banner

Беларускую выцінанку ўключылі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Расказваем аб гісторыі, сакрэтах і захаванні рамяства на Гродзеншчыне

14 Декабря’24
993

Сучасная беларуская выцінанка – унікальная мастацкая з'ява ў нацыянальнай культуры.

Беларускую выцінанку ўключылі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.  Мастацтва выразання ўзораў з паперы шырока распаўсюджана на Гродзеншчыне. Карэспандэнт “ГП” узнавала аб гісторыі, сакрэтах і захаванні рамяства.   

Крыху гісторыі

Зразумела, што нараджэнне выцінанкі цесна звязана са старажытным Кітаем, адкуль і пайшла ў свет папера. Як толькі вытворчасць паперы стала масавай, пашырыліся і патрэбы, дзе яна пачала ўжывацца. 

Папярэднікам выцінанкі на нашых землях сталі так званыя кустодзіі – невялічкія (не больш дваццаці сантыметраў) выцінанкі з вельмі тонкай, празрыстай паперы, якія падкладваліся на дакумент пад васковую або сургучовую пячатку. Гэта павялічвала шанц абараніць напісаны тэкст ад падробкі, бо нельга было зняць пячатку, не пашкодзіўшы кустодзій. Можна сказаць, што гэта была першая спроба барацьбы з фэйкамі. Кустодзіі прысутнічаюць на дакументах XVII-XVIII стагоддзяў, на пачатку XIX стагоддзя трапляюцца зрэдку, бо ўжо выходзяць з ужытку.Таму казаць пра пераемнасць традыцыі не даводзіцца: пра кустодзіі ўжо забыліся, а пра выцінанку яшчэ не ведалі. Апошняя развівалася па сваіх законах.

Пік росквіту выцінанкі як элемента аздаблення хатняга інтэр’еру (акон, сцен, паліц, абразоў, люстэркаў, куфраў), кніг, паштовак прыпаў на канец XIX стагоддзя. І доўжыўся яшчэ па некаторы час пасля Вялікай Айчыннай вайны. Бо пасля Вялікай Перамогі ўпрыгожыць жыллё хацелася як ніколі, а тэкстыльныя фіранкі і сурвэткі былі пакуль не так даступныя.

Дзесьці ў пяцідзясятых гадах пра выцінанку сталі забываць. І на некаторы час яна адышла ў нябыт. Але дзесьці ў васьмідзясятых гадах мінулага стагоддзя яна, нібы птушка Фенікс, адрадзілася зноў. І, гледзячы, як расце яе папулярнасць, заняла трывалую нішу сярод іншых традыцыйных беларускіх рамёстваў, такіх як ткацтва, вышыўка, вязанне.

Асаблівасць беларускай выцінанкі

Сціпласць. Менавіта так можна ахарактарызаваць беларускую выцінанку. Справа ў тым, што сяляне за паўсядзённай цяжкай працай не так шмат мелі часу на нейкія забаўкі. Ды і пра спецыяльныя інструменты размовы быць не магло. Таму рэзалі паперу звычайнымі грубымі нажніцамі, якімі стрыглі авечак. Самі разумееце, што мудрагелістыя ўзоры рабіць імі было не надта зручна. Але каб усё ж дасягнуць карункавую пяшчоту, звычайна карысталіся трыма прыёмамі.

Першы з іх – рапортны. Паперу складвалі гармонікам і па краях і згібах выразалі простыя ўзоры: ромбікі, авалы, зубчыкі… Звычайна такая тэхніка ўжывалася для вырабу фіранак, доўгіх сурвэтак на паліцы.

Другі – цэнтрычны, або разеткавы. Гэта калі паперу складвалі веерам. Такім чынам выразаліся круглыя сурвэткі, якія падкладвалі пад караваі або вазоны. Дарэчы, усім вядомыя сняжынкі і зорачкі, якія пад Новы год з’яўляюцца на нашых вокнах, якраз і ёсць класічная цэнтрычная выцінанка.

І трэці прыём – сіметрычны: паперу складвалі ўдвая і выразалі нейкі ўзор. Пасля развароту гатовага вырабу атрымліваўся адлюстраваны матыў. Класіка гэтага прыёму – дрэва жыцця, дзе праз сімвалы паказвалася сувязь пакаленняў: карані – продкі, ствол – бацькі, веткі – дзеткі, птушкі на іх – дабрабыт… 

Дарэчы, не заўсёды выцінанка выразалася нажніцамі (яе тады называлі выразанкай, выстрыганкай). Дзецям, напрыклад, нажніцы ў рукі не давалі, таму яны ўзоры вырывалі. Такія творы называлі вырыванкамі. А некаторыя аматары выцінанкі прыладзіліся іх выразаць сапожным нажом або, пасля вайны, – завостранымі гільзамі. Іх вырабы называлі выбіванкамі. Гэтыя тэхнікі ўжываюцца і сёння.

Сучасная беларуская выцінанка – унікальная мастацкая з'ява ў нацыянальнай культуры. Дарэчы, дзякуючы яе адраджэнню, аднавілася і іншая старажытная тэхніка, калі суцэльна выбіваюцца сапраўдныя карціны, мастацкія сюжэты. Сёння можна сказаць, што кожны майстар, які займаецца гэтым рамяством, мае асабістую стылістыку, праз якую раскрывае сваю мастацкую індывідуальнасць.

Як адраджаюць выцінанку на Лідчыне

Адным з запаветных месцаў на Гродзеншчыне, дзе жыве беларуская выцінанка, з’яўляецца дзяржаўная ўстанова “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Як паведаміла Алена Шчэліна, загадчык аддзела рамёстваў гэтай установы, цікавасць да выцінанкі ў іх наведвальнікаў сапраўды высокая. Можа, як раз таму, што да іх прыходзяць людзі мэтанакіравана, тыя, каго цікавяць народныя промыслы і трацыцыі. Жадаючыя маюць магчымасць наведваць гурток, дзе ім дапамогуць дасканала асвоіць гэту тэхніку.

рпарапр.JPG

– З вялікім захапленнем вучацца азам выцінанкі падчас майстар-класаў дзеткі, якія бываюць у нас на экскурсіях. Зробленыя сваімі рукамі вырабы яны асцярожна нясуць дахаты – у падарунак сваім блізкім.

– З выцінанкай я пазнаёмілася яшчэ ў дзяцінстве, калі дапамагала бабулі прыбіраць у хаце. У куце адного з пакояў былі адкрытыя паліцы, якія мне заўсёды хацелася ўпрыгожыць. Таму брала паперу, нажніцы і выразала карункавыя сурвэткі. Прычым пад кожную ўборку – свежыя. Самае цікавае, да таго часу я не ведала, што так можна: ніхто мне пра гэта не расказваў і не паказваў. Гэта было інтуітыўна. Напэўна, гэта і ёсць калектыўнае несвядомае, – распавяла Алена Валянцінаўна.

Кожны работнік культуры, маючы адпаведную адукацыю, валодае амаль усімі тэхнікамі народнага майстэрства. Але, працуючы, звычайна выбірае адну ці некалькі, якія больш даспадобы. У гэтым накірунку і развіваюць сваё ўменне. Сярод супрацоўнікаў аддзела рамёстваў як раз ёсць майстар, якога захапіла выцінанка – Дар’я Шафак. Зараз яна знаходзіцца ў адпачынку па догляду за дзіцём, але падзялілася з чытачамі “ГП” сваім уражаннем пра добрую навіну і расказала, як яе захапіла гэта рамяство:

– Я заўсёды марыла, каб выцінанка стала вядомай і папулярнай, каб людзі заўважалі гэты від мастацтва. І бачу, што ўсё атрымалася. Яна трапіла ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Пра яе даведаўся ўвесь свет. Канешне, эмоцыі перапаўняюць… 

Маё занаёмства з карункавым выразаннем пачалося ў 2003 годзе, калі я вучылася ў Маладзечанскім дзяржаўным музыкальным каледжы імя М.К. Агінскага. Першымі маімі педагогамі былі Вікторыя Чырвонцава і яе дачкі Елізавета і Наталля Чырвонцавы, сапраўдныя віртуозы гэтага мастацтва. Многія спецыялісты вызначаюць адметны почырк маіх настаўніц, почырк маладзечанскай выцінанкі. Я вельмі ўдзячна ім за навуку.

Сёння мяне перапаўняе гонар, што  маю дачыненне да гэтага рамяства. Лічу, што выцінанка пакуль мала раскручаны брэнд Беларусі, але назіраю, што яна ўжо паціху ўпісваецца ў нашу лёгкую прамысловасць. Бачу яе на рушніках, абрусах, адзенні… Дарэчы, касцюмы, якія былі пашыты ўдзельнікам другіх Еўрапейскіх гульняў, што праходзілі ў Беларусі, таксама мелі элемент выцінанкі. 

Не так даўно да мяне звярнуліся за парадай лідскія вытворцы сумак. Ім цікава было ўвесці яе ў афармленне сваёй прадукцыі. Значыць, гэта стала модным трэндам нашага часу. І гэта вельмі радуе.

Беларусь уваходзіць у ЮНЕСКА з 1954 года. У 1988 годзе рэспубліка далучылася да Канвенцыі па ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны. На сённяшні дзень спіс сусветнай спадчыны  ЮНЕСКА ў Беларусі ўключае 4 матэрыяльныя і 6 нематэрыяльных аб’ектаў. 

выавыа.JPG

● Матэрыяльныя аб’екты:

Мірскі замак;
Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс;
Нацыянальны парк “Белавежская пушча”;
Геадэзічная дуга Струве.

● Нематэрыяльныя аб’екты:

“Калядныя цары”– абрад, які адбываецца ў Семежаве 
Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў ноч на 14 студзеня;
Будслаўскі фэст – урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай;
“Юраўскі карагод” – святкаванне Юр’ева дня ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці;
Культура бортніцтва – рамяство, звязанае з развядзеннем дзікіх пчол;
Саломапляценне – традыцыйнае беларускае мастацтва, якое не мае аналагаў у міры;
Выцінанка – традыцыйнае мастацтва выразання з паперы.

Предыдущая статья

Осень 2024 года вошла в топ-3 самых теплых в Беларуси