banner

Грынкі – куточак дарагой маёй Радзімы

04 Июля’13
2078
Грынкі – куточак  дарагой маёй Радзімы На свята сваёй роднай вёскі Грынкі ў той сонечны чэрвеньскі выхадны дзень сабраліся, бадай, усе жыхары. Шматлюдна было на пляцоўцы каля сельскага Дома культуры, дзе размясцілі свае вырабы народныя майстры і падзіўлялі аднасяльчан стравамі мясцовыя гаспадынькі. У такія моманты застаецца толькі здзіўляцца, як багата талентамі кожная наша вёсачка.
Грынкі святкавалі сваё 485-годдзе. Узрост, згадзіцеся, паважны.

Гісторыя вёскі памятае часы графа Тышкевіча, калі тут была адна з найвялікшых паляўнічых гаспадарак. Сюды на паляванне прыязджаў Аляксандр ІІІ з наследнікам і Вялікімі князямі. У 1882 годзе вёску наведаў вядомы польскі пісьменнік Генрых Сянкевіч. Тут бывала падпольны камсамольскі дзеяч Вера Харужая.
Час ішоў, але вёска, нібы насуперак яму, у апошнія гады маладзела і маладзела. Згодна з дзяржаўнай праграмай аднаўлення і развіцця сяла ў 2008 годзе яна пераўтворана ў аграгарадок. І без гэтага вялікія і прыгожыя Грынкі сталі проста непазнавальнымі. Капітальна адрамантаваны сельскі Дом культуры, дзе размясціліся бібліятэка, комплексны прыёмны пункт, ФАП, аддзяленне паштовай сувязі, аўтаматычная тэлефонная станцыя. Новае жыццё атрымалі дзіцячы сад – сярэдняя школа, сельскі магазін, заасфальтавана цэнтральная вуліца, аграгарадок газіфікаваны. Усё гэта сведчыць, што жыццё ў вёсцы не стаіць на месцы, а яе жыхары ўпэўнена крочаць у ногу з часам.   
Павіншаваць жыхароў Грынок з нагоды свята прыехалі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэ-та В. А. Суботка, старшыня Нязбодзіцкага сельскага Савета дэпутатаў М. Ф. Качко, начальнік аддзела культуры райвыканкама І. Э. Паўлючэня, намеснік дырэктара філіяла "Нязбодзічы” ААТ "Ваўкавыскі мясакамбінат” З. Т. Пелеш і ўраджэнцы вёскі, якімі яна ганарыцца.

Грынкі – куточак  дарагой маёй Радзімы

 

Грынкі – куточак  дарагой маёй Радзімы

 

Грынкі – куточак  дарагой маёй Радзімы

 


Кожны, хто прыйшоў на мерапрыемства, мог дакрануцца да гісторыі населенага пункта, даведацца пра людзей, якія сваімі справамі стваралі гэтую гісторыю, сустрэцца з землякамі, якія зараз жывуць у іншых куточках нашай Радзімы і за яе межамі.
Арганізатары, а гэта калектыў Грынкаўскага СДК на чале з дырэктарам М. М. Самалевіч, падрыхтавалі свята так, як гэта могуць зрабіць людзі, улюбёныя ў свой родны куточак, якія тут нарадзіліся, выраслі і прысвяцілі грынкаўскай зямлі сваё жыццё.
Старонку за старонкай гарталі яны разам з землякамі змястоўную і багатую гісторыю вёскі, у якой былі не толькі светлыя дні, але і трагічныя часы. Добра гэта прадэманстраваў фільм аб населеным пункце і яго людзях, падрыхтаваны культработнікамі і настаўніцай Грынкаўскай школы Т. І. Жук.
Цяжкім выпрабаваннем для жыхароў Грынок стала Вялікая Айчынная вайна. 46 жыхароў загінулі на яе франтах, 36 былі расстраляны фашысцкімі захопнікамі. Ужо няма на гэтым свеце ніводнага ветэрана, але ў такія ўрачыстыя моманты, як гэтае свята, удзячныя нашчадкі ўспамінаюць з падзякай іх імёны.
...З першага да апошняга дня вайны крочылі франтавымі дарогамі А. К. Семаковіч, Я. К. Скуратовіч, М. А. Турак, М. В. Трахімік. З 1944 года ваявалі С. Ф. Лінкевіч, І. І. Дзяцел, Р. І. Дзяцел, В. С. Лукша. Паспытаў жудасці канцэнтрацыйнага лагера Р. Я. Сахарчук. Іх фатаграфіі змяняюць адна другую на экране, і, напэўна, кожны з прысутных у зале, нешта ўспамінае пра гэтых паважаных людзей, якія яшчэ не так даўно жылі побач.
У 1968 годзе ў цэнтры вёскі ўстаноўлены помнік ахвярам вайны, да якога жыхары прыходзяць у галоўныя для нашай краіны святы, каб аддаць даніну павагі і падзякі загінуўшым за наш мірны дзень. Свежыя кветкі лягуць да помніка і ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Апаліў сваім агнём жыхароў вёскі Афганістан. Пяць сем’яў чакалі сваіх сыноў з гэтай неаб’яўленай вайны. Веснічкі роднага дома больш не адчыніў адзін з іх – Віктар Лобач. З якой пяшчотай і павагай гаворыць пра маці салдата, Анастасію Вікенцьеўну, вядучая свята! Так спачуваюць толькі родныя і блізкія людзі. Гора маці стала горам усёй вёскі...

Грынкі – куточак  дарагой маёй Радзімы

 

Грынкі – куточак  дарагой маёй Радзімы

 

Грынкі – куточак  дарагой маёй Радзімы

 

Грынкі – куточак  дарагой маёй Радзімы

 


Віктар Лобач пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Імя воіна-інтэрнацыяналіста носіць піянерская дружына Грынкаўскай школы. На доме земляка ўстаноўлена памятная дошка.
Здымкі, здымкі, здымкі... Гэтых людзей тут добра ведаюць, здаецца, і знаюць аб іх амаль усё, але глядзяць фільм аб земляках, затаіўшы дыханне.
Колькі славутых імёнаў ардэнаносцаў падарыла нашай краіне грынкаўская зямля! На свяце не забыліся ні аб кім. З гонарам называліся імёны кавалераў ордэна Славы ІІІ ступені механізатара І. У. Салагубіка, ордэна Знак Пашаны вадзіцеля І. М. Гінча, ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга былога намесніка старшыні калгаса М. М. Лобача, ордэнаў Працоўнай Славы ІІ і ІІI ступеняў жывёлаводаў З. М. Мінько і Л. К. Трахімік.
Кіраўніцтва галаўнога прадпрымства ААТ "Ваўкавы-скі мясакамбінат” не забылася пра былыя заслугі гэтых паважаных людзей. З. Т. Пелеш уручыў ім каштоўныя падарункі і выказаў шчырыя словы падзякі за добрасумленную працу на карысць сельскай гаспадаркі.
Працоўную эстафету ад іх пераняў вадзіцель В. М. Пічкоўскі, які стаў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва на перавозцы зерня ў 2008 і 2009 гадах, за што быў удастоены права ўдзельнічаць у рэспубліканскіх дажынках.
Лірычным момантам свята стала ўшанаванне самага сталага і самага маладога жыхара вёскі. Падарунак 90-гадовай Соф’і Іванаўне Дзікевіч і маленькай Настачцы Мацкевіч уручыла М. Ф. Качко.
Старшыня сельсавета шчыра павіншавала жыхароў вёскі са святам і пажадала новых здзяйсненняў на карысць роднай зямлі.
Шматлікія прыклады прызнання заслуг ураджэнцаў Грынкоў зноў і зноў гучаць са сцэны. Тут ганарацца заслужаным урачом Кубані В. А. Пацюк, доктарам тэхнічных навук, палкоўнікам А. І. Ярашом, загадчыкам нейрахірургічнага аддзялення Брэсцкай абласной бальніцы В. П. Варонкам, дэканам завочнага аддзялення Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта В. М. Зенем, якія нарадзіліся ў Грынках.
А на сцэну, "на карані”, як выказалася М. М. Самалевіч, запрасілі ўраджэнцаў вёскі: старшыню Поразаўскага пасялковага Савета А. А. Мілько, былога галоўнага тэрапеўта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Г. А. Яраша і былога галоўнага рэдактара "Бераставіцкай газеты” Я. У. Болбата.
Госці шчыра дзякавалі за запрашэнне на свята, за цёплы прыём, выказвалі віншаванні сваім землякам і адзначалі, як гэта прыемна прыязджаць на радзіму. Не маглі не ўспомніць яны і сваіх настаўнікаў – людзей, якія далі пуцёўку ў жыццё. Словы ўдзячнасці і павагі ў іх адрас выказвалі ўсе выступаючыя. Гарачымі апладысментамі віталі сваіх сыноў землякі. І ганарыліся аднасяльчанамі.
Грынкі здавён вядомыя пявучымі галасамі. Нездарма яшчэ Рыгор Шырма прыязджаў сюды запісваць народныя песні. А Грынкаўскі Дом культуры заўсёды славіўся сваімі пеўчымі традыцыямі. Тут плённа працуе жаночы вакальны калектыў "Спадчына”, якім кіруе С. В. Гінч, народны тэатр-студыя гульні "Карагод”. Як гасцінная гаспадыня, дырэктар М. М. Самалевіч збірае вакол сябе таленавітых і цікавых людзей: народных майстроў, добрых гаспадынек, мясцовых паэтаў. Таму жыццё ў Доме культуры віруе. Вось і на гэтае свята прыехаў са Свіслачы ў госці вакальны калектыў "Мілавіца”, выступленне якога слухалі з захапленнем.
А якія прыгожыя посцілкі, ходнікі, сурвэткі, вышыўкі ствараюць грынкаўскія жанчыны! На свяце гучалі імёны ткачыхі М. А. Пічкоўскай, майстрыхі па вязанні кручком  Л. П. Турак, вышывальшчыцы А. І. Піскун, майстрыхі па вязанні фіранак В. І. Смурагі.
Ні адзін талент грынкаўскай зямлі, здаецца, не быў забыты ў гэты дзень. Аддалі належнае хатнім гаспадынькам Г. С. Нехайчук, Н. І. Дзідзенка, С. В. Гінч, Ж. М. Філіновіч,   С. А. Воўчык, Т. У. Данільчык, В. В. Пекар, Ю. Я. Скібіцкай.
Грынкаўцы ганарацца сваім земляком, паэтам-песеннікам Янкам Насутам, з якім Дом культуры цесна супрацоўнічае, а вакальны калектыў з задавальненнем спявае яго песні.
Грынкаўская зямля нарадзі-ла цэлую плеяду паэтаў. Тонкім лірызмам і любоўю да роднай зямлі прасякнуты вершы Сяргея Лукшы, Лідзіі Лукшы. Іван Ламашкевіч прачытаў землякам свае пранікнёныя паэтычныя рад-кі пра родны кут, а яшчэ і падарыў песню ў цудоўным выкананні.
Не расчароўвае і маладое пакаленне. Вёска ганарыцца дасягненнямі на прадметных алімпіядах і ў спартыўных спаборніцтвах вучняў мясцовай школы А. Пракопіка, А. Дубыніна, Дз. Завадскага, А. Акудовіч, Н. Пракопік.
Без сумнення, славуты летапіс Грынкоў працягне новае пакаленне. Гэтую думку падкрэсліў у сваім віншаванні В. А. Суботка. Ён падзякаваў жыхарам вёскі за той уклад, які яны зрабілі ў яе гісторыю, за ініцыятыву і творчаць, заклікаў маладое пакаленне не забываць родныя карані і праслаўляць сваю зямлю добрымі справамі на карысць нашай Радзімы. У якасці падарунка сельскаму Дому культуры ад райвыканкама – камп’ютарная тэхніка.
Цёпла прывітала грынкаў-цаў І. Э. Паўлючэня, падзякавала за працу і цудоўныя творчыя калектывы, якія сваім выкананнем упрыгожылі гэтае свята. З пажаданнямі адпавядаць сучасным патрабаванням, падаваць прыклад у захаванні парадку і чысціні на тэрыторыі культурнай установы яна ўручыла СДК газонакасілку.
...Як на вялікія сямейныя святы з’язджаюцца дамоў дзеці, так і Грынкі сабралі ў гэты дзень сваіх землякоў. Было прыемна і радасна назіраць, як яны любяць сваю вёсачку і ганарацца ёю, як захоўваюць і збіраюць па кропельках яе гісторыю, перадаюць маладому пакаленню, каб памяталі, каб расказалі сваім дзецям...
Красамоўней, чым Сяргей Лукша, пэўна, не расказаць пра свой родны кут:
Там, дзе сыпле лета
кветкі на лугі,
Свеціць сонца
над палямі залатымі,
Дзе зімой ляжаць
бялюткія снягі,
Ёсць куточак
дарагой маёй Радзімы.
Не на кожнай карце
можна адшукаць
Тую кропачку
і назвы тое слова,
Але ўсё адно штогод
сюды ляцяць
І буслы, і жаўрукі
беспамылкова.
Тут вясну ўслаўляюць
песнямі шпакі,
Ад цвіцення яблынь
пах плыве салодкі,
Тут вядуць жыццёвы шлях
свой землякі
Па-славянску –
дамавіта, нетаропка.

...Водар рамонкаў і канюшыны падоранага мне ў Грынках букета суправаджаў мяне ўсю дарогу дадому. Ён нібы ўвабраў у сябе не толькі пахі грынкаўскіх палёў, але шчырасць і цеплыню сэрцаў, ветлівасць і гасціннасць людзей, якія тут жывуць. Няхай жа на вуліцах такіх добрых людзей заўсёды будзе свята!
Ядвіга КУРЫЛА.
Грыгорый ШЫРАЕЎ (фота).

Предыдущая статья

Як успомню, дык сэрца ад болю заходзіцца