
Заклалі моцныя карані
З той пары мінула дваццаць пяць гадоў. Мікалай Цімафеевіч і Анастасія Мітрафанаўна пакінулі гэты свет. Але слаўны род Янюкоў працягваецца, таму што былі закладзены моцныя карані, родавае дрэва дало такія ж магутныя галіны, а ад іх пайшлі новыя парасткі.Сёння ў некаторых, часам, дзеці не могуць пагадзіцца адзін з другім, у сем’ях пануе зайздрасць, хцівасць, злосць. Маці і бацька не з’яўляюцца для іх аўтарытэтам, да іх слоў не прыслухоўваюцца, не ставяцца сур’ёзна.
А ў гэтай сям’і маці і бацька былі найважнейшымі жыццёвымі настаўнікамі, яркім прыкладам таго, як трэба жыць, ставіцца да людзей, быць вернымі ў сям’і і адданымі Богу.
Яны не нажылі багацця ў матэрыяльным сэнсе, хоць усё жыццё працавалі ад зары да зары, не баяліся ніякай работы і такую ж працавітасць перадалі ў спадчыну дзецям, унукам, праўнукам. Абое былі амаль непісьменныя, але той мудрасці, якую мелі ў сабе, маглі б пазайздросціць звышадукаваныя людзі.
Анастасіі Мітрафанаўны не стала ў 2002 годзе. Мікалай Цімафеевіч вельмі сумаваў, яму цяжка было змірыцца з такой стратай. Перажыў ён жонку толькі на тры гады.
І вось праз дваццаць пяць гадоў я зноў завітала ў гэтую хату. Мяне гасцінна сустрэла Вераніка Янюк, удава аднаго з сыноў – Васіля. Мы сядзім ва ўтульнай верандзе і ціха вядзем гутарку аб тым, з чаго ўсё пачыналася.

Адкуль пайшлі вытокі
Мікалай і Анастасія пажаніліся ў маі 1940-га. А праз год – вайна. Маладая жонка тады насіла першае дзіцятка пад сэрцам. Жылі ў пушчанскай вёсцы Ціхаволя. Як толькі прыйшлі немцы, усіх жыхароў вывезлі, а вёску спалілі. Чужыя людзі бралі да сябе няшчасных бяздомных. Дзяліліся, чым маглі, давалі прытулак. Восенню ў чужой хаце на ахапцы саломы, кінутай на падлогу ў сенцах, нарадзіўся першы сынок Насці і Мікалая Янюкоў – Саша. Ніхто не чуў ні стогну парадзіхі, ні крыку. Хаця была поўная хата людзей. А за вокнамі свой сатанінскі баль правіла вайна.У сорак чацвёртым з’явіўся на свет Коля. На тую пару сям’я жыла ў Жаркаўшчыне. Там нарадзіліся Віталік, Марыя, Ваня і Васіль. З шасцю дзеткамі пераехалі ў Кавалі. Тут прыйшлі на свет яшчэ двое дзетак – Надзя і Алёша. Цяжка было? Вельмі! Таму з самых маленькіх гадоў дзеці ведалі цану акрайчыку хлеба на стале, былі лёгкімі на пад’ём да любой работы. Кожны ведаў свае абавязкі па доме, кожны стараўся дапамагчы бацькам.
Тым часам у пасёлку Мяльнова бацькі купілі маленькую хатку і прыбудавалі да яе яшчэ добры кавалак. Дапамагалі бацьку ўжо дарослыя сыны. Тады Шура ўжо паспеў ажаніцца і жыў асобна, Мікалай таксама пакінуў бацькоўскую хату, паехаў у Мінск. Там атрымаў адукацыю, уладкаваўся на працу. І вось летам 1974-га сям’я перасялілася ў пасёлак Мяльнова. Тут Мікалай Цімафеевіч і Анастасія Мітрафанаўна пражылі амаль трыццаць гадоў. Дачакаліся ўнукаў, праўнукаў, сустрэлі старасць. Дзеці паразляталіся з хаты, як птушкі з гнязда, але святло ў бацькоўскіх вокнах вабіла іх, было для кожнага маяком, які прыцягвае да сябе з далёкіх і блізкіх дарог. Не было таго года, каб не прыязджалі ў родную хату Мікалай і Марыя з Мінска, не спяшаліся да бацькі і маці Надзея з Росі і сыны, якія звілі свае гнёзды непадалёк, у адным раёне.
Адзін за другім “пасыпаліся” ўнучаняты. Род Янюкоў з кожным годам павялічваўся, на сямейным дрэве з’яўляліся ўсё новыя і новыя парасткі. Яны мацнелі, рабіліся больш дужымі і галінастымі. Як цешыліся дзед з бабуляю, калі прыязджалі ўнучаняты, як весела і шумна было ў хаце ад іх звонкіх галаскоў, ад замілаваных усмешак.
Але час ішоў. Раслі ўнукі. Ужо ім бацькі спраўлялі вяселлі, выпраўлялі ў свет, а дзед з бабуляй чакалі праўнукаў. Час не спыніць. Унукі наведваліся ў пасёлак ужо са сваімі дачушкамі і сынкамі. І зноў дом гудзеў, як вулей з пчоламі, а бабка з дзедам проста на вачах маладзелі ад радасці, ад таго, што ў іх такія ўдалыя дзеці, унукі, праўнукі. Бабулька частавала, чым магла, выпякала раніцай блінцы, аладкі, асабліва любілі усе, і малыя, і дарослыя, бульбяную “бабку”.


Як гадаваліся дзеці
Вось як расказвала мне калісьці Анастасія Мітрафанаўна пра выхаванне сваіх дзяцей:
– Мы ніколі не каралі сваіх дзяцей за якія-небудзь правіны. Проста іх не было, тых правінаў. Бацька больш займаўся сваімі мужчынскімі справамі, гаспадаркай, а на мне дом быў і дзеці. Я ім не надакучвала павучаннямі, не пагражала, што дастанецца за свавольствы. Я толькі казала: “Дзеткі, жывіце так, каб нам з бацькам ніколі не было сорамна за вас. І не дай божа вам калі-небудзь узяць што чужое, пакрыўдзіць каго альбо салгаць". Я іх шчэ змалку ўпэўнівала, што няма нічога больш каштоўнага за добрасумленную працу і павагу да людзей.
Бацькоўскую навуку дзеці і ўнукі добра памяталі і жылі па гэтых простых хрысціянскіх законах. Усе выбралі верны шлях у жыцці, вывучыліся, атрымалі прафесіі. З годнасцю неслі і нясуць добрае імя бацькі і маці.
На жаль, ужо няма на свеце трох сыноў – Віталіка, Івана і Васіля. Але жывуць іх дзеці, унукі. Каб на сённяшні дзень дзед з бабаю жылі, у іх было б дваццаць унукаў і дваццаць два праўнукі. Дадаць сюды нявестак, зяцёў – атрымаецца амаль удвая больш. Вось гэта сям’я! І ўсе настолькі дружныя, настолькі моцна трымаюцца адзін за аднаго – падтрымліваюць, дапамагаюць, што можна толькі дзівіцца. Тут радня – гэта не проста слова, гэта повязь пакаленняў, гэта роднасныя сувязі, якіх не здолее парваць ніякая сіла ў свеце.

Жывуць традыцыі
Калі не стала Анастасіі Мітрафанаўны з Мікалаем Цімафеевічам, хата не была пакінутай, занядбанай. Дзеці пастаянна прыязджалі, даглядалі родны куточак. А потым галоўную апеку над хатай узялі на сябе сын Васіль з жонкай Веранікай. Яны шмат чаго памянялі ў хаце, на падворку. Старыя вокны замянілі на новыя, зрабілі рамонт на верандзе, абнавілі электрычную праводку.У двары з’явілася шмат пладовых дрэў, кустоў. Добра пладаносяць яблыні, грушы, абрыкосы, чарэшня, барбарыс, бружмель, кізіл, галубіка.
А колькі розных кветак – не пералічыць! Адных толькі ружаў больш за 20 сартоў. Цешыць буйнай квеценню клімаціс, півоня і шмат іншых кветак, назву якіх я нават не ведаю, распусціла свае цуда-букеты юкка.
У двары стаіць прыгожая альтанка. Менавіта ў ёй збіраюцца ўсе, хто прыязджае ў бацькоўскую хату. Ніхто нават не дапускае думкі, што на гэтых дзвярах будзе вісець замок і па вечарах не засвецяцца вокны.
Васіля ўжо пяць гадоў няма на свеце. Але ўсе добрыя традыцыі зберагае жонка Вераніка. Гэта яна тут навяла такую прыгажосць, гэта ёй так дорага памяць аб мінулых гадах, аб тым, з якою цеплынёй прынялі калісьці ў сваю сям’ю бацькі Васіля. З усімі сваякамі яна падтрымлівае добрыя адносіны, і кожны год чакае ў госці. Не зарастае сцежка да роднага дому і не зарасце.
Вераніка Людвігаўна з цеплынёй расказвае мне пра род Янюкоў, пра добрыя традыцыі, якія існуюць тут шмат гадоў і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Яна не нарадзілася ў гэтай хаце, але кожны куточак ў доме даўно стаў родным.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з архіва сям’і Янюкоў




