні. Да той песні, што спявала ёй матуля ў далёкім дзяцінстве. У самое сэрданька ўліваліся Волечцы тыя мелодыі і тыя словы, таму нават праз дзевяць дзесяцігоддзяў яны жывуць і бруяцца з грудзей, і прагнуць быць пачутымі.

Яна спявае колькі сябе памятае. У маленстве спявала разам з мамай, потым у школе шмат разоў чулі яе прыгожы галасок, не сціхаў ён на вячорках, у полі ў час жніва, у хаце каля кроснаў, у лесе, на лузе... Дзе б ні была, заўсёды спявала. Калі пасля вайны аказалася ў Свіслачы і пайшла працаваць у аддзяленне сувязі, адразу запісалася ў хор. А як жа без песні?! Колькі разоў з канцэртамі выступала, на аглядах-конкурсах спявала, ды і проста для сябровак на святах, днях нараджэння, вяселлях, хрысцінах.

Праляцелі, прамільгнулі гады -гадочкі. І галаву срэбрам пакрыла, і твар усыпалі маршчынкі-праменьчыкі, але сэрца якім было маладым, такім і засталося. Нават нягледзячы на тое, што не аднойчы горачка горкае ў яго стукалася. Слязьмі не раз і не два ўмылася, думала, што няма той сілы, якая б да жыцця вярнула. Адно ж праходзіў час, аджывала душа і зноў песні прасіла.

У яе рэпертуары былі такія песні, якія мала хто чуў. Польскае танга “Грай, скшыпко, грай”, “Стадоланька”, “Куды, Марылька, ты збіраешся?”, “Каравайная”, “Жніўная”, “У зялёным гаёчку”. У яе такі дзіўны, такі лагодны і пяшчотны голас, што можна яго слухаць бясконца. Не аднойчы Вольгу Сямёнаўну запрашалі выступіць на аглядах і конкурсах як раённага, так і абласнога ўзроўню. Кожны раз спявачка прывозіла ўзнагароды: граматы, дыпломы, падарункі.

І вось сёлета новы абласны фальклорны агляд. На яго з’ехаліся аматары народнай песні з усёй Гродзеншчыны. Былі там і вядомыя гурты, і асобныя выканаўцы. А сярод іх і самабытная спявачка са Свіслачы Вольга Сямёнаўна Дарошына. Калі вядучая аб’явіла, што зараз будзе выступаць спявачка, якой пераваліла за 90 гадоў, і зала ўзарвалася апладысментамі, Вольга Сямёнаўна спакойна пайшла насустрач гледачам.

“На бітым гасцінцы

Карчомка стаяла,

А ў той карчомцы

Музычанька грала.

Музычанька грала,

Казакі гулялі,

Казакі гулялі,

Дзявок намаўлялі…”

Яе голас ліўся, здавалася, з самага сэрца, як вадзіца з крынічкі, і расцякаўся чыстымі ручаёчкамі па зале. Гледачы нават дыхаць баяліся, так уважліва слухалі. А яна спявала і спявала, і лёс невядомай дзяўчыны, якую падманам звялі казакі і загубілі, спаліўшы разам з сасною, кранаў за жывое кожнага, хто быў у зале. Скончылася песня, яшчэ імгненне была ціша, а потым грымнулі апладысменты.

Песня льецца з самога сэрцаКалі пачалося падвядзенне вынікаў, Вольга Сямёнаўна не магла паверыць сваім вушам. У намінацыі “Салісты” яна аказалася самай лепшай. Дыплом пераможцы і вялізную прыгожую вазу ёй уручыла старшыня журы, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Тамара Варфаламеева. Яна слёз не магла стрымаць, віншуючы нашу самабытную спявачку. І не дзіва. Такіх, як Вольга Сямёнаўна, сёння сустрэнеш нячаста. Няхай дасць ёй Бог здароўя яшчэ на шмат гадоў.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

О людях с безграничной сердечностью