banner

Вясельная паварыха Андрэеўна

14 Апреля’11
1834

Вясельная паварыха Андрэеўна

Запрашаем усіх гаспадынькаў раёна прыняць удзел у нашым кулінарным конкурсе “Хата пірагамі багата”, які мы праводзім сумесна з Грынкаўскім сельскім Домам культуры.

Дасылайце ў рэдакцыю рэцэпты вашых пірагоў, фотаздымкі і невялічкія гісторыі, звязаныя з імі, з вашай сям’ёй. Вынікі конкурсу будуць падведзены да Дня маці ў кастрычніку. Тады і даведаемся, чые пірагі самыя духмяныя і смачныя.

Першай адкрыла конкурсныя змаганні загадчыца Грынкаўскім СДК Марыя Мікалаеўна Самалевіч, даслаўшы ў рэдакцыю свой фірменны рэцэпт пірагоў. Многія гаспадынькі скарысталіся яе падказкамі і змаглі прыгатаваць сапраўдны шэдэўр, які займаў пачэснае месца на святочным стале. Сёння яна прапануе нам пазнаёміцца з чарговай удзельніцай конкурсу – і зноў з вёскі Грынкі.

Якая спрытная і ўмелая паварыха Любоў Андрэеўна Болбат, добра ведаюць яе аднавяскоўцы. А дзякуючы Марыі Мікалаеўне, сакрэты вясельных пірагоў ад Андрэеўны будзем ведаць і мы.

Каравай-каравай, на вяселле завітай!

З самага дзяцінства маленькая Люба любіла назіраць, як спрытна і лоўка ўвіхаецца яе матуля ля печкі. Духмяны пах напаўняў хату, і дзяўчынка ведала, што зараз матулька будзе частаваць шасцярых сваіх малеч смачнай стравай. Пазней яна стала давяраць Любе дапамагчы ёй на кухні. І гэта магчымасць уключыцца ў таямнічасць пахаў, страў, прысмакаў была найлепшым падарункам.

Яшчэ дзяўчынай Любоў Андрэеўна Болбат славілася на ўсе Грынкі як добрая кухарка. Яе запрашалі ў калгас гатаваць абеды хлебаробам. У той час на сенакос у пушчу ехалі амаль усёй вёскай. Усе стравы рыхтавалі на кастрах.

А потым у калгасе адкрыўся дзіцячы садок. І 30 гадоў запар, акрамя таго яшчэ 5 на пенсіі, Любоў Андрэеўна была самай умелай, самай спрытнай паварыхай. “Такіх трэба ой як пашукаць”, – гаварылі пра яе ў вёсцы. Усё, што перадала ёй матуля, чаму навучылася сама, а што прыйшло з гадамі – вось складаемыя яе прафесійнага ўмення. І сёння суп “бабы Любы”, пухленькія катлеткі, капустачку на смятанцы і многа чаго іншага з настальгіяй успамінаюць усе, хто выгадаваўся ў садку ці працаваў тут.

Але самай любімай справай для Любові Андрэеўны было “ладзіць балі”. “Вясельная паварыха” славілася не толькі ў сваёй вёсцы, але і за межамі раёна. Стол на вяселле, провады ў армію, хрэсьбіны быў прыгатаваны ёю дасканала. Андрэеўна лічыла, што баль зрабіць – гэта вельмі вялікая адказнасць. Два-тры дні рыхтаваліся розныя стравы. Па два пятнаццацілітровых чыгуна трэба было наляпіць катлет, галубцоў, насмажыць рэбраў. Во тады і вяселле можна гуляць!

Больш за 50 вясельных сталоў накрыла Любоў Андрэеўна. Самае ж галоўнае на вяселлі – каравай. Заўсёды ён атрымліваўся прыгожым, ладным, вельмі смачным. І толькі, памятае, адзін раз каравай падгарэў. Бацька маладой супакоіў каравайніц: “Зараз усё будзе чын-чынаром”. Узяў звычайную церку і добра пацёр падгарэўшыя вяршкі. Пышная пенка закрыла ўсе недахопы. Вяселле ўдалося. І жыццё маладых таксама. Потым яшчэ праз многа гадоў у гэтай хаце Андрэеўна ўвіхалася ля вясельнага стала сыноў і дачок.

З гадамі Любоў Андрэеўна выпеставала свой рэцэпт караваяў, якім і дзеліцца з чытачамі газеты, прымаючы ўдзел у конкурсе “Хата пірагамі багата”.

1,5 літра малака, 1 пачка маргарыну, 0,5 пачкі масла, 1 кг цукру, 250 г дражджэй, 9 яек, мука.

Цеста замясіць, тры разы абмяць, і можна выпякаць пірог.

Андрэеўна расказвае, што першыя вясельныя сталы былі, зразумела, не надта багатыя. З гадамі з’яўляліся ўсё новыя і новыя стравы. Увайшоў у “моду” салат “Гарошак”. Нарабілі на адно з вяселляў аж 2 місы, здавалася, на два дні хопіць. З’елі госці за вечар. На наступны дзень усе пыталіся, ці будуць падаваць тую смачную страву.

Нейкі час вельмі палюбіліся языкі. За імі ездзілі спецыяльна ў Ваўкавыск. Тушылі з рознымі прыправамі.

Першае “заліўное” рабілі з кампоту з крухмалам. Было дзіва-дзіўнае. А рэбра, начыненыя фаршам! Над імі трэба было папастаяць, але ж гэта сапраўдны кулінарны шэдэўр выходзіў!

Любоў Андрэеўна старанна гатавала для ўсіх, хто запрашаў, нікому не адказвала. Малады муж першы час вельмі не адабраў заняткі жонкі. Бубнеў, бы той бубен. Але з гадамі зразумеў, што для любай жонкі гэта справа для душы. Пазней і сам ёй дапамагаў, выпальваў печ (выбіраў толькі яловыя дровы) і ўжо сам кіраваў, калі можна было ўстаўляць пірагі.

Любоў Андрэеўна пражыла са сваім Аляксандрам Вікенцьевічам у згодзе і любові 56 гадоў. Ён быў вельмі ўважлівым мужам, добрым бацькам, дбайным гаспадаром дома і старанным працаўніком у калгасе. Іх сумленнае жыццё – прыклад для 3 дзяцей, 5 унукаў і 3 праўнукаў.

…Гаворка з Андрэеўнай пра салаты, рулеты, пірагі, а ў цэлым пра жыццё зацягнулася.

– Зараз ужо рукі не тыя, ды здароўя, на жаль, няма. Як-ніяк у наступным годзе, як дасць Бог, 80-годдзе будзем святкаваць. А ты, Мікалаеўна, сама паспрабуй рэцэпт маіх пірагоў, – і па-добраму ўсміхнулася.

Якая гаспадыня, маючы новы рэцэпт, будзе ляжаць на канапе? Печка дагарэла, цеста гатова. Яшчэ раз абмінаю і саджаю на цёплую бляху.

Успомнілася мая бабулька Волька. Так, як яна калісь вучыла, абмазваю пірог пярынкай узбітым жаўтком. Нібы пабывала ў дзяцінстве...

Пірог удаўся – пахкі, вельмі смачны. І сапраўды – рэцэпт Андрэеўны ад нашых бабуль. Паспрабуйце і вы. Веру, што атрымаецца, тым больш, што наперадзе Вялікдзень.

А на Дзень маці Любоў Андрэеўна Болбат абавязкова пачастуе нас пірагамі сваёй выпечкі. Прыязджайце, калі ласка!

Лариса САМАРИНА.

На здымку: каравай – як пацалунак нявесты.

Предыдущая статья

«Сады – салаўям, сонца – небу, а вуснам – вершы, песні і каханне»