banner
Мірнае жыццё – вялікае шчасце!
15:50 29 Мая’20
693

кирилл шим.jpgСемьдзесят пяць гадоў мірнага жыцця – гэта не проста лічбы. Гэта вялікае шчасце, якое неабходна берагчы і шанаваць кожнаму з нас. Азірніся навокал! Які цудоўны свет, як шмат у ім цікавага! Мы ўсе жывём у цудоўнай краіне, але ці часта задумваемся над тым, што можам зрабіць для сваёй Беларусі, для яе будучыні?

Будучыня! Гэта далікатны шкляны шар, які перадаецца ад аднаго пакалення другому. Не выпусціць гэты шар, захаваць для сваіх нашчадкаў, перадаць у іх моцныя рукі – гэта наша задача. Мы – гэта сучаснасць і будучыня краіны! Ад нас залежыць, якой будзе наша Беларусь праз дзесяць, дваццаць гадоў, у якой дзяржаве будуць жыць нашы дзеці і ўнукі.

Сёння ў Рэспубліцэ Беларусь вялікая ўвага надаецца маладзёжнай палітыцы. Маладыя людзі прымаюць удзел у грамадска-палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці краіны. Моладзь адраджае Вахты памяці, аддаючы даніну павагі не толькі тым, хто загінуў у ваенных канфліктах, але і жывым, тым, хто мае патрэбу ў дапамозе, спагадзе і падтрымцы. Паўсюль расце валанцёрскі рух, ладзяцца дзіцячыя і маладзёжныя фестывалі, конкурсы, акцыі, алімпіяды, спартыўныя святы.            

Не застаецца па-за ўвагай кіраўніцтва дзяржавы развіццё спорта, які ўжо стаў візітнай карткай краіны на міжнароднай арэне. Аб гэтым яскрава гавораць высокія дасягненні беларускіх спартсменаў на чэмпіянатах свету, Еўропы, Алімпійскіх гульнях.

Адукаваныя маладыя людзі – гэта тая апора, на якой заўсёды будзе трымацца краіна. Ва ўсіх школах працуюць кваліфікаваныя настаўнікі, існуюць разнапланавыя аб’яднанні па інтарэсах. Беларуская адукацыя высока цэніцца ва ўсім свеце, таму навучанне ў нашай краіне прыцягвае сюды замежных студэнтаў.

Часта чуем, што сучасная моладзь шмат часу праводзіць за камп’ютарам. Так, але гэта патрабаванне часу. Наша дзяржава дае магчымасць для развіцця IT-сферы, праяўляе сваю зацікаўленасць камп’ютарнымі распрацоўкамі, стварае канкурэнтаздольны тавар высокай якасці.

Я лічу, што наша краіна вельмі прыгожая і ўтульная. Кожная вулачка, кожны куточак Беларусі напоўнены дабрынёй, цяплом і гісторыяй. Мне здаецца, што самае лепшае слова, якім можна назваць нашу Беларусь, – дом. А свой дом трэба любіць. Так, любіць. Любіць – значыць захоўваць і паважаць мінулае, аддаваць даніну продкам, атрымліваць асалоду ад кожнай з'явы прыроды, захапляцца краявідамі, быць адданым Радзіме. Быць адданым – гэта не толькі жыць, дзе нарадзіўся, але і заўважаць змены, удзельнічаць у жыцці роднага краю, берагчы яго мір і спакой.

Кірыл Шыманчук, выпускнік Поразаўскай СШ

Предыдущая статья

Belarus' coronavirus recoveries at 17,390
Похожие новости