Папулярнасцю ў гэты святочны дзень карысталіся тэматычныя пляцоўкі, што размясціліся на тэрыторыі парка. Іх прадстаўлялі сельвыканкамы, арганізацыі і сельгаспрадпрыемствы раёна. Гаспадары ўсіх імправізаваных двароў адзін перад другім стараліся здзівіць гасцей. Ды не проста так. Сельвыканкамы змагаліся за першынство ў конкурсе “Святы і абрады свіслацкай зямлі”. Арганізацыі і сельскія гаспадаркі, дэманструючы свае дасягненні, спаборнічалі ў аглядзе-конкурсе “Беларусь – гэта мы!”.
Адправіць вестку ветэрану Вялікай Айчыннай вайны ці вязню нацызма прапанавалі работнікі паштовай сувязі. Казалі: “Напішыце словы ўдзячнасці за мірнае неба над галавой, а мы абавязкова даставім вашу паштоўку адрасату”. Гісторыю і сучаснасць адукацыі раёна шырока прадставілі настаўнікі. Яны не толькі цікава расказвалі пра сябе (нагод для гонару ў педагогаў нямала), але і запрашалі разам з прафсаюзам пагуляць у інтэлектуальныя гульні. На дасягненні Свіслаччыны ў пасляваенны час звяртала ўвагу гасцей выстаўка гісторыка-краязнаўчага музея. Вось адзін з сімвалаў працоўнай доблесці свіслачан: памятны сцяг ЦК КПБ, якім у 1967 годзе быў узнагароджаны раённы камбінат бытавога абслугоўвання як пераможца сацыялістычнага спаборніцтва. А побач – памятны знак калектыву Свіслацкага раённага вытворчага ўпраўлення бытабслугоўвання насельніцтва за эфектыўную работу ў дзясятай пяцігодцы з занясеннем на Усесаюзную Дошку гонару на ВДНГ СССР!
Інтэрактыўную пляцоўку “Край беларускі, край самабытны” прадставіла Свіслацкая раённая бібліятэка. На ёй – кніжная выстаўка з выданнямі, што знаёмяць з традыцыямі, культурай і побытам нашых продкаў. Тут жа – кнігі-альбомы аб развіцці ганчарства ў Поразаве, якое некалі славілася сваёй чорназадымленнай керамікай. Дарэчы, з 2017 года багаты інфармацыйны матэрыял і вырабы знакамітых ганчароў беражліва захоўвае поразаўскі музейны пакой “Мастацтва гліны і агню”. У 2019-м бібліятэкары, рэалізаваўшы прэзідэнцкі грант, пайшлі далей: набылі ганчарны круг і пачалі адраджаць гэтае рамяство.
Звяртала ўвагу гасцей і падрыхтаваная бібліятэкай інсталяцыя – вялізны збан са збораў сачыненняў беларускіх аўтараў. На гэтае дзіва пайшло каля 450 кніг! Пляцоўку Свіслацкай СДЮШАР было відаць здалёк: так ярка ззялі на сонцы дзясяткі кубкаў, што прывезлі са спаборніцтваў яе выхаванцы. Дэманстравала свой новы аўтамабіль хуткай дапамогі раённая бальніца.
А вось гатункі зернавых культур, прывесы і надоі – гэта гонар і дасягненні сельгаспрадпрыемстваў раёна. Крэатыўна аграрыі паказалі, якімі сучаснымі падыходамі кіруюцца ў рабоце зараз, і якімі традыцыямі нязменна даражаць.
Весела, ажыўлена і каларытна было на падвор’ях сельвыканкамаў, якія сустракалі гасцей разам з работнікамі клубных устаноў. Тут вам і ханявіцкія бліночкі, і грынкаўская пышка, і дабравольскія “Саракі”, і вердаміцкая “Бульбяная весялуха”, і навадворскае рукадзельніцтва, і пацуеўскі “Рэтра-фэст” з савецкім буфетам…
Няпроста было журы вылучыць трох пераможцаў. Урэшце рэшт вердыкт быў вынесены. Лепшым сельвыканкамам названы Вердаміцкі. Першай у спаборніцтве сярод арганізацый стала бібліятэка. Перамогу ў конкурсе сярод сельгаспрадпрыемстваў адзначаў калектыў КСУП “Ханчыцы-Неман”.
Каларыт святу надало выступленне заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца, музыкі і песні "Белыя росы".
Уладзімір Міхальчык:
– Свята Незалежнасці – адно з самых галоўных у беларускім календары. Яно адзначае, што мы незалежная, суверэнная краіна, якая дабілася сваёй свабоды, свайго права жыць і развівацца цаной неверагодных намаганняў, цаной шматлікіх ахвяр. Пра гэта трэба памятаць. І няхай сёння свеціць сонца, мы не павінны забываць пра тых, хто прынёс нам Вялікую Перамогу і падарыў магчымасць будаваць нашу будучыню. Кожны грамадзянін Беларусі павінен цаніць гэта і несці гістарычную памяць з пакалення ў пакаленне. Такое свята, калі ўсе збіраюцца разам як адзінае цэлае, – найлепшы доказ, што мы памятаем.
Алена Шпак:
– Дзень Незалежнасці – знакавая падзея для любой краіны. Мы, беларусы, ганарымся гэтай датай, рады, што маем магчымасць вось так святочна, прыгожа, разам з рознымі пакаленнямі адзначыць яе. Вельмі хочацца, каб над намі заўсёды было мірнае неба, каб мы і надалей жылі ў незалежнай Беларусі. Жадаю нашай рэспубліцы росквіту!
Алена Басалай:
– 3 ліпеня – для мяне адна з важных дат, як і 9 Мая. У ёй пераплецены мінулае, сучаснасць і наша будучыня. Дзень Незалежнасці аб’ядноўвае людзей. Святкуе ўся Свіслач, уся Беларусь. Мы аддаем дань памяці тым, хто ў гады вайны палажыў сваё жыццё на алтар Перамогі. Я ў гэты дзень успамінаю свайго прапрадзядулю Сцяпана Іванавіча Даніловіча. З года ў год прыходжу з кветкамі да помніка. Мы павінны памятаць пра сваіх загінуўшых родных і пра ўсіх суайчыннікаў з пакалення пераможцаў. Без гэтага не будзе будучыні.
Ганна Ушкевіч:
– Да святкавання Дня Незалежнасці мы далучыліся ўсёй сям’ей. Лічу сябе патрыётам, таму ў гэты дзень я разам са сваёй краінай. Краінай, якая сёння дае маладым людзям магчымасць вучыцца, займацца любімай справай, самарэалізоўвацца, прысвячаючы свае поспехі сваёй любімай Радзіме. Усе шляхі адкрыты перад намі. Галоўнае, каб мір быў на нашай зямлі.
Наталля ТУРКО
Фота аўтара і Марыны ЯНЮК
Электронная
подписка на «СГ»
Подробнее
подписка на «СГ»