banner

Вялікая сіла сяброўства

30 Ноября’13
5967
Вялікая сіла сяброўстваЗ маленства памятаю, з якой пашанай у нашай сям’і адносіліся да раёнкі. Заўсёды яе з цікавасцю чытала матуля (яна і зараз актыўны падпісчык). Як бы позна не вяртаўся з рэйсаў бацька – з ахвотай перагортваў яе старонкі. Бацька быў чалавекам дружбістым, і амаль у кожным нумары сустракаліся матэрыялы пра яго добрых знаёмых, сяброў. Яго каментарыі пра герояў старонак перарасталі ў цікавыя расповеды аб жыцці. І тады я добра зразумела, якую вялікую ролю для кожнага чалавека іграе газета.
Сваю працоўную дзейнасць я, на шчасце, распачала ў рэдакцыі газеты «Заветы Ильича» ў верасні 1977 года. У той час гэта быў мабільны творчы калектыў, які ўзначальваў Алег Пятровіч Смальянаў. З першага дня я адчула цеплыню і добрыя адносіны. Кожны стараўся штось падказаць, дапамагчы, падставіць сваё плячо. 
Алег Пятровіч падрабязна  і скрупулёзна «разбіраў» са мной нават маленькія замалёўкі, раіў многа чытаць, знаходзіў у сваёй бібліятэцы тую ці іншую кнігу і прапаноўваў яе ўважліва пачытаць і падумаць над прачытаным.
Калектыў быў вельмі дружны. І калі выпадаў вольны час, мы ехалі па грыбы, а калі вярталіся, абавязкова заязджалі ў Бязводнікі, дзе матуля частавала нас духмянай бабкай…
Мінулі гады. Але і сёння я з задавальненнем сустракаюся з супрацоўнікамі рэдакцыі. Я па-ранейшаму лічу, што гэта мой калектыў, з якім я з цікавасцю працую: прыношу сюды свае матэрыялы, «выконваю» заданні дзяўчат, абмяркоўваем з імі творчыя праекты і проста п’ем гарбату. 
Я дзякую лёсу, што газетны радок праходзіць праз усё маё жыццё. 
І, канешне, у гэтыя юбілейныя для рэдакцыі дні хочацца пажадаць любімаму калектыву плёну і дабрабыту, актыўных чытачоў і верных сяброў. 
Вясной 1978 года  ад творчай моладзі Свіслаччыны я трапіла на сустрэчу з паэтамі і празаікамі Беларусі. Сустрэча адбывалася ў Гродне, доўжылася два дні. На той час масцітыя і добра вядомыя Юрка Голуб, Мікола Маляўка, Данута Бічэль-Загнетава, Уладзімір Караткевіч давалі адзнаку і парады нам, пачынаючым. Мае дасланыя рэдакцыяй друкаваныя матэрыялы разглядаў Уладзімір Караткевіч і даў мне параду: пішыце прозу, у вас яна атрымоўваецца лепш, ды льецца, нібыта вершы. З тае пары я памятаю гэтую дарагую для мяне параду. А вершы? Яны калі-некалі прыходзяць да мяне. Адзін з іх я і прысвячаю любаму мне калектыву «Свіслацкай газеты».

Маім сябрам
Вякамі было і будзе:
У смутку ці ў добры час
Любімыя сэрцу людзі
Заўжды падтрымаюць нас.
Часамі жыцця дарогі
Вялі мяне да бяды.
У сяброў шукала падмогі,
Сябры – як глыток вады. 
І шчасце з імі дзяліла,
І ў роспач да іх ішла.
Сяброўства вялікая сіла
Мяне па жыцці вяла.
Даўно пасівелі скроні,
Падводзіць вынікі час.
Любімыя людзі, сёння 
Люблю і шаную вас.
Марыя САМАЛЕВІЧ,
дырэктар Грынкаўскага СДК.
Фото Григория ШИРЯЕВА.

Предыдущая статья

Наш главный «цифровой носитель»