banner

Гарачы чэрвень 41-га

21 Июня’11
1827

Гарачы чэрвень 41-га

Успаміны, успаміны… Яны ўскалыхваюць душу, прымушаюць хвалявацца і ў каторы раз задумвацца аб тым, як бы сёння мы жылі і ці жылі б наогул, каб тады, у 41-м, здзейсніліся планы Гітлера зрабіць нас сваімі рабамі. Некаторыя кажуць, што прыпяваючы жылі б, піўко папівалі б ды на іншамарках ездзілі б. Не ведаю, які трэба мець розум, каб так думаць, і ці ёсць ён наогул у гэткіх «філосафаў», і кожны раз, слухаючы чарговы аповед, у думках дзякую Богу за тое, што пашчасціла жыць у вольнай краіне, што не давялося бачыць таго, што перажылі мае расказчыкі і ўсё тое пакаленне, на долю якога выпала вайна.

Вось сядзіць перада мной бабулька ў хустачцы, ціхенька вядзе размову, а я гляджу ёй у вочы і, здаецца, як у тэлевізары, бачу ўсё тое, аб чым яна гаворыць.

Анастасія Аляксандраўна Горбач нарадзілася ў Дзешкаўцах у 1928 годзе. Калі пачалася вайна, ёй яшчэ не было трынаццаці.

— Нядзелька была, мы, дзеці, у полі кароў пасвілі. А тут бачым, нейкі дзядзька ідзе. «Вайна, — кажа, — дзеткі, пачалася». Сам такі ўзрушаны, усхваляваны, мала не плача. А мы ж тады нічога не разумелі яшчэ: ну вайна і вайна, што там такога? Як пасвілі, так пасвілі тых кароў, не было нам ніякай справы да той вайны. А ўжо на другі дзень пачалі самалёты лятаць. Гул стаяў страшэнны, здавалася, што ўсё неба было ў тых самалётах. Тады людзі пачалі ў лес уцякаць і кароў з сабою гнаць туды. А наша мама толькі нас траіх выправіла. Сама не пайшла, бо тата хворы быў, яна не хацела яго аднаго пакідаць. Вось мы і пабеглі. Я старэйшая была, а яшчэ сярэдні брат і малодшая сястрычка. Брат быў інвалідам. У трохгадовым узросце ўпаў і ножку выкруціў, і яна была карацейшай за здаровую. Вось мы ўтрох бяжым, ён клыбае за намі, ледзь паспявае, а над намі тыя самалёты ляцяць. Страх, не выказаць. Прыбеглі ў лес, кароў на вялікую паляну вывелі, яны адразу і паляглі, нібы разумелі што. А другая група людзей пабегла далей, да альшыны. І тут чуем, што недзе там бомба ўпала. Такі быў страшэнны выбух, што ўся зямля ўскаланулася. Але, на шчасце, нікога там не забіла, толькі зямлёй і граззю прысыпала.

Мы цэлую ноч у лесе прастаялі. Холадна было, а мы ж пабеглі ў чым былі. Лета ж, горача днём. Ноччу я туліла да сябе брата і сястрычку малых, а сама ж яшчэ невялікай была. На другі дзень сціхлі тыя самалёты, і мы вярнуліся дадому.

У нашай вёсцы немцы не стаялі, яны ў Поразаве былі, але да нас часта прыходзілі. Усё нешта вышуквалі, вынюхвалі. Але ж, дзякаваць Богу, у нас нікога не расстралялі, неяк мінавала нас гэтая бяда, а ў іншых вёсках шмат людзей загубілі нелюдзі.

Так мы да 42-га жылі. А вясной пачалі маладых у Германію вывозіць. Солтыс спіскі пісаў, а потым хадзіў з немцамі і паказваў, дзе хто жыве з тых спіскаў. Мне было ўсяго трынаццаць гадкоў, а ён напісаў, што сямнаццаць. Вось і прыйшлі мяне забіраць. А я ўцячы хацела, схавацца. Бягу ад той бяды, а нехта крычыць услед: «Бацьку твайго б'юць». Вось я і вярнулася. Шкада было тату. Думаю, няхай будзе што будзе са мной, няхай толькі яго не зачапаюць. Ён і так хворы, а яшчэ двое дзяцей у хаце. Вось і забралі мяне. А разам са мной яшчэ чалавек пятнаццаць. Немцы сказалі ўзяць ежы на тры дні, пасадзілі на фурманкі і павезлі. А мацяркі нашы плакалі, крычалі, галасілі, выпраўляючы нас. Ніхто не ведаў, ці вернемся.

Прывезлі спачатку ў Поразава, потым у Ваўкавыск. Там нас урачы аглядалі. Немцы хворых не бралі, ім былі патрэбны здаровыя работнікі. Далей нас у Беласток направілі. І там таксама ўрачы аглядалі. І адзін доктар сказаў, што ў мяне лёгкія хворыя. Я думала, што дадому адправяць, а яны мяне ў лагер запіхнулі. Я там некалькі месяцаў прамучылася, высахла ўся ад голаду, а потым усё ж мяне выправілі ў Германію. Там прыйшлі купцы, што работнікаў сабе набіралі, а мяне ніхто браць не хоча. Дзіця дзіцём, і худая, як шкілет. А пасля адзін усё ж узяў. Сказаў, гусей буду пасвіць. Вось я і паехала. Гусей пасвіла толькі месяц, а потым кароў даіла і свіней карміла. Кароў восем было і шмат свіней. Вёдрамі есці ім насіла і даіла рукамі. А рукі слабыя, сілы не мела, цяжка было вельмі. У таго гаспадара было пяць сыноў, і ўсе на фронце ваявалі, а дома толькі дачка засталася.

Я там два гады прабыла. Потым тэлеграма прыйшла, што тата памёр. Гаспадыня прыйшла і кажа: «Твой бацька здэх». Я плакала, дадому прасілася, але ж мяне не пусцілі.

Гэта ў сакавіку было, а пусцілі толькі восенню. Прыехала дадому, мама ўсцешылася, брат, сястра. Ужо немцаў не было, прагналі іх.

Цяжка ўсё ўспамінаць, хоць даўно было, а здаецца, учора.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара.

Предыдущая статья

Принимали областные врачи