banner

Востра працінае сэрца памяць

07 Мая’11
1957

Востра працінае сэрца памяць

Вольгу Іванаўну Дзянісік ведаю даўно. Добразычлівая, шчырая жанчына. Шмат гадоў адпрацавала ў інтэрнаце, саграючы сваім вялікім сэрцам дзетак, якіх доля не песціла. Хто ведае, можа, у кожным з іх яна бачыла сябе маленькую, заўчасна асірацелую, пакінутую на волю лёсу ды на чужых-чужанюткіх людзей.

Даўно гэта было, але чамусь з кожным годам усё вастрэй працінае сэрца памяць, а ў сны ўсё часцей прыходзяць тыя людзі, якія не далі памерці з голаду, уратавалі ад згубы, захінулі ад варожай кулі. Не, ніколі не забудуцца тыя дні, горкія, як палын, і будзе нясцерпна балець душа да скону веку. І каб хоць трошкі сцішыць той боль, яна прагне тымі ўспамінамі падзяліцца.


— Калі мамы нашай не стала, мне яшчэ шасці гадкоў не было. Старэйшай сястры Настачцы — адзінаццаць, а сярэдняй — сем. 22 сакавіка 1940 года мама памерла, а праз год і тры месяцы вайна пачалася.

Тата наш у міліцыі служыў, і да нас у хату часта прыходзілі партызаны. Шмат чаго расказвалі. Аднойчы сказалі, што ў Грынках немцы схапілі Аксінню Касьян, завезлі на яўрэйскія могілкі, прымусілі выкапаць яму, а потым у той яме яе расстралялі. Страшна было слухаць.

Старшынёй калгаса ў нас тады быў Іван Фаміч Пракопік. Ён аднойчы прыйшоў да нас і сказаў, што трэба ісці ў партызаны, але тата не згадзіўся, не хацеў нас пакідаць адных. Тады Пракопік сам пайшоў. А за татам аднойчы немцы прыйшлі. Ён паглядзеў на нас, сказаў: «Дзеткі, я вас больш ніколі не пабачу». Яго вывелі на двор, а я кінулася ўслед, крычу: «Татачка, татачка», а паліцай мяне сцебануў з усёй сілы бізуном металічным. Нагу да касці працяў, вельмі доўга гніла і нават зараз яшчэ далягае.

Мы засталіся адны ў хаце. Нам прыносіла есці маці Пракопіка, і часта карміла адна ўдава. Яе звалі Марыя Кучынская, але ў вёсцы клікалі проста Марылька. Мы часта да яе хадзілі. Яе муж памёр, і яна засталася адна з пяццю дзецьмі. А яшчэ ў той Марылькі жыла старая дзеўка Галёнка. Яе брат у падсолтысы пайшоў, дык яна кінула яго, не схацела жыць з ім у адной хаце, вось і пайшла да Марылькі. У той была хата на два канцы.

Аднойчы мы з дзецьмі былі ў двары і бачылі, як па вуліцы немцы палонных вядуць. А адзін хлопец вырваўся і кінуўся да нас на падворак. Мы разам з ім уляцелі ў хату, а Галёнка тая ў момант адзін схапіла нейкую ганучу, абвязала таму хлопцу галаву, вымурзала твар сажай і сказала хуценька схавацца на печ. Толькі ён паспеў на тую печ залезці, як немцы ў хаце былі. «Русіш, русіш», — гаргічуць, а Галёнка кажа: «Кіндэр, ціфус», — і паказвае на печ. Тыя хутка пайшлі з хаты. Яны вельмі тыфу баяліся.

Дзякуючы Галёнцы той хлопец жывы застаўся. Паранены быў, дык яна яго выхадзіла. Потым ён пайшоў у партызаны. А яшчэ ў той Марылькі жыла жонка ваеннага з дачушкай Нінай. Дык іх потым таксама да партызанаў пераправілі.

Адна жанчына часта гаварыла, калі нас бачыла: «Трэба гэтых шчанюкоў камуніста пастраляць». Дык нас бабуля, маці Пракопікава, хавала, а солтысу сказала, што прыехалі нейкія далёкія сваякі ды нас забралі.

Неяк прыйшлі ў вёску немцы і патрабавалі, каб усе ішлі да нейкай Ломжы, а вечарам таго ж дня партызаны сказалі, каб у лес перабіраліся. Вось мы і пайшлі ў лес. Шмат хто тады пайшоў. Выкапалі зямлянкі і ў іх жылі. З намі ў лесе былі Марыя Урбіцкая і Вася Калач. Яны камсамольцамі былі. Часта выходзілі з лесу, каб даведацца, дзе што робіцца. Аднойчы прыйшлі і расказалі, што немцы збілі рускі самалёт. Над лётчыкам доўга здзекваліся. Адрэзалі вушы, язык вырвалі, а потым забілі. Маладзенькі, казалі, быў зусім. Яго пахавалі на грынкаўскім полі пад сасонкаю, а потым, пасля вайны, перазахавалі ў брацкую магілу.

Мы нічога не ведалі пра тату амаль да канца вайны. А аднойчы ён ліст даслаў. Пісаў, што жывы, пытаўся, ці мы жывыя. Ён быў у палоне, у лагерах мучыўся, пакуль амерыканцы не вызвалілі.

Колькі радасці было, калі ён вярнуўся да нас. Мы ж ужо не спадзяваліся яго пабачыць.

Пасля вайны тата быў дэпутатам, працаваў брыгадзірам, паважаным быў чалавекам. Пазней мы хату пабудавалі ў Ранявічах. Памёр тата ў 90-м годзе. Сёстры паўміралі, я адна засталася, аўдавела даўно. А радасць мая – мае сыны, унукі, праўнукі. Дзеля іх і жыву.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Ландыши, ландыши... Светлого мая привет