banner
Яе стыхія – мовазнаўства
15:30 31 Июля’19
597
Нядаўна пашчасціла пазнаёміцца з нашай зямлячкай Валянцінай Мікалаеўнай Сіўковіч. Аказалася, што яна выпускніца Поразаўскай сярэдняй школы. Пяцьдзясят лет таму назад яна пакінула сцены любімай школы, адправіўшыся ў самастойнае жыццё.



Большасць яе аднакласнікаў звязала свой лёс са школай. Валянціна Мікалаеўна таксама здзейсніла сваю мару: скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і стала настаўнікам. Выкладала ва ўстановах сярэдняй і вышэйшай адукацыі беларускую і рускую мовы, рускую мову як замежную, рыторыку.

Шматгадовым педагагічным вопытам выкладчык-практык пастаянна дзеліцца з калегамі. А спецыялізуецца Валянціна Мікалаеўна ў распрацоўцы вучэбных матэрыялаў і практычных дапаможнікаў па беларускай мове. З 2001 па 2006 год уваходзіла ў рэдакцыйную калегію часопіса «Беларуская мова і літаратура».

Да выдання падрыхтавала падручнікі і дапаможнікі: «Беларуская мова ў пытаннях і адказах» (за выключэннем 2010 года выходзілі штогод з 2004-га па 2015-ы); «Беларуская мова. Кароткі даведнік» (таксама практычна штогод выходзіў з 2004-га, апошняе выданне было ў 2014 годзе); «Беларуская мова. Практыкум для старшакласнікаў і абітурыентаў» (2005 г., 2006 г.); «Сучасная беларуская мова. Даведнік» (2005 г.); «Тэсты па беларускай мове» (2007 г.); «Слоўнік беларускай мовы» (2012 г.); «Беларуская мова. Сшытак для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання» (2014 г., 2017 г.); «Беларуская мова. ЦТ за 60 урокаў» (2015 г., 2016 г.).

Самы запатрабаваны дапаможнік «Беларуская мова ў пытаннях і адказах» вытрымаў 10 (!) перавыданняў. У чым жа сакрэт такой папулярнасці? У ім сабраны матэрыял з асноўных раздзелаў мовазнаўства. Матэрыял аб’яднаны ў параграфы і пададзены ў форме пытанняў і адказаў. Пасля параграфаў або раздзелаў даюцца заданні на замацаванне тэмы і тэсты на вызначэнне ўзроўню валодання матэрыялам. У выданне ўключана 10 тэставых комплексаў для падрыхтоўкі да ЦТ. У канцы кнігі прыводзяцца адказы да ўсіх заданняў і ключы да тэстаў.

У кнізе сабраны арыгінальны дыдактычны матэрыял усіх узроўняў цяжкасці. Ён можа быць выкарыстаны абітурыентамі пры падрыхтоўцы да вуснага экзамену і пісьмовых тэстаў (асобна падаюцца парады, як да кожнага віду кантролю рыхтавацца), а таксама настаўнікамі і вучнямі школ, ліцэяў і гімназій для сістэматызацыі ведаў па беларускай мове.

Шмат карыснага знойдуць у выданні студэнты-практыканты і выкладчыкі, якія толькі пачынаюць сваю педагагічную дзейнасць, паколькі сістэма пытанняў у кожным параграфе падказвае метадычную логіку ўрока.
Некалькі выданняў прысвечаны падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання. Практычны дапаможнік «ЦТ за 60 урокаў» прызначаны для сістэматызацыі і паглыблення ведаў па беларускай мове пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання.

Увесь матэрыял выдання скіраваны на выпрацоўку ўмення карыстацца нарматыўнымі моўнымі адзінкамі, знаходзіць парушэнне нормы і выпраўляць памылкі, што дапаможа ўдасканаліць арфаграфічную і пунктуацыйную пісьменнасць, а таксама павысіць моўную культуру ў цэлым. Матэрыял размеркаваны на 60 урокаў і пададзены тэматычна, што павінна дапамагчы падрыхтавацца да ЦТ і паспяхова прайсці яго.
Усе тэсты складзены на ўзор тых, што выкарыстоўваліся на ЦТ у папярэднія гады, з улікам спецыфічных цяжкасцей засваення тэарэтычнага матэрыялу пэўнай тэмы. Дапаможнік прызначаны як для самастойнай падрыхтоўкі старшакласнікаў і абітурыентаў, так і для працы пад кіраўніцтвам настаўнікаў. А сшытак для абітурыентаў – лагічны працяг «Беларускай мовы ў пытаннях і адказах» і «ЦТ за 60 урокаў».

Таленавіты педагог склала і кароткі даведнік па беларускай мове. Выданне адрасавана вучням агульнаадукацыйных школ, гімназій, ліцэяў, для абітурыентаў, студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей ВНУ і настаўнікаў. У невялікай па аб’ёме кнізе даецца сістэматызаваны выклад правіл напісання слоў і пастаноўкі знакаў прыпынку, якія прыняты ў сучаснай пісьмовай практыцы, а таксама прыклады іх ужывання. Прыведзены таксама дадатковы матэрыял, які дапаможа карыстальніку даведніка паглыбіць свае веды па беларускай мове. Навучэнцам і абітурыентам выданне будзе вельмі карысным пры падрыхтоўцы да заняткаў, алімпіяд, да цэнтралізаванага тэсціравання і ўступных экзаменаў у ВНУ.
У арсенале яе выданняў ёсць «Слоўнік беларускай мовы», які грунтуецца на правілах, уведзеных у дзеянне ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», прынятым 23 ліпеня 2008 года.

Без сумненняў, многія абітурыенты, ураджэнцы нашага раёна, карысталіся дапаможнікамі, складзенымі Валянцінай Сіўковіч. Але, напэўна, і не здагадваліся, што склала іх наша знакамітая зямлячка, вядомая для большасці мясцовых жыхароў па дзявочаму прозвішчу Карневіч.

Людміла БАЛЫШ

Предыдущая статья

В Беларуси изменяются подходы к награждению орденом Матери