“Жыццё на любові трымаецца”. Гісторыя Валянціна і Валянціны Селяхаў, якія адзначылі “залатое” вяселле

24 Мая’26
105


Валянцін і Валянціна Селях звязалі свае два лёсы ў адзін 1 мая 1976 года. З той пары іх маленькі сямейны караблік ціха плыў па хвалях жыцця і даплыў да порта “Залаты”.


Праз паўстагоддзя пара зноў пераступіла парог аддзела ЗАГС, каб засведчыць, што сапраўднае шчасце не ведае тэрмінаў даўнасці. А яшчэ, каб успомніць усё спачатку. Як пяцьдзясят гадоў таму для іх гучаў марш Мендэльсона і шчасцем свяціліся вочы. Калісьці іх благаслаўлялі на доўгае і шчаслівае сумеснае жыццё бацькі, бабулі, дзядулі. А сёння – тыя, каму далі жыццё яны самі, – дачка і сын, а таксама дзве цудоўныя ўнучкі.

Сугучнасць імёнаў

Яны сустрэліся вясною 1974 года. Валянцін акурат вярнуўся з арміі і прыехаў у Свіслач да сваякоў. А Валянціна жыла па суседству.

На вуліцы яны сустрэліся выпадкова, пазнаёміліся. Хлопец і дзяўчына былі прыемна здзіўлены прыгожым сугуччам сваіх імёнаў, што бывае далека не часта. У абодвух нешта ўскалыхнулася ў грудзях і цёплая хваля ахутала істоты аднаго і другога. З таго дня яны пачалі сустракацца. Кожная сустрэча была святам. Валянцін прыносіў сваёй каханай кветкі, маленькія падарункі, а галоўнае, ён нёс да яе ў далонях сваё сэрца, такое гарачае, трапяткое, вернае. Ён гаварыў ёй такія пяшчотныя словы, ён глядзеў на яе такімі замілаванымі вачамі, што Валя проста замірала ад шчасця. Дзяўчына на той час скончыла Слонімскае медыцынскае вучылішча і была накіравана на работу медыцынскай сястрой у Свіслацкую раённую бальніцу. А Валянцін пасля арміі паступіў у Віцебскі электратэхнікум сувязі. Сустракацца часта ў закаханых ужо не было магчымасці, таму ён і яна лічылі хвілінкі ад спаткання да спаткання. Так прайшлі два гады. Валянціну заставалася вучыцца яшчэ год, але жаданне быць назаўсёды разам з любаю ўзяло верх, і ў першы майскі дзень 1976 года яны сталі мужам і жонкай.


“Ён – мая палавінка”

У народзе ходзіць павер’е, што нельга жаніцца ў маі. Кажуць, што век муж і жонка будуць мардавацца (маяться), але ж Селяхі за пяцьдзясят гадоў сумеснага жыцця абвергнулі павер’е.

Да дэкрэтнага водпуску маладыя жылі паасобку: Валя – у Свіслачы, Валянцін – у Віцебску. А незадоўга да нараджэння першага дзіцяці муж забраў сваю любую ў Віцебск. Там з’явіўся на свет іх сынок Сярожка. Потым Валянцін прывёз маладую маму з сыночкам у Куклічы да яе бацькоў, а сам вярнуўся назад. Яму трэба бало закончыць вучобу і атрымаць дыплом.

– Я вярнулася да бацькоў у Куклічы, – расказвае Валянціна Дзмітрыеўна. – Амаль адразу пайшла працаваць на мясцовы ФАП. Дарэчы, я калісьці, яшчэ будучы школьніцай? бегала туды і захаплялася работай маладой фельчаркі Марыі. Мне так падабалася назіраць, як яна працуе, як у яе спраўна ўсё атрымліваецца. Тады і мара ў мяне з’явілася – стаць медыкам. Калі прыехала з сыночкам, то яго бацька мой даглядаў, а я адразу – на ФАП. Калі муж скончыў тэхнікум, то мы абое ўладкаваліся ў Свіслацкую раённую бальніцу. Я пачала працаваць у хірургічным аддзяленні, а Валік – майстрам па рамонту медыцынскай тэхнікі. Потым атрымалі кватэру, вось ужо 45 гадоў тут жывём. Наогул, у гэтым годзе ў нас шмат юбілеяў: “залатое” вяселле, 50 гадоў, як я працую ў медыцыне, і мой асабітсты юбілей, пра які не скажу ўслых. Мой муж – мая сапраўдная палавінка, ён – мая апора, мой аплот. У Валіка залатое сэрца, залатыя рукі, я з ім адчуваю сябе жанчынай у поўным сэнсе гэтага слова. Мне пашанцавала з мужам, і я ўдзячна за гэта Богу і лёсу. Мне лёгка з ім, мы разумеем адзін аднаго з паўслова, з паўпогляда. Ён такі ўважлівы, такі чулы, клапатлівы. А да таго ж – кулінар, якіх пашукаць. Умее накрыць шыкоўны стол. А галоўны на гэтым стале – узбекскі плоў. Гатаваць такую смачную страву Валіка навучыў муж маёй сястры. Ён узбек, яны жывуць у Фергане. Мы да іх у госці ездзілі, а яны да нас прыязджаюць. І тады мы ўсе разам збіраемся ў Куклічах, у бацькоўскай хаце. Ля казана разам “чаруюць” Валік і Анвар. Але ж і смачны плоў атрымліваецца!

“Лепшая ў свеце жонка і маці”

Валянцін слухае жонку і радасцю свецяцца яго вочы. Разумею яго. Так прыемна пачуць ад роднага чалавека добрыя, цёплыя словы.

– Мы не заўважылі, калі прабеглі тыя гады, – гаворыць Валянцін Мікалаевіч. – Былі часам дробныя непаразуменні, яны ва ўсіх ёсць, але ненадоўга. Валя ў мяне мае больш гарачы характар, але як хутка загараецца, так хутка і астывае. Я заўсёды першы іду на прымірэнне, і ўсё ў нас зноў хораша і цёпла. Валя мая – вельмі добрая гаспадыня. Яна чараўніца на кухні, а яшчэ цудоўная маці і лепшая ў свеце жонка. Каб вярнуць той дзень, калі я яе першы раз убачыў, то, упэўнены, зноў закахаўся б у яе. Пяцьдзясят гадоў мінула, а для мяне яна ўсё такая ж маладая, прыгожая, адзіная ў свеце. Мае пачуцці да яе ні кропелькі не астылі. Я магу гаварыць ёй пра гэта па сто разоў на дзень. І наогул, жыццё, яно на любові трымаецца, толькі тады ад яго атрымліваеш асалоду і задавальненне.

Як паўстагоддзя назад

Я глядзела на гэтую цудоўную пару і любавалася ёю. Такія шчаслівыя твары, такія замілаваныя ўсмешкі, такія цёплыя погляды. Для іх пройдзены шлях – гэта цэлы свет пачуццяў, гэта нястрачаная пяшчота і любоў.

Валянцін Мікалаевіч і Валянціна Дзмітрыеўна яшчэ працуюць. Жонка – па-ранейшаму ў раённай бальніцы, а муж – рабочым у дзіцячым садку. Не могуць яны сядзець скалаўшы рукі, бо змалку былі прывучаныя да працы.

У юбілейны дзень “залатога” вяселля дачка Вольга з мужам і ўнучкамі Ксюшай і Сафіяй падарылі любым бацькам вялізны букет руж – аж 51 пунсовую кветку.

І дачка, і сын дзякавалі бацькам за шчаслівае дзяцінства, за добры прыклад таго, якой павінна быць сям’я, за бацькоўскія навучанні, за матуліну пяшчоту і ласку. Гэта найвялікшы скарб, які вынеслі дарослыя дзеці ў сваё жыццё, які з цягам часу яны перададуць нашчадкам. Сын Сяргей і дачка Вольга жывуць у Гродне. Часта прыязджаюць, звоняць, расказваюць пра свае поспехі, не забываюць пра бабулю з дзядулем і ўнучкі-красуні.

У ЗАГСе сабралася шмат гасцей, каб павіншаваць залатых юбіляраў з такой важнай падзеяй у жыцці. І зноў, як паўстагоддзя назад, гучаў марш Мендэльсона, і ўсхваляваныя маладажоны ўвайшлі ў залу. Яны, узяўшыся за рукі, сталі на рушнік, абмяняліся пярсцёнкамі, замацавалі свой саюз гарачым пацалункам, кружыліся ў вясельным вальсе, а потым атрымлівалі падарункі, у тым ліку і падзячны ліст ад старшыні Свіслацкага раённага выканаўчага камітэта Андрэя Грыцкевіча. А колькі цёплых пажаданняў пачулі маладажоны ад родных, блізкіх, сяброў, калег!




Усе яны абавязкова збудуцца, бо сказаныя былі ад усяго сэрца, як і калісьці, паўстагоддзя назад.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара і з архіва сям’і Селях

Предыдущая статья

В результате взрыва на железнодорожных путях в Пакистане погибли не менее 16 человек