вам расказаць? Але заходзьце, будзем гутарыць”.

Верылі і спадзяваліся
Мы сядзелі з бабуляй Нінай у невялічкім пакоі, і яна расказвала мне пра сваё жыццё, пра ваенныя будні. З маленькай шкатулкі дастала фотакартку ваеннага часу. На ёй тры сімпатычныя дзяўчыны ў гімнасцёрках. Здымак быў зроблены ў красавіку 1945 года. Гэта значыць, што да Перамогі заставалася зусім нядоўга, некалькі дзён, але вайна ўсё яшчэ бушавала, лілася кроў, гінулі людзі. Гэтыя дзяўчаткі не ведалі, ці давядзецца выжыць у такім пекле, ці пашчасціць вярнуцца дадому, змяніць ваенную форму і салдацкія боты на лёгкую сукенку з туфелькамі. Не ведалі. Але ўсё ж спадзяваліся і марылі. Марылі, як пераступяць парог роднага дома, абдымуць маму, нап’юцца вады са свайго калодзежа, з’ядуць лусту свежаспечанага хлеба з халодным малаком. А потым нарэшце выспяцца ўволю за ўсе гады… Марылі, верылі, спадзяваліся. Можа, тыя мары і праносілі міма смяротныя кулі, можа, тая вера і ўберагла ад пагібелі?Тры маладыя дзяўчыны, а пасярэдзіне яна – Ніна Магдалёнік, маладая разведчыца. Яна так гарэзліва ўсміхаецца, з-пад шапкі выглядаюць пышныя русыя валасы, а на грудзях у дзяўчыны ордэн Чырвонай Зоркі і медаль “За адвагу”. А твар у Ніны такі прывабны, такі мілы, што хочацца ўсміхнуцца ёй у адказ…
У бабулі, якая сядзела перада мной у той дзень, вельмі цяжка было пазнаць усмешлівую дзяўчыну са здымка. Сівая, як птушка лунь, з сумнымі вачамі і глыбокімі маршчынкамі на твары, яна мне ціха расказвала пра сваё гаротнае жыццё і раз-пораз змахвала далонню слёзы, якія ўвесь час беглі па шчаках.
– Змалку лёс накарміў сірочым хлебам. Але ж і горкі ён быў, не прывядзі Гасподзь. Мне пяць гадкоў было, калі не стала мамы. Старэйшая сястра яе замяніла, хоць сама яшчэ падлеткам была, – гаварыла бабуля Ніна. – Цяжка нам жылося. Аж успамінаць не хочацца. У восем гадоў пайшла ў парабкі. Служыла ў яўрэяў. Печкі паліла, дровы насіла, дзяцей пільнавала за пару грошаў. У школу амаль не хадзіла, толькі зімою, бо вясной, восенню трэба было кароў чужых пасвіць, у полі працаваць. Цяжка было, але якось жылі, ці выжывалі, як сказаць…
“Мы амаль суткамі працавалі”
Ніне было сямнаццаць, калі пачалася вайна. Дзяўчына тады працавала на лесапільным заводзе. Слабенькай была, у чым толькі душа трымалася. А тут немцы прыйшлі і карову забралі – адзіную карміцельку. Зусім стала цяжка, ад голаду хістала. Але працаваць усё роўна трэба бало. Цэлы дзень дзяўчына насіла перад сабою ў вялікім кошыку (калысцы) апілкі, звальвала ў горбу.– Начальнікам на заводзе быў яўрэй. Немцы аднойчы прыйшлі і забралі яго. Работнікі шкадавалі, а дзяўчаты плакалі, бо ён быў добрым чалавекам, – гаварыла бабуля Ніна.
– А потым пачалі маладых забіраць у Германію, – працягвала свой аповед Ніна Гаўрылаўна. – Лета было, сонца паліла. Сабралі нас, маладых, у адну горбу. Стаім пад яблыняй і плачам. Не ведалі, які лёс чакае. Павезлі нас у Германію, у цялячых вагонах, як скаціну. Доўга ехалі, душна было, піць вельмі хацелася. А плакаць ужо не маглі. Слёзы высахлі, толькі страх і роспач засталіся.
Прыехалі ў горад Галёнт. Высадзілі нас, паставілі ў радок. Прыехалі купцы, хадзілі туды-сюды і разглядвалі, рабоў сабе так выбіралі. Адзін немец мяне выбраў і яшчэ адну дзяўчыну – палячку Ядзю. Мы з ёй кароў даілі, прыбіралі ў кароўніку, шмат іншай працы выконвалі. Цяжка было, што там казаць. Да таго ж гаспадыня была вельмі нядобрая. Голадам марыла, здзеквалася. Мы амаль суткамі працавалі. І білі нас часта за найменшую правіннасць, а часцей за нішто: якія там у нас правіннасці былі, мы ценю баяліся. Чорныя сінякі з цела не сходзілі. Там не толькі мы з Ядзяю былі, шмат рабоў працавала на тых баўэраў. Гаспадар потым недзе падзеўся. Мусіць, на фронт забралі. Засталася гаспадыня з дзецьмі. Яны таксама вельмі дрэнна да нас ставіліся.
Цярпелі, цярпелі, а потым надумалі мы з Ядзяй уцячы. Усе работнікі жылі у такім высокім будынку, як барак. Ён, вядома ж, не абаграваўся. Мы на другім паверсе жылі, на нарах спалі. Ганучаў нейкіх нам накідалі, каб пад бок пакласці і накрыцца. Мы з Ядзяй паразрывалі тыя ганучы, звязалі іх уздоўж, зрабілі вяроўку і ноччу па ёй спусціліся. Сэрца аж у вушах стукацела, так было страшна. Але на волю вельмі хацелася. І мы пабеглі! Доўга беглі, аж да самага Галёнта. Ужо віднець пачало. Ідзём па вуліцы, бачым: немец з немкаю стаяць, абдымаюцца. Мы не паспелі схавацца, як той немец нас убачыў. Падбег, нешта крычаў па-нямецкі, схапіў мяне за руку, Ядзю за шыварат і павалок у якісьці склеп. Потым прыйшлі немцы і пачалі біць нас гумамі, нагамі. Жывога месца на нас не было. Потым загадалі ісці назад да гаспадыні. Мы пайшлі, што было рабіць, ледзьве ногі валаклі. А тая дадала пабояў і яшчэ больш работай мучыла. Там мы былі, пакуль нашы салдаты не вызвалілі.

“Я на долю секунды яго апярэдзіла”
Пасля вызвалення Ніна не накіравалася дадому, а аказалася ў вайсковай часці, стала радавым салдатам, потым – разведчыцай. Хадзіла на розныя заданні, здабывала важную інфармацыю. Была на рэдкасць адважнаю, кемліваю, рашучаю. За выкананне аднаго баявога задання маладую разведчыцу ўзнагародзілі медалём “За адвагу”. А аднойчы Ніна застрэліла нямецкага афіцэра і прынесла ў часць яго партфель з сакрэтнымі дакументамі. За гэты смелы ўчынак дзяўчына была ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі.Той дзень Ніна Гаўрылаўна запомніла на ўсё жыццё.
– Ён у вачах у мяне да сёння стаіць, той немец. Такі малады, прыгожы і вочы сінія-сінія. Мы з ім выпадкова сутыкнуліся. Ён наставіў на мяне пісталет, а я на яго – вінтоўку. Імгненна ўсё атрымалася. Я на долю секунды апярэдзіла яго, зрабіўшы выстрал. Ён упаў як падкошаны. А я яшчэ нейкі час стаяла нерухома і глядзела на яго. Хацела ўцячы, але потым рашыла забраць у яго партфель. Ледзьве вырвала з рукі і пабегла. Аказалася, што ў тым партфелі былі вельмі важныя дакументы. Камандзір хваліў мяне за смеласць, за тое, што не разгубілася. Але я чамусьці не адчувала радасці і задавальнення. Мне ордэн уручылі, віншавалі ўсе, а ў меня перад вачамі стаяў той немец. Я разумела, што ён стрэліў бы ў мяне, каб я не зрабіла гэта першая, але ўсё ж... Гэта быў першы немец, якога я забіла на вайне. Не, не хачу сказаць, што шкада мне яго было. Гэта нешта іншае. Мы, жанчыны, створаны Богам для таго, каб даваць жыццё, а не адбіраць. Вайна – гэта страшна, і яна больш мужчынская справа. Мужчыны заўсёды былі і застануцца абаронцамі, салдатамі. Але ў ліхую гадзіну і нам, дзяўчатам, прыходзілася ваяваць, страляць, падрываць, у разведку хадзіць нараўне з мужчынамі. Такі быў час, але я не думаю, што каму-небудзь з жанчын, дзяўчат прыносіла гэта задавальненне. Вайна і жанчына – паняцці несумяшчальныя.
Калі нашы салдаты ўжо падыходзілі да Берліна, дзяўчатам з ваеннай часці, дзе служыла Ніна, загадалі кароў з Германіі перапраўляць у Расію. У дарозе даілі кожны дзень, траву рвалі, кармілі. Гналі спачатку да Беластока. Там загрузілі ў вагоны, і на гэтым вайна для Ніны скончылася.
Пад мірным небам
Вярнулася дзяўчына дадому, замуж выйшла, нарадзіла двух сыноў. Але рана аўдавела, потым пахавала старэйшага сына. Лёс не песціў Ніну Гаўрылаўну. На яе долю выпала шмат выпрабаванняў. Ніколі яна не насіла сваіх узнагародаў. Яны ўсё жыццё ляжалі ў маленькай шкатулачцы разам з фатаграфіяй, дзе яна такая маладая, прыгожая, усмешлівая.Я пагадзілася тады з Нінай Гаўрылаўнай: так, не жаночая гэта справа – вайна. Але не будзь на вайне жанчын, тых што выносілі на сабе з-пад агню параненых, стралялі са “снайперкі”, былі сувязісткамі, хадзілі ў разведку, падрывалі масты і нямецкія цягнікі, хіба можна было б выйграць тую вайну?
Ніны Гаўрылаўны Андрэйчык ўжо няма на свеце. У тым доме, які яна будавала калісьці з мужам, жывуць чужыя людзі. І тую шкатулку, дзе яна ўсё жыццё зберагала памяць аб вайне, пэўна, даўно выкінулі. Салдатам на вайне яна была ўсяго некалькі месяцаў. З сакавіка па май 1945 года. Але найбольш урэзаліся ў памяць менавіта тыя месяцы, калі прыйшлося браць у рукі вінтоўку.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота з архіва "СГ"