Колькі можна ўспамінаць пра вайну? Здавалася б, столькі ўжо пра яе напісана, столькі знята кінафільмаў, а яна чамусьці ўсё глухім рэхам адгукаецца ў душы і шчыміць сэрца ад таго, што так шмат адышло ў іншы свет людзей, якія не паспелі падзяліцца сваім болем-успамінам, якія з гэтым болем закрылі вочы. І таму бягу, спяшаюся да тых, хто яшчэ можа нешта расказаць, выліць з душы горыч зруйнаваных вайною дзяцінства, юнацтва, удовінай долі, салдацкага лёсу.
Вось і сёння маё апавяданне будзе пра чулую, сціплую жанчыну Марыю Максімаўну Грачову, у сэрцы якой вайна пакінула такія глыбокія зарубіны, што яны баляць па сённяшні дзень.
…Марыйка Радкевіч, худзенькая дзяўчынка з цёмнымі коскамі, толькі-толькі паспела скончыць сямігодку ў Старой Беліцы, што на Лепельшчыне, як грымнула вайна.
У першыя ж дні бацьку было прыказана перагнаць калгасную скаціну ў Падмаскоўе. Больш за чатыры месяцы не было ад яго ніякіх вестак, і сям’я ўжо не спадзявалася, што ён жывы. Але ж урэшце рэшт халодным восеньскім вечарам ён, ледзьве жывы, галодны, абарваны, змучаны, пераступіў парог дома, чым вельмі парадаваў жонку і дзяцей.
Іх вёска знаходзілася каля лесу, і аднойчы познім вечарам да іх пастукаліся. Аказалася, што гэта былі чырвонаармейцы, якія засталіся ад разбітага смаленскага палка. Яны трошкі адпачылі, абагрэліся, маці, чым мела, накарміла. А бацька ўзяўся іх правесці, каб не нарваліся на немцаў. Трошкі пазней бацька атрымаў заданне збіраць зброю. І тады Марыя пачала дапамагаць яму ў гэтым. Яны запрагалі фурманку і ехалі ў лес. Там на дно воза складвалі знойдзеную зброю, наверх кідалі дровы, і Марыя везла ўсё гэта дадому. Ноччу зносілі ўсё ў школу, якая стаяла побач і дзе да вайны працавала маці. Там бацька выкапаў пад падлогай яму, выклаў яе саломай і складваў туды зброю. І так амаль кожны дзень. Дзяўчынка рызыкавала сваім жыццём і жыццём сваіх блізкіх. Даведайся аб гэтым нямецкі прыхвасцень, які жыў па-суседску, і ўсё – расстралялі б усю сям’ю. Ці было страшна? Пэўна, было. Той страх ледзянымі шчыпцамі сціскаў душу, але жаданне быць патрэбнай Радзіме было мацнейшым за гэты страх, і Марыя зноў і зноў збіралася ў небяспечную дарогу.
У лепельскім лесе Уладзімір Елісеевіч Лабанок арганізаваў партызанскі атрад. Ад яго бацька таксама часта атрымліваў заданне. Нярэдкім госцем у доме быў Канстанцін Заслонаў.
Немцы лютавалі. Амаль увесь ураджай, сабраны калгаснікамі, яны звезлі на станцыю ў склады і збіраліся пераправіць у Германію. Бацьку далі заданне разведаць, якая там ахова, а потым падпаліць склады.
Паміж тымі складамі раней ляжала ўгнаенне, і людзі збіралі яго, выпарвалі і атрымлівалі нешта накшталт солі, якой нідзе не было і так бракавала, асабліва дзецям. Узяўшы з сабою вядзерца, Марыя пайшла туды разам з суседкаю, нібы за ўгнаеннем, а сама ва ўсе вочы назірала за становішчам каля складоў. На другі дзень дзяўчынка адправілася туды ўжо з бацькам.
І вось запалалі склады. Агонь стаяў высокім слупам, смурод быў такі, што немагчыма было дыхаць. Людзі шкадавалі цяжкай працай сабранага хлеба, але іначай ён дастаўся бы нелюдзям, а гэтага нельга было дапусціць.
Ужо на другі дзень прыехалі немцы са старастай. Забралі бацьку, суседа і цяжарную жанчыну, жонку актывіста. Марыя з маці беглі за фурманкаю, на якой сядзелі арыштаваныя, і ад слёз не бачылі дарогі. Праз дзень бацьку і другіх арыштаваных расстралялі. Асуджаныя на смерць самі сабе капалі яму і потым пападалі ў яе, пасечаныя кулямі.
Над вёскаю пачалі лятаць самалёты і кідаць запальныя бомбы. Згарэла амаль уся вёска. Засталіся толькі школа, дом старасты і дом Радкевічаў, бо стаяў па-суседску.
Партызаны адпомсцілі ворагам за злачынства. З тэрыторыі Беліцкага сельсавета былі выбіты ўсе немцы, і да сакавіка 1944-га яны там не паказваліся.
На месцы дамоў людзі пачалі будаваць зямлянкі. Там і жылі. У доме Радкевічаў быў размешчаны партызанскі штаб. Калі пачаў прыбліжацца фронт, партызаны вымушаны былі адступіць у бок Беразіны. Сяляне хаваліся ў акопах. Было вельмі страшна. Вакол усё гарэла, рваліся снарады, бомбы, чулася страляніна.
Неяк маці з маленькім братам вярнуліся чагосьці дадому. А немцы ездзілі па вёсцы і стралалі з кулямётаў. Убачыўшы, як мільганула цень у акне, секанулі па ёй з кулямёта. Упаў падкошаны кулямі хлопчык і, заламаўшы рукі, кінулася да яго амярцвелая ад гора маці.
Пасля таго, як пахавалі брата, дайшлі чуткі, што немцы злавілі ў суседняй вёсцы партызанаў і павесілі іх. Старэйшая сястра была ў партызанскім атрадзе, і маці спалохалася, што, можа, гэта яе спасцігла такая страшная доля. Яна пабегла туды разам з малодшай дачкою. І яны нарваліся на немцаў. Іх разам з другімі людзьмі загналі ў хлеў і трымалі там два тыдні. Марыя, застаўшыся адна з трыма маленькімі сястрычкамі, была ў адчаі. Яна ўжо не спадзявалася, што мама з сястрою вернуцца. Але потым яны прыйшлі, змучаныя, галодныя, ледзьве жывыя. Вярнулася з лесу і старэйшая сястра. Яна была хворая на тыф. На галаве не было ні валаска, і ніхто не думаў, што яна выжыве.
І вось, нарэшце, ворага прагналі. На змену страху прыйшоў страшэнны голад. Елі лебяду, крапіву, гнілую леташнюю бульбу, бручку. Пачалі паміраць дзеці. Было вельмі цяжка, але людзі ўсё ж жылі надзеяй, што не сёння-заўтра стане лягчэй, галоўнае, што скончылася вайна.
У тым жа 1944-м Марыя прачытала ў газеце аб’яву аб наборы ў сельскагаспадарчы тэхнікум. Яна вырашыла туды паступіць. Маці не пускала, бо не было што абуць, апрануць. Гэта не спыніла дзяўчыну. Босая, у старэнькай сукеначцы, яна пайшла пешшу за сорак кіламетраў, каб падаць заяву ў тэхнікум. Усе экзамены Марыя здала паспяхова. А потым гэтак жа паспяхова скончыла яго. Вярнулася дадому з дыпломам агранома-агародніка, працавала два гады ў родным калгасе, а потым пайшла вучыцца далей, у Горацкую акадэмію.
Там у дзяўчыны адбылася шчаслівая сустрэча з суджаным, Хрыстафорам Грачовым. Яны пажаніліся і нарадзілі аднаго за другім трое дзетак.
У 1951 годзе Грачовы аказаліся ў Свіслацкім раёне. Тут выраслі дзеці, кожны пайшоў сваім шляхам. Маці з бацькам толькі цешыліся імі, ні за аднаго не было сорамна.
Марыя Максімаўна шмат гадоў працавала аграномам-агароднікам, была пчаляром, садаводам. Яе паважалі людзі, ставілі ў прыклад другім. Яе імя і па сёння памятаюць у раёне.
Хрыстафор Уладзіміравіч быў аграномам Свіслацкай МТС, старшынёй калгаса імя Чарняхоўскага, узначальваў агранамічную службу ў калгасе імя Леніна, у апошнія гады перад выхадам на пенсію працаваў старэйшым дзяржаўным інспектарам па ахове прыроды па Свіслацкаму раёну.
Хутка бягуць гады. Амаль трыццаць мінула, як няма на свеце Хрыстафора Уладзіміравіча. Але ў доме ўсё напамінае аб ім. З партрэта глядзяць такія добрыя вочы, і ледзь прыкметная ўсмешка кранае вусны.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.