banner

Музей робіць сваю справу выдатна

17 Мая’09
2474

Музей робіць сваю справу выдатнаУ музей Баявой славы, які дзейнічае ў Поразаўскай СШ-СПК з 1986 года, прыходзяць не толькі мясцовыя вучні і жыхары. Сярод наведвальнікаў госці з іншых школ, Польшчы (Гайнаўскі павет), Гродна, Слоніма. Сюды прыязджаюць на экскурсіі з іншых месцаў. Незабыўныя ўражанні ад наведвання музея засталіся ў родных капітана Гаўрылава, лейтэнанта Таджыбаева, якія загінулі ў час вызвалення Поразаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

— Музей у нашай установе створаны па ініцыятыве дырэктара школы. З пачатку ў нас выклікалі цікавасць толькі тыя факты ваенных гадоў, якія датычыліся вызвалення Поразава і Поразаўскага раёна. Штуршком паслужыў помнік, які знаходзіцца ў цэнтры пасёлка, на якім размешчаны імёны загінуўшых воінаў, — расказвае кіраўнік музея Валянціна Гаўрылаўна Масюк. — Затым раздабылі звесткі аб родных загінуўшых воінаў, сталі пісаць ім пісьмы. На той час існаваў СССР, таму праблем з перапіскай не існавала. Канешне, здаралася і так, што пісьмы вярталіся з адзнакай аб тым, што адрасат памёр. Многія дасылалі рэчы, пісьмы, фотаздымкі, дакументы салдатаў. Дачка капітана Гаўрылава, Дзіяна Аляксандраўна, з сынам прыязджала з Ленінграда наведаць брацкую магілу. З імі была наладжана цесная сувязь. У музей роднымі капітана Гаўрылава былі перададзены франтавыя пісьмы, выразка з газеты са зваротам капітана да піянераў у гады вайны і іншыя матэрыялы. Наведала музей і дачка лейтэнанта Таджыбаева з Узбекістана — Назіра Таханаўна. З ёй мы таксама кантактавалі.

Дапамагалі ў зборы матэрыялаў для музея саветы ветэранаў 137-й, 73-й і 26-й дывізій, якія вызвалялі Поразаўскі раён і Поразава. Былі наладжаны сувязі з беларускімі і маскоўскім музеямі, камітэтамі ветэранаў, архівамі. Узяўшы за аснову здабытыя матэрыялы, арганізатары музея распрацавалі схему баявых шляхоў 73-й і 137-й дывізій, а таксама 26-й дывізіі, якая вяла наступленне з Новага Двара ў накірунку Поразава.

Музей робіць сваю справу выдатнаМузейныя экспазіцыі размешчаны так удала, што кожнаму, хто наведае музей, няцяжка разабрацца: хто вызваляў Поразаўскі раён ад нямецкіх акупантаў, хто ўдзе-льнічаў у партызанскім руху. Кожны з прадстаўленых раздзелаў, не ўлічваючы асобных паліц, насычаны багатай інфармацыяй, якая раскрывае таямніцы гадоў ваеннага ліхалецця. Тут можна даведацца аб удзельніках партызанскага руху і ветэранах, прачытаць іх успаміны аб вайне. У шафах — пісьмы з фронту, фотаздымкі ветэранаў, карты-схемы, віншавальныя тэлеграмы. Пад шклом захоўваюцца музейныя экспанаты: боепрыпасы, нямецкая карта, рэчы воінаў, дакументы, баявыя ўзнагароды. Многія экспанаты знойдзены пошукавымі атрадамі, якія створаны ў школе. Як паведаміла кіраўнік музея, апошні экспанат быў прынесены школьнікамі ў гэтым годзе. Шмат гільзаў знойдзена ў час узворвання агародаў, палеткаў.

Музей у поўнай меры выконвае ролю цэнтра патрыятычнага выхавання. Тут арганізоўваюцца класныя гадзіны, факультатывы, урокі гісторыі, экскурсіі. Асабліва ажывілася гэтая работа зараз, калі краіна рыхтуецца да святкавання 65-й гадавіны са дня вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да гэтай падзеі аформлены стэнд, дзе размешчаны малюнкі школьнікаў, падрыхтаваны тэматычныя папкі з распрацоўкамі экскурсій па музеі, прысвечаных памятнай даце.

Доказ таму, што вучні школы заўсёды ў пошуку — прызавыя месцы ў навуковых канферэнцыях. Кацярына Тотчык з навуковай працай «Партызанскі рух на Поразаўшчыне» дасягнула высокіх вынікаў як на раённай, так і на абласной канферэнцыях. Аляксандр Астапчык з працай «Баявы шлях 137-й, 73-й і 26-й дывізій, вызваляўшых г. п. Поразава і Поразаўскі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» паспяхова выступіў на раённай навуковай канферэнцыі. Акрамя гэтага, экскурсаводамі музея з'яўляюцца самі навучэнцы, якія дасканала арыентуюцца ў кожным з прадстаўленых накірункаў.

Алена КЕДЗІК.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

"Вспоминать больно, а забыть не могу"