banner

ЛІТАРАльна нацыянальнае свята

03 Сентября’19
2156
У нядзелю ўсе дарогі, здаецца, вялі ў слаўны горад Слонiм. З самага ранку сюды спяшаліся ўдзельнікі XXVI Дня беларускага пісьменства і тыя аматары каларытных мерапрыемстваў, хто жадаў сваімі вачамі ўбачыць гэтае маштабнае свята. А паглядзець, паверце, было на што. Я б нават прапанавала занесці ў Кнігу рэкордаў Гінэса таго растаропнага чалавека, які змог усё пабачыць, усюды пабываць: настолькі багатай была праграма, а ў само святочнае дзейства акунуліся некалькі вуліц разам з гарадскім паркам на Опернай і каналам Агінскага.

Да дзясятай гадзіны раніцы Слонім ужо быў гатовы дэманстраваць нацыянальны каларыт, беларускія традыцыі, талент нашых суайчыннікаў і, безумоўна, услаўляць Яе Вялікасць Кнігу. Разгарнулі сваю дзейнасць тэматычныя пляцоўкі, тарговыя павільёны і лаўкі, выставы, прэзентацыі, фотазоны… А вось асноўная ўрачыстасць пачалася пасля адзіннаццаці на плошчы Леніна адкрыццём помніка былому слонімскаму старасце Льву Сапегу. З таго моманту, як з помніка было ўрачыста знята белае палатно, ён стаў адметнай славутасцю горада і папулярным месцам для памятных фотаздымкаў. Таму ў гэты дзень застаць Льва Сапегу ў адзіноце не ўяўлялася магчымым.



Ад гэтага месца свята прыгожа і важна пакрочыла да галоўнай сцэны. Адбылося ўрачыстае адкрыццё XXVI Дня беларускага пісьменства з удзелам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова.

Зала пад адкрытым небам сабрала шмат ганаровых гасцей. Прагучаў і прывітальны адрас кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам гэтай адной з важнейшых падзей культурнага жыцця краіны.

Уразіла прадстаўленая на галоўнай сцэне театралізаваная дзея «Зямля пад белымі крыламі», што ярка і каларытна распавядала пра знакавых асоб слонімскай зямлі і Гродзеншчыны. Як жа іначай? Усякі сучасны народ родам з мінулага. Далей свята жыло чаканнем цырымоній уручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі і ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры», цікавых сустрэч з пісьменнікамі, памятнага гашэння канверта з арыгінальнай маркай, прагляду спектакля «Камедыя», а мы адправіліся ў захапляючае падарожжа па гасцінным вуліцам Слоніма, што поўніліся песнямі, майстар-класамі, выставамі-продажамі, дэманстрацыяй унікальнасці кожнага куточка Гродзеншчыны.


Недалёка ад галоўнай сцэны на пляцоўцы «Народная культура – крыніца духоўнасці» распачалі сваю праграму падвор’і ўстаноў культуры. Вось яна – непаўторнасць роднага краю. На «Сяброўскі гасцінец» запрашалі чатыры раёны. Тых, хто не змог прайсці міма, весялілі народныя калектывы «Пушчанскiя напевы», «Крынiчанька», «Вянок» са Свіслаччыны, «Канцона», «Стокротки», «Бераставiцкiя музыкi» з Бераставіччыны, ваўкавыскія «Сваякi», «Цвецень», «Асалода» і шчучынскія «Медунiца», «Сябрына» і «Васiльковая ранiца».


Для дапытлівых і цікаўных тут жа народныя майстры праводзілі майстар-класы па традыцыйных рамёствах: ткацтву, дробнай кераміцы, саломапляценні, сакрэтамі ганчарскай справы шчодра дзяліўся наш Віталь Аніська. Прыемна было сустрэць на вуліцах Слоніма і роставыя лялькі з гэтай пляцоўкі. Зубр, Воўк і Вавёрка – сімвалы Свіслачы, Ваўкавыска і Бераставіцы – гулялі па горадзе і зазывалі гасцей на свой «Сяброўскі гасцінец».

Побач размясціліся Зэльва, Ліда, Масты і Воранава. Публіку, неабыякавую да народнай музыкі, сабралі «Лявоны», «Званочкi», «Каханачка», «Ярыца» і іншыя калектывы. Таксама тут можна было павучыцца ўменню рэзаць па дрэве, плесці паясы, рабіць выцінанкі і абпальваць гаршчкі.


Шумна ад добрай песні было і на гродзенскай пляцоўцы, якую падзялілі Гродзенскі раён з Іўем, Карэлічамі, Навагрудкам і Ашмянамі. Не даваў сумаваць, дарыў настрой і свята народны ансамбль «Жытнiца».


Чаплялі погляд сапоцкінская пісанка, вырабы з саломы і дрэва, шыццё з ласкуткоў. Тут жа запрашалі на гастра-фэст беларускай кухні і прадукцыі шматлікія прадпрыемствы Гродзеншчыны. Вось дзе літаральна можна было паспрабаваць беларускую мову на смак!


Вочы разбягаліся і на выставах-продажах народных майстроў, што прапанавалі набыць вырабы ручной работы, прычым з рознага матэрыялу, выкананыя ў розных тэхніках і для розных патрэб – практычных і эстэтычных. Дарэчы, у гэтым ланцужку ўмельцаў знайшлі сваё месца пад сонцам і майстры нашага, свіслацкага, аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Прыемна было сустрэць землякоў на слонімскай зямлі.


Амаль цэлую вуліцу, што выводзіць у гарадскі парк, занялі прэзентацыі работ навучэнцаў прафесійна-тэхнічных ліцэяў і каледжаў. Колькі выдумкі і смелых рашэнняў! Талент, адным словам. Асобны прадмет для размовы – вобразы і касцюмы, у якіх прадсталі гаспадары падворкаў. Тут можна было сустрэць і жывыя скульптуры, і магістраў, і нават сфатаграфавацца з Адамам Міцкевічам і яго каханай Марыляй Верашчакай.


А што ладзілася ў гарадскім парку! Дзетвары назбіралася, бо для яе тут было мноства цікавых заняткаў. Белыя сарочкі і блузкі выдавалі першакласнікаў, што прыйшлі на ўрачыстую лінейку, прысвечаную пачатку новага навучальнага года. А каб гэты дзень больш запомніўся рабятам, яго прыгожа ўплялі ў вянок Дня беларускага пісьменства. Юныя сланімчане сталі ўдзельнікамі акцыі «Мая Радзіма – Беларусь», напамінам аб якой будуць падарункі ад Прэзідэнта краіны. А пасля ўрачыстасці школьнікі ўліліся ў галоўнае свята. Не стрымала строгая школьная форма нават ад жадання залезці ў паветраны шар і гойсаць у ім па вадзе!


Спецыяльна для маленькіх чытачоў у парку развярнуліся бібліятэкі Прынёмання, аб’яднаўшыся пад агульнай назвай «Вясёлка дзяцінства». Кожная ўстанова імкнулася паказаць адметнасць роднага краю.

Так, Свіслацкая раённая бібліятэка прэзентавала нашу ўнікальную Белавежскую пушчу. Пляцоўка змяшчала інфармацыйную выставу «Дзівосны свет Белавежскай пушчы», імправізаванае балота Дзікое, што стала арыгінальнай і папулярнай фотазонай, Чырвоную кнігу Свіслаччыны, вугалок «Зялёная аптэка».


Тут жа быў накрыты стол з ягадамі, грыбамі, арэхамі – адным словам, з дарамі белавежскай прыроды. Дзіцячая раённая бібліятэка падрыхтавала выставу «Інтэрактыўныя кнігі для самых маленькіх» і запрашала дзетак бавіць час з самымі цікавымі і сучаснумі выданнямі: кнігай-смартфонам, кнігай-пазлам, кнігай-цацкай, кнігай-тэатрам, кнігай-плэерам. Ці ж не захопіць чытанне «Снягуркі» з музычным суправаджэннем ад Пятра Чайкоўскага?!


Непадалёку ад месца, дзе кожная кніжка нібы прасіла «Пачытай мяне!», весялілі юную публіку роставыя лялькі. Свой чарод запомніцца і спадабацца дзетвары быў і ў студыі гульні «Карагод» Грынкаўскага сектара адпачынку і вольнага часу.

У імя Дня беларускага пісьменства ў нядзелю былі і спартыўныя перамогі. На канале Агінскага шпарка сплаўляліся ўдзельнікі заплыву на байдарках. Паралельна праходзіла першынство сярод дзяцей па лёгкай атлетыцы. Сваіх аматараў знайшла ў гэты дзень і квэст-гульня «Код Сапегі». Паўдзельнічаць у захапляльным падарожжы захацелі больш за 300 жыхароў і гасцей горада. 

Што яшчэ засталося ў памяці? Выстава самаробнай кнігі (знайшлася сярод экспанатаў і работа свіслачанкі Людмілы Шварак), самаробныя лялькі – героі кніжных старонак, вясёлы і дапытлівы прадавец валёнак з г. п. Смілавічы Мінскай вобласці, што ахвотна прымяраў свой тавар, нягледзячы на спякоту, вальготна разгульваючыя па вуліцам львы (вядома, пераапранутыя героі!) – сімвалы горада, што з задавальненнем пазіравалі ў аб’ектывы.


Будзем таксама памятаць, што Слонім перадаў эстафету свята гораду Бялынічы Магілёўскай вобласці і ў знак заканчэння Дня беларускай пісьменнасці расквеціў неба салютам.

Наталля ТУРКО
Фото автора

Предыдущая статья

В учреждениях образования Свислоччины прошли торжественные линейки, посвященные началу нового учебного года и Дню знаний