banner

Педагог з вялікай літары

03 Апреля’13
2280
Педагог  з вялікай літары Нядаўна з Гродна з урачыстай цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу "Жанчына года-2012” вярнулася настаўніца Корнадзьскага вучэбна-педагагічнага комплексу "Дзіцячы сад-сярэдняя школа” Вольга Аляксандраўна Лысевіч. Наша зямлячка адзначана дыпломам у намінацыі "За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне нацыі”. Высокую ўзнагароду яна прымала з рук старшыні абласной арганізацыі ГА "Беларускі саюз жанчын” Марыі Біруковай.
Аб тым, што Вольга Аляксандраўна будзе адной з намінаваных удзельніц, сумнявацца не прыходзілася. Яе дасягненні і поспехі ў працоўнай дзейнасці не раз адзначаліся граматамі і падзякамі аддзела адукацыі і райвыканкама. За 16 гадоў педагагічнага стажу яе скарбонка папоўнілася адзінаццацю ўзнагародамі. Самая значная – Падзяка Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь "За шматгадовую плённую працу ў сістэме адукацыі, творчую ініцыятыву, высокія дасягненні ў працоўнай дзейнасці і ў сувязі з Міжнародным жаночым днём 8 Сакавіка” была ўручана зусім нядаўна.
Наша знаёмства з Вольгай Аляксандраўнай адбылося падчас вясновых канікул на яе працоўным месцы. Настаўніца, як заўсёды, знайшла сабе занятак па душы. Трэба сказаць, што ўся яе дзейнасць: і самаадукацыя, і вершаскладанне, і стварэнне цудоўных рэчаў сваімі  рукамі – ідзе з глыбіні душы. Нездарма па жыцці яна крочыць з дэвізам: "Сёння лепш, чым учора, а заўтра лепш, чым сёння”.
– Мне здаецца, калі не навучыцца захапляцца, тварыць, то дзецям з такім педагогам будзе зусім нецікава. А я – чалавек цікаўны. Я твару ўсё: сваё жыццё, прыгажосць вакол сябе і развіваю ў дзяцей здольнасць тварыць, – так пачала аповед пра сваю настаўніцкую дзейнасць Вольга Аляксандраўна. – Колькі памятаю сябе, заўжды марыла стаць настаўнікам. Аднак ніколі ў дзяцінстве не ўяўляла сябе настаўнікам абслуговай працы. Зараз, наадварот, без гэтага прадмета не прадстаўляю сваю педагагічную дзейнасць. Менавіта аблуговая праца ўзвышае маю душу, робіць жыццё асэнсаваным і насычаным.
Хочацца адзначыць, што Вольга Аляксандраўна вучылася ў Ваўкавыскім педагагічным вучылішчы на аддзяленні працоўнага навучання, а затым у Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе атрымала спецыяльнасць настаўніка беларускай мовы і літаратуры.
На думку маёй новай знаёмай, усе вучні – зоркі, блізкія і далёкія, маленькія і вялікія, але аднолькава прыгожыя. І кожная зорачка выбірае свой шлях палёту. Галоўнае – хацець ззяць. Місія настаўніка заключаецца ў тым, каб не прайсці міма вучня, а заўважыць нават маленечкую іскрынку дапытлівасці, творчасці, пазнання і не даць ёй пагаснуць. У сваёй прафесіі Вольга Аляксандраўна кіруецца пяццю ўмовамі: па-першае, карпатлівая праца, па-другое, самаадукацыя, па-трэцяе, самавыхаванне, па-чацвёртае, самаўдасканаленне і апошняя ўмова – рэфлексія.
Незабыўны след у працоўнай дзейнасці настаўніцы пакінулі гады, калі яна была педагогам-арганізатарам. І тады яе вучні атрымлівалі нямала перамог у разнастайных конкурсах.
Адным з накірункаў працы Вольгі Аляксандраўны застаецца работа з высокаматываванымі дзецьмі, уключэнне іх у алімпіядны рух. Вось і на момант нашай сустрэчы яе вучаніца Вольга Лічык знаходзілася ў Лідзе, дзе  дэманстравала свае тэарэтычныя і практычныя веды па абслуговай працы на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Наогул, за апошнія тры гады дзесяць яе вучаніц сталі пераможцамі раённых алімпіяд па абслуговай працы і беларускай мове.
 Вялікую ролю настаўніца надае і даследча-пошукавай дзейнасці, бо лічыць, што цікавасць да прадметаў у дзіцяці будзе тады, калі даваць яму магчымасць адчуваць сябе ў ролі даследчыка, першаадкрывальніка, вучонага. Не раз вучні Вольгі Аляксандраўны вярталіся з дыпломамі з навукова-практычных канферэнцый.
Вывучэнне асаблівасцей свайго раёна – гэта яшчэ адзін з накірункаў, якому надае Вольга Аляксандраўна асаблівую ўвагу. Разам з дзецьмі настаўніца працавала над тэмамі: "Асаблівасці ручнікоў Ваўкавыска-Пружанскага строю”, "Асаблівасці развіцця народных рамёстваў на тэрыторыі вёскі Корнадзь”, "Асаблівасці развіцця народнага касцюма канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя на тэрыторыі Свіслацкага раёна”. Зараз яе вучні даследуюць тэму "Выкарыстанне бытавых адходаў у дэкаратыўна-прыкладной творчасці”.
Акрамя таго, яна з’яўляецца кіраўніком школьнага музея ручніка і гуртка "Народныя рамёствы”. Таму яе заняткі ўключаюць у сябе і вывучэнне духоўнай спадчыны беларускага народа.
– Маё педагагічнае крэда: "Не абмяжоўвай сябе. Ты можаш дасягнуць усяго, у што верыш”, – гаворыць настаўніца. – Сёння магу ўпэўнена сказаць, што выбрала найлепшую ў свеце прафесію.
Алена КЕДЗІК.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Любовь и …голубь, или Для вестника мира не существует границ