banner

Пад ветразямі часу

29 Ноября’13
2448
Пад ветразямі часуУ маім асабістым архіве захавалася сапраўдная рэліквія: пісьмо былога рэдактара нашай раённай газеты Алега Пятровіча Смальянава, датаванае 31 жніўня 1981 года. 
«День добрый, братья и сестры во Газете! 
Привет! С солеными морскими брызгами, порывами северо-западного ветра, криками чаек, но все-таки – горячий привет!
…Приговор ангела-хранителя, т.е. врача: отдыхайте, не перегружайтесь, больше воздуха… Вот душ, коктейль… Достаточно… У вас рубчик… Да, вы перенесли…»
Хоць на той час мой журналісцкі стаж налічваў 9 гадоў, але ў якасці намесніка рэдактара я працавала толькі сёмы месяц. І намесніка самога Смальянава! Гэта была найвялікшая адказнасць, і, калі ён паехаў у санаторый у Юрмалу, гэта адказнасць павялічылася ў некалькі разоў. Таму ў пісьме я прасіла і парады, і згоды, і спагады… Алег Пятровіч расставіў рэдакцыйныя праблемы на свае месцы, па-бацькоўску падтрымаў, а ў канцы тактоўна, і як быццам між іншым, напісаў: «…Искусство быть мудрым состоит в умении знать, на что не стоит обращать внимания. Мих. Светлов».
Гэты выраз-парада запомніўся на ўсё жыццё, бо яно такое вірлівае, і ў ім здараюцца такія выкрутасы, што насамрэч, не ўсе яны дастойныя ўвагі.
Запомнілася і яго ўсюдыіснае: «Ёсць ідэя!» Гэта, калі, здаецца, творчыя сілы былі ўжо на зыходзе, а кожны нумар (тады газета выходзіла тры разы на тыдзень) патрабаваў новых і новых высілкаў. І зноўку, як быццам між іншым, нечакана на парозе кабінета з’яўляўся наш настаўнік: «Ёсць ідэя!»
У асноўным падрыхтаваныя матэрыялы мы клалі на стол намесніка рэдактара Яўгена Арсеньевіча Калдунова. Клалі і… хуценька закрывалі за сабой дзверы. Бо іх будзе чытаць маэстра газетнага слова з фенаменальнай памяццю, шырокай эрудыцыяй, энцыклапедычнымі ведамі. А мы толькі спасцігаем слова і яшчэ не ўладарым над ім.
Мне вельмі пашчасціла, што газетнае жыццё падаравала такіх мудрых, таленавітых, чалавечных настаўнікаў і кіраўнікоў. Іх жыццёвая пазіцыя, добразычлівасць, сардэчнасць, адказнасць, адкрытасць фарміравалі асаблівую атмасферу ў калектыве і творчыя абставіны. Інакш кажучы, той дух, які адчуваеш адразу, адкрыўшы дзверы ў рэдакцыю. Калектыў быў, як адна сям’я, у якой усе радасці і нягоды дзяліліся паміж яе членамі. Не было зайздрасці, пыхлівасці, гонару. Мы рабілі адну вялікую справу, якая называлася Газетай. Яна была галоўным членам у нашай рэдакцыйнай сям’і, жывой істотай у нешматлікім калектыве. І без любові да яе, узаемаразумення, узаемапавагі проста нельга. Мы служылі газеце, яна – чытачу. А гэта галоўнае ў нашай газетнай справе.
Раёнка заўсёды была на вастрыні жыцця. І тон у гэтым задавалі яе супрацоўнікі. Не было ў раёне такога куточка, дзе б не ведалі нашага фотакарэспандэнта Часлава Горбача. Нельга было ўявіць газету без востраслова і рэдакцыйнага паэта, адказнага сакратара Васіля Каржаневіча; удумлівага, звышадказнага, крыху сарамяжлівага Генадзя Гіля, які вёў на старонках газеты «Праваахову»; тэхнолага палёў, арганізатара раённага клуба даярак «За вялікае малако» Вячаслава Бяляева; лёгкай на пад’ём, ініцыятыўнай Галіны Земчык і многіх іншых журналістаў.
Кажуць, што журналіст пражывае столькі жыццяў, колькі ў яго творчай скарбонцы чалавечых лёсаў. А калі так, то ён вельмі багаты чалавек. Бо ці не багацце – цікавыя людзі, якія сустрэліся на тваім шляху; і ці не шчасце – магчымасць расказаць пра іх на старонках газеты. І каб зноўку пачаць, як пяецца ў вядомай песні, то выбар быў бы на карысць Слову.
…Імкліва бяжыць час. Здаецца, нядаўна быў той жнівеньскі сонечны дзень 1973-га, калі пераступіла парог рэдакцыі, што тулілася ў старым драўляным доме. А праляцела звыш 27 гадоў – найлепшых гадоў, падараваных жыццём раённай газеце. І хоць не аднойчы былі прапановы на больш высокія пасады, раёнка не адпускала…
Хораша і прыемна на душы ад таго, што цяперашні калектыў газеты на чале з галоўным рэдактарам Ядвігай Курыла нястомна прадаўжае добрыя традыцыі, закладзеныя ў падмурак раённай газеты яе папярэднікамі. Як лепшы доказ таму – шматлікія ўзнагароды калектыву. За творчасць. За адданасць справе. 
70 гадоў – гэта і многа, і мала. Бо заўтра зноў павінна выйсці «Свіслацкая газета». Яе чакаюць у аддаленых вёсачках і аграгарадках, ва ўстановах і арганізацыях. Летапіс раёна прадаўжаецца.
Галіна РАМАНЧУК,
рэдактар газеты 
ў 1992–2000 гадах, 
уласны карэспандэнт 
«Гродзенскай праўды»

Предыдущая статья

Безопасное соседство