Нам ёсць чым ганарыцца! Гэтыя словы сталі лейтматывам святочнага дзейства, што развярнулася ў гарадскім парку. Галоўны скарб нашага пушчанскага краю, як і ўсёй Беларусі, – гэта, безумоўна, людзі. Менавіта яны робяць краіну багатай, прыгожай, моцнай, штодзённа ўносячы свой уклад у яе развіццё і працвітанне. Ім, людзям, што плённа працавалі і працуюць на карысць роднай зямлі, – словы падзякі ў Дзень Рэспублікі. Гучна, з гонарам, з павагай яны прагучалі з галоўнай сцэны, што паклікала свіслачан і гасцей горада на святочны канцэрт пад назвай “Квітней, Радзіма, пад блакітным небам!”.
Запамінальным стала 3 ліпеня для дванаццаці прафсаюзных актывістаў. Ва ўрачыстай абстаноўцы яны атрымалі ад начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Андрэя Грыцкевіча пасведчанні аб занясенні на Дошку гонару Свіслацкай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу – за добрасумленную працу ў сельскагаспадарчай галіне раёна, высокі прафесіяналізм, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Хто ж у ліку тых, чые імёны ўпрыгожаць Дошку гонару? Гэта загадчык рамонтных мехмайстэрняў ААТ “Акр-Агра” Іван Сакалоўскі, галоўны эканаміст УП “ВМК-АГРА” Анастасія Пілецкая, дырэктар УСП “Новы Двор-Агра” Дзяніс Турак, трактарыст-машыніст КСУП “Ханчыцы-Неман” Віктар Мамроўскі, бухгалтар ААТ “Ханявічы” Наталля Пармонік, жывёлавод УСП “Саўгас “Вялікасельскі” Наталля Матушэўская, жывёлавод КПУП “Свіслацкая сельгастэхніка” Ала Шыманіца, трактарыст-машыніст КСУП “Стракелі” Анатоль Панас, трактарыст Свіслацкага ПМС Сяргей Ярашук, загадчык Свіслацкай участковай ветлячэбніцы Лілія Жывель, ветурач-гінеколаг Свіслацкай племстанцыі Дзмітрый Варанецкі і сакратар прыёмнай упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Алена Галікоўская.
Марафон віншаванняў прадоўжыў намеснік старшыні райвыканкама, лідар раённай арганізацыі РГА "Белая Русь” Мікалай Арол. Мікалай Іванавіч адзначыў дыпломамі ўдзельнікаў абласной патрыятычнай акцыі “Вальс Перамогі” – кіраўніка народнага інструментальнага ансамбля “MEZZO LIVE” Іну Сікор і настаўніка Таццяну Карнацэвіч (Свіслацкая дзіцячая школа мастацтваў).
Свае творчыя нумары віноўнікам урачыстасці і ўсім аматарам добрай песні і музыкі дарылі лепшыя артысты Свіслаччыны.
Наталля ТУРКО
Фота аўтара