banner

Па старонках гісторыі "Свіслацкай газеты"

26 Мая’14
2779
Наша раённая газета нарадзілася ў суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны ў пяці кіламетрах ад Сабалькоў (Міхалінская пушча) у партызанскім атрадзе брыгады імя Чапаева, камандзірам якой быў Мацевасян, а камісарам сакратар Свіслацкага падпольнага райкама партыі А. Шламанаў.
Назва падкрэслівала, што газета выходзіць на свіслацкай зямлі – "Свислочская правда”. Як успамінае першы рэдактар  І. В. Зазека (1907 — 1977) — пісьменнік, да вайны намеснік дырэктара Беластоцкага педагагічнага інстытута, выкладчык гісторыі рускай літаратуры, пасля вайны —дацэнт БДУ імя У. І. Леніна , "... У жніўні 1943 года разам з іншым грузам у партызанскі атрад была скінута паходная партатыўная друкарня канструкцыі Фёдара Пільцыенка з запасам шрыфта, фарбы і паперы. Увесь груз вагой звыш трох пудоў. У лістападзе партызаны дабраліся да Міхалінскай пушчы — апошнім пункце на карце. Тут і абаснавалася рэдакцыя газеты "Свислочская правда” — органа Свіслацкага падпольнага райкама партыі.
Па старонках гісторыі "Свіслацкай газеты" Вузкая сцяжынка вяла ў рэдакцыю. Нават уважлівае вока не змагло б прыкмеціць зямлянку, замаскіраваную дрэвамі. Некалькі прыступак уніз — і вы ў зямлянцы. У столі — вялікія аконныя рамы. Пасярэдзіне — стол, на ім устаноўлены друкарскі станок. На другім стале — дзве наборныя касы. Друкарня цалкам адпавядала ўмовам падполля: праз 8—10 мінут яе можна было сабраць і вынесці. Маёмасць друкарні была выключна цэннай, таму за кожным работнікам замацоўвалася адпаведная частка яго, за якую ён адказваў, як за баявую зброю”.
Першы нумар газеты выйшаў пад раніцу 29 лістапада 1943 года накладам 500 экзэмпляраў. Праз пасыльных газета пайшла ў атрады і ўзводы, аддзяленні і групы. Цяжка перадаць тыя пачуцці, з якімі сустрэлі газету партызаны. Яны штодзённа, штогадзінна хацелі ведаць аб стане спраў на франтах, аб баявых справах брыгады. Лістоўкі, якія дастаўлялі па-за лініі фронта, не заўсёды маглі адгукнуцца на падзеі, якія адбываліся ў тыле ворага, таму свая, партызанская газета, стала вялікай падзеяй, рэдакцыйны калектыў гэта добра ўсведамляў і прыкладаў усе намаганні, каб зрабіць газету баявым органам.
На першай паласе  першага нумара газеты быў змешчаны партрэт Леніна, выразаны па дрэву партызанам-мастаком. Перадавая называлася "Фашызм напярэдадні краху”. У ёй паведамлялася, што Чырвоная Армія ў ходзе жорсткіх баёў адкінула захопнікаў на 600-700 кіламетраў на захад. Пералічваліся гарады, вызваленыя ад акупантаў, газета звярталася з прызывам да партызан узмацніць удары па ворагу, публікавалася аператыўная зводка Савінфармбюро і інфармацыя "На вызваленай зямлі”. На другой паласе пад шапкай "Партызаны дзейнічаюць” расказвалася аб падрыўніках з атрада Бурака, аб засадзе партызан на шашы Ружаны — Пружаны.
У выпуску газеты, як правіла, прымаў удзел сакратар райкама А. Шламанаў. У зборы матэрыялаў аказваў дапамогу сакратар падпольнага абкама камсамола Т. Стрыжак. Праз падпольшчыкаў-камуністаў і камсамольцаў газета дасягала Свіслачы, Гайнаўкі, Заблудава, Сакулкі, Аўгустова.
У друкарні рэдакцыі па просьбе камсамольцаў у сярэдзіне лютага быў выдадзены зборнік любімых песень. Адкрываўся ён Гімнам Савецкага Саюза. Сюды былі ўключаны песні А. Суркова, Л. Ашаніна, паэтаў брыгады А. Худзякова, Л. Давідовіча, партызанскі фальклор. Зборнік карыстаўся вялікай папулярнасцю, ён хадзіў па руках партызан Беластоцкага і Брэстскага аб’яднанняў.
"Свислочская правда” выходзіла на рускай мове, фармат — восьмая частка газетнага ліста. Апошні нумар газеты выйшаў 28 чэрвеня 1944 года.
Пасля вызвалення Свіслачы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 года газета стала выходзіць пад назвай "За Родину”. Гэта быў орган Свіслацкага раённага камітэта партыі. У 1944 годзе выпушчана 14 нумароў. На вызваленай зямлі спраў хапала для ўсіх. Свой уклад у рашэнне надзённых задач павінна была ўнесці і раённая газета. Паўстала пытанне, як яе назваць. Уся краіна, воіны Савецкай Арміі працягвалі гераічную барацьбу з фашызмам, адстойваючы свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы. Вырашана было назваць газету "За Родину”.
Рэдактарам газеты быў прызначаны нядаўні партызан, супрацоўнік Ваўкавыскай падпольнай газеты Барыс Рыгоравіч Тронза. Рэдакцыя размясцілася на ўскрайку Свіслачы, дзе знайшлося тры пустуючых дамы. Маёмасць рэдакцыі, як успамінае Б. Р. Тронза, "была больш чым сціплай: партатыўная наборная каса са шрыфтам і партатыўная пішучая машынка. Два ці тры сталы, некалькі крэслаў падабралі на папялішчах. Вось і ўся абстаноўка двух невялічкіх пакояў, дзе пачала сваё "мірнае” жыццё Свіслацкая раённая газета”.
Ужо на наступны дзень выйшла першая лістоўка са зводкай Савінфармбюро. Каля рэдакцыі размясцілі фанерную шыльду і прыклеілі некалькі выпушчаных лістовак. Каля шыльды збіраўся натоўп людзей, каб даведацца пра справы на фронце, а таксама пра тое, як наладжваецца мірнае жыццё. Змест усіх нумароў газеты за 1944 і першыя месяцы 1945 года можна аб’яднаць адным заклікам "Усё для фронта, усё для перамогі!” Газета ў невялікіх нататках, кароткіх паведамленнях расказвала аб вёсках, якія ў самы кароткі тэрмін выконвалі і перавыконвалі заданні па пастаўцы дзеючай арміі хлеба, фуражу, скаціны, аказвалі дапамогу транспартам воінскім часцям, накіроўваючы ў іх распараджэнне цэлыя гужавыя абозы. Героямі газетных старонак былі нашы землякі, якія разам з салдатамі чыгуначных батальёнаў аднаўлялі разбураныя гітлераўцамі чыгуначныя  лініі. Як аб вялікім гераічным здзяйсненні "За Родину” пісала аб кожным адноўленым будынку школы, адкрытым ФАПе, аб кожнай сотні кубаметраў нарыхтаванага і вывезенага лесу, аб распачаўшай работу хаце-чытальні, аб адрамантаваным у МТС трактары.
Газета, прысвечаная Дню Перамогі, выйшла на чатырох старонках. З мірам прыйшлі і новыя клопаты, неадкладныя задачы па ліквідацыі вынікаў акупацыі і вайны. І першым этапам на гэтым шляху быда першая пасляваенная пяцігодка. Працаўнікі раёна дапамагалі аднаўляць буйныя гарады і прамысловыя прадпрыемствы, будаваць новыя фабрыкі і заводы, ехалі працаваць на шахты і руднікі, на новабудоўлі.
У раёне адбываліся значныя перамены. Пачалася калектывізацыі. Калгасы арганізаваліся ў вёсках Ражкі, Дварчаны, Ранявічы, Ліхасельцы, у Нязбодзічах, Полонцы, Агародніках. Ствараліся новыя вытворчасці ў прамкамбінаце. Хутка расла сетка школ, лячэбных і культурна-асветніцкіх устаноў. Раённая газета актыўна ўдзельнічала ў рашэнні ўсіх задач, над якімі працаваў раён.
У 1948-1949 гадах устанаўліваецца перыядычнасць выхаду газеты два разы ў тыдзень. З 1 студзеня 1959 года фармат раёнкі павялічыўся ў два разы. Апошні нумар газеты "За Родину” (№ 1771) выйшаў 1 мая 1962 года.
Пад назвай "Заветы Ильича” газета выйшла 5 мая 1962 года. Гэта было выданне Гродзенскага абкама КПБ і абласнога Савета дэпутатаў працоўных пры Свіслацкім вытворчым калгасна-саўгасным упраўленні. Перыядычнасць — тры разы на тыдзень, фармат — палова газетнага ліста. Распаўсюджвалася ў двух раёнах — Свіслацкім і Бераставіцкім. З 29 мая па 26 ліпеня 1962 года называлася міжраённай газетай. З 28 лютага 1963 года стала выходзіць як орган партыйнага камітэта Свіслацкага вытворчага калгасна-саўгаснага упраўлення і раённага Савета дэпутатаў працоўных.
З 19 студзеня 1965 года — орган Свіслацкага раённнага камітэта партыі і раённага Савета дэпутатаў працоўных, з 8 кастрычніка 1977 года — орган Свіслацкага райкама КПБ і раённага Савета народных дэпутатаў. З 9 лютага па 1 кастрычніка 1991 года газета выдавалася як орган Свіслацкага раённага камітэта КПБ, раённага Савета народных дэпутатаў, раённай грамадска-палітычнай арганізацыі Саюза аграрнікаў Беларусі (Пасведчанне аб рэгістрацыі Дзяржаўным камітэтам БССР па друку № 365).
5 верасня 1991 года сесія раённага Савета дэпутатаў прымае рашэнне назваць раёнку "Свіслацкая газета”. Гэта орган Свіслацкага раённага Савета народных дэпутатаў. З кастрычніка 1991 года перыядычнасць выхаду –  два разы на тыдзень.
З чэрвеня 1995 года заснавальнікамі газеты сталі Свіслацкі раённы Савет дэпутатаў, Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт і калектыў рэдакцыі, з верасня 1996 года — Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт, Свіслацкі раённы Савет дэпутатаў.
28 чэрвеня 1996 года "Свіслацкая газета” зарэгістравана Дзяржаўным камітэтам Рэспублікі Беларусь па друку за № 393.
Газета друкавалася ў Свіслацкай раённай друкарні, Гродзенскай узбуйненай друкарні, са жніўня 1992 па кастрычнік 1996 года – у Свіслацкім участку Ваўкавыскай узбуйненай друкарні.   Выходзіла на беларускай і рускай мовах.
12 кастрычніка 1996 года выйшаў першы нумар газеты, зроблены на рэдакцыйным камп’ютарным комплексе, і пачалася новая эра ў жыцці раённай газеты. Спачатку яна друкавалася спосабам афсетнага друку ў Гродзенскай абласной узбуйненай друкарні, са жніўня 1997 года — у  Гродзенскім абласным унітарным паліграфічным прадпрыемстве "Слонімская друкарня”.
З 22 сакавіка 2003 года газета пачала выходзіць па суботах як шасціпалоснік, а з 2 красавіка 2005 года — як васьміпалоснік.
У 2007 годзе газета выходзіць на 12 старонках (8 – субота, 4 – аўторак).
У снежні 2007 года створаны сайт "Свіслацкай газеты” у інтэрнэце. Аўтарам яго і стваральнікам з’яўляецца рэдактар тэхнічны Г. В. Шыраеў.
Да дзяржаўных свят газета выходзіла ў двух колерах, да Новага года выйшла поўнаколеравай.
З другога квартала 2008 года газета выходзіць па суботах у двух колерах, аб’ем – 12 старонак, друкуецца праграма перадач 15 тэлевізійных каналаў.
З красавіка  2008 года газета пачала выходзіць у тыдзень на 16 старонках.
З другога паўгоддзя 2008 года два разы на тыдзень газета выходзіць у двух колерах.
Згодна з а. 54 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі” ад 17.07.2008 г. № 427-З 25 студзеня 2010 года Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь зарэгістравала газету "Свіслацкая газета” у Дзяржаўным рэестры сродкаў масавай інфармацыі за № 1107.
З 1 студзеня 2013 года газета выходзіць 2 разы ў тыдзень на 20 старонках (субота – 12, серада – 8).
У розныя гады газета пацвярджала свой прафесіяналізм у рэспубліканскіх і абласных  творчых конкурсах, займаючы прызавыя месцы.
Нашы ўзнагароды:
Ганаровая грамата камітэта па фізічнай культуры і спорце пры Савеце Міністраў БССР за актыўны ўдзел у рабоце па прапагандзе фізічнай культуры і спорту (1968 г.),
Грамата Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры за актыўны ўдзел у прапагандзе гістарычнай і культурнай спадчыны (1975 г.),
Ганаровая грамата абласной арганізацыі Саюза журналістаў і абкама прафсаюза работнікаў культуры за другое месца ў абласным творчым конкурсе "Жніво —78" (1978 г.),
Дыплом ІІ ступені Саюза журналістаў БССР за другое месца ў рэспубліканскім творчым конкурсе "Пяцігодцы эфектыўнасці і якасці — талент вучоных і спецыялістаў, майстэрства рабочых і калгаснікаў" (1980 г.),
Ганаровая грамата Саюза журналістаў СССР як лаўрэату Усесаюзнага конкурса імя М. І. Ульянавай на лепшую пастаноўку масавай работы (1986 г.),
Дыплом упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама за першае месца ў абласным конкурсе на лепшае асвятленне пытанняў дзейнасці органаў унутраных спраў (1997 г.),
Ганаровая грамата Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па друку за мэтанакіраваную працу па асвятленню хода ўборкі ўраджаю (1998 г.),  
Дыплом І ступені за перамогу ў рэспубліканскім творчым конкурсе на лепшую публікацыю, прысвечаную ахове правоў дзіцяці (1998 г.),  
Дыплом упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама за першае месца ў абласным конкурсе на лепшае асвятленне пытанняў умацавання правапарадку і дзейнасці органаў унутраных спраў (2000 г.),
Дыплом за першае месца ў абласным конкурсе, прысвечаным 55-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне (2000 г.),
Дыплом упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама за трэцяе месца ў абласным конкурсе на лепшае асвятленне пытанняў умацавання правапарадку і дзейнасці органаў унутраных спраў (2002 г.),
Заахвочвальная прэмія  Я. Г. Кобрынец за ўдзел у рэспубліканскім конкурсе "Вобраз сучаснай жанчыны на старонках газет і часопісаў” (2003 г.),
II месца ў абласным конкурсе на лепшае асвятленне праваахоунай тэматыкі (2003 г.),
Дыплом Прэзідыума Савета Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў за перамогу ў абласным конкурсе на лепшае асвятленне пытанняў прафсаюзнага жыцця, прысвечаным 100-годдзю прафсаюзнага руху на Беларусі (2004 г.),
Лаўрэатам прэміі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта імя А. І. Дубко «За творческие достижения в области культуры и искусства» ў намінацыі «Журналіст года» прызнана загадчыца аддзела пісьмаў і сацыяльных праблем Я. Г. Кобрынец (2005 г.).
Дыплом за ўдзел у творчым конкурсе Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь  на лепшы матэрыял у сродках масавай інфармацыі ў намінацыі "За аператыўнасць і аб’ектыўнасць" (2005 г.),
І месца ў абласным творчым конкурсе сярод рэдакцый газет, прысвечаным 60-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 60-годдзю Вялікай Перамогі" (2005 г.),
Дыплом трэцяй ступені ў абласным творчым конкурсе "Гродзеншчына — за здаровы лад жыцця” (2005 г.),
Дыплом трэцяй ступені ў абласным творчым конкурсе на лепшы матэрыял аб адзінокіх пажылых людзях (2005 г.),
Ганаровая грамата камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (2006 г.),
Ганаровая грамата ўпраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама (2006 г., асабіста Янюк М. А.),
Грамата Патрыяршага Экзарха Беларусі "В благословение за труды во славу Святой Православной Церкви” (2006 г.),
Грамата Патрыяршага Экзарха Беларусі Мітрапаліта Філарэта (асабіста Бубенчык В. І., 2007 г.),
Ганаровай граматы Гродзенскага абкама ГА БРСМ (2007 г.),
Памятны дыплом Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь у Рэспубліканскім турыстычным конкурсе "Познай Беларусь”(2007г.),
Памятны дыплом Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь у Рэспубліканскім турыстычным конкурсе "Познай Беларусь”(2007 г.),
Грамата Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі "В благословение за труды во славу Святой Православной Церкви” (2008 г.),
Дыплом ГА "Беларускі саюз жанчын” Я. Г. Кобрынец за ўдзел у конкурсе на лепшае асвятленне пытанняў мацярынства і бацькоўства (2008 г.),
Памятны знак абласной арганізацыі Саюза журналістаў за ўдзел у абласной журналісцкай дабрачыннай акцыі "Мы – дзецям” (2008 г.),
Падзяка начальніка Гродзенскага УУС аблвыканкама галоўнаму рэдактару Я. П. Курыле за актыўнае асвятленне праваахоўнай тэматыкі (2008 г.),
Ганаровая грамата за 3 месца у абласным аглядзе-конкурсе "Жанчына – Сямья – Дзяржава” (2008 г.),
Пахвальная грамата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Л. П. Гулякі за паспяховы ўдзел у рэспубліканскім конкурсе на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных адносін і міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь (2008 г.),
Ганаровая грамата ўпраўлення ідэалагічнай работы Гродзенскага аблвыканкама фотакарэспандэнту газеты Г. В. Шыраеву да Дня друку (за стварэнне сайта газеты) (2008 г.),
Дыплом прызёра І Рэспубліканскага творчага конкурса фотаработ "Сокровища нации. Национальные парки Республики Беларусь” Г. В. Шыраеву (2008 г.),
Дыплом пераможцы ў конкурсе сярод журналістаў Гродзенскай вобласці на лепшае асвятленне месячніка Чырвонага Крыжа (2008 г.):
у намінацыі "Лепшае асвятленне дзейнасці раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа” Я. П. Курыле;
у спецыяльнай намінацыі "Лепшаму фотакарэспандэнту” Г. В. Шыраеву;
у намінацыі "Лучшее радіоосвеўеніе деятельності районной організаціі Красного Креста” А. К. Кедзік,
Дыплом лаўрэата конкурсу Беларусскага Таварыства Чырвонага Крыжа "За падтрымку развіцця валанцёрскага руху”(2009 г.),
Дыплом V Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ "Залатая Ліцера” у намінацыі "Лепшы фотакарэспандэнт” Г. В. Шыраеву (2009 г.),
Дыплом рэспубліканскага творчага конкурсу Міністэрства шнутраных спраў Рэспублікі Беларусь "За тесное и плодотворное сотрудничество с органами внутренних дел” (2009 г.),
Пахвальная грамата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь за актыўны ўдзел у асвятленні тэм міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой (2009 г.),
Дыплом Гран-пры VI Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ "Залатая Ліцера” у намінацыі "Лепшы творчы праект рэгіянальных, шматтыражных СМІ”. Праект прысвячаўся 65-годдзю Вялікай Перамогі і журналістам-франтавікам раёнкі і меў назву "Дзень пераможны, прамяністы набліжалі свіслачане-журналісты” (2010 г.),
Дыплом рэспубліканскага творчага конкурсу Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь за лепшае асвятленне праваахоўнай тэматыкі (2010 г.),
Грамата Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага агенцтва па турызму, рэдакцыі газеты "Туризм и отдых” у намінацыі "Лепшы падыход у асвятленні турызму” за стварэнне станоўчага іміджа беларускай глыбінкі (2010 г.),
Пахвальная грамата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь за актыўны ўдзел у асвятленні тэм міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой (2010 г.),
Дыплом ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь за актыўны ўдзел у асвятленні тэм міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой (2011 г.),
Ганаровая грамата абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры за значны ўклад у развіццё і ўдасканаленне сацыяльнага партнёрства і плённае супрацоўніцтва з прафсаюзамі па абароне працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза (2011 г.),
Дыплом Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь за ўдзел у IX Рэспубліканскім конкурсе "Познай Беларусь” у намінацыі "За творчы падыход у асвятленні турызму” (2011 г.),
Дыплом Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа за асвятленне мерапрыемстваў і падтрымку валанцёрскага руху (2011 г.),
II месца ў творчым конкурсе Гродзенскага абласного ўпраўлення МНС на лепшае асвятленне Дня пажарнай службы,
Дыплом лаўрэата VIII Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ "Залатая Ліцера” у намінацыі "Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі” (2012 г.),
Дыплом пераможцы (другое месца) штогадовага абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый абласных, раённых і гарадскіх газет, тэлебачання і радыё, прафесійных журналістаў з выплатай грашовай прэміі ў памеры 300 базавых велічынь на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы установы (2012 г.),
Грамата Патрыяршага Экзарха Мітрапаліта Мінскага и Слуцкага Філарэта рэдакцыі "Свіслацкай газеты” ў благаславенне за працу на славу Святой Праваслаўнай Царквы "2012 г.),
Дыплом Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь за ІІ месца ў намінацыі "Лепшы праект” творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў МСІ дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях і асноў бяспечнай жыццядзейнасці (2012 г.),
Дыплом Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Л. П. Гулякі рэдакцыі "Свіслацкай газеты” за высокапрафесійнае асвятленне пытанняў міжнацыянальных адносін і міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой (2012 г.),
Грамата Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага агенцтва па турызму, рэдакцыі газеты "Туризм и отдых” у Х Рэспубліканскім турысцкім конкурсе "Пазнай Беларусь” рэдакцыі "Свіслацкай газеты” "За арыгінальнае асвятленне і актыўнае прасоўванне тэмы турызму ў Рэспубліцы Беларусь” у намінацыі "За творчы падыход у асвятленні турызму” (2012 г.),
Гран-пры. Дыплом пераможцы ІХ Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыя "Залатая Літара” ў намінацыі "Лепшы творчы праект года раённых, гарадскіх, мнагатыражных друкаваных СМІ” "Белавежскія карункі” з уручэннем бронзавай статуэткі (2013 г.)
На сучасным этапе асноўны накірунак дзейнасці газеты — інфармаванне жыхароў раёна аб сутнасці дзяржаўнай палітыкі нашай краіны, аб’ектыўнае і прафесійнае асвятленне дзейнасці мясцовых органаў улады па кіраўніцтву сацыяльна-эканамічным развіццём раёна, а таксама асвятленне грамадска-палітычнага і культурнага жыцця Свіслаччыны.
Тэматычныя старонкі, якія выходзяць рэгулярна, прайшлі выпрабаванне часам і ўспрымаюцца свіслацкім чытачом як свае, родныя. Да іх можна далучыць "Дом, дзе мы жывём”, "На ветразях часу” (маладзёжная старонка), "Возраст мудрости” (старонка для людзей сталага ўзросту), "Теремок” (дзіцячая старонка), "Праваахова”, "Наш край белавежскі”, "Аднавяскоўцы”, "Гасцінец”, "Чым хата багата, або Карысны аўторак”, "Вандроўкі з Вольгай”. На старонках газеты рэалізуецца 19 творчых праектаў.
 Творчы калектыў газеты імкнецца своечасова інфармаваць свайго чытача аб найбольш значных падзеях раёна. У цэнтры ўвагі ідэалагічнае забеспячэнне пераўтварэнняў, якія адбываюцца ў сацыяльна-эканамічным жыцці, выкананне мінімальных дзяржаўных стандартаў, будаўніцтва аграгарадкоу, работа па прынцыпе "аднаго акна”, дзяржаўная маладзёжная палітыка, дзейнасць грамадскага аб’яднання "Белая Русь”, прапаганда здаровага ладу жыцця, асвятленне перадавога вопыту па грамадскай бяспецы і дысцыпліне і інш.
Ва ўсе часы, як бы ні мяняліся назвы газет і тыя задачы, над якімі працавала краіна, раённая газета заўсёды заставалася з людзьмі, працавала дзеля іх, натхняла іх на стваральную карысную працу, выхоўвала лепшыя чалавечыя якасці. На кожным этапе яе існавання на журналісцкім небасхіле раёнкі  вылучаліся прыкметныя асобы, якія пакінулі яркі след у раённай журналістыцы, не заставаліся не заўважанымі чытачамі, іх матэрыялаў чакалі, яны здолелі выказаць у газеце тое, што хвалявала грамадства.
Свой радок у гісторыю нашага выдання ўпісалі адданыя газетнай справе людзі  перш-найперш  рэдактары — І. В. Зазека, Б. Р. Тронза, В. Д. Войтаў, К. Я. Парфёнаў, А. П. Смальянаў, І. С. Кавальчук, Г. А. Раманчук, Я. П. Курыла, супрацоўнікі газеты — Я. А. Калдуноў, В. В. Кухарык, Л. І. Ламека, В. І. Раманцэвіч, У. І. Хонцар, У. В. Малашкевіч, Г. І. Мохарт, А. А. Сухоцкі, М. П. Трушко, В. Р. Смальянава, А. Д. Салавей, В. С. Каржаневіч, Ч. С. Горбач,  Я. У. Болбат, Т. Я. Гурына, Г. В. Земчык, І. І. Грынко, Н. А. Рабцава, В. Р. Бяляеў, Г. А. Гіль, Л. М. Самарына, Н. П. Турко, Я. Г. Кобрынец, В. І. Бубенчык, М. А. Янюк, С. Я. Кавальчук, А. К. Кедзік, бухгалтары — З. І. Махнач, В. Я. Раева, Н. У. Гоўсь, камп’ютаршчыкі — А. Г. Койпіш, Г. В. Шыраеў, Н. І. Валанцей, Н. Ф. Зошчык, тэхнічныя работнікі Р. П. Гейдан, М. М. Германовіч, В. С. Ламашкевіч, Г. І. Чуракоўская, вадзіцелі А. Ф. Цямежнікаў, П. Н. Ражынскі.
Вакол рэдакцыі сфарміраваўся шматлікі калектыў няштатных аўтараў, добраахвотных памочнікаў газеты. З першых дзён існавання раёнкі з ёй плённа супрацоўнічалі А. С. Палубінскі, М. А. Гайдучак. Нашымі пастаяннымі аўтарамі ў розныя гады з’яўляліся М. В. Захарка, С. М. Пашкевіч, А. І. Клімчук, М. І. Лохман, Л. У. Яўсейчык, Л. І. Баслык, В. М. Кот, А. І. Навасад, А. І. Адашчык, М. Габрыянік, М. М. Самалевіч і іншыя сябры газеты.
Гісторыя раёнкі — гэта і гісторыя раённых паліграфістаў. Яны заўсёды ішлі побач, плячо ў плячо, выпускаючы газету. Яны былі адданымі сваёй справе, газеце, таму яна заўсёды своечасова прыходзіла да чытача. У розныя часы добрасумленна працавалі над выпускам раённай газеты паліграфісты А. І. Восіпаў, Я. П. Станкевіч, Р. А. Яскулд, А. М. Янюк, С. І. Сяледчык, К. А. Грышкоўская, М. А. Станкевіч, Г. І. Кандраценка, С. І. Лагада, А. С. Шыманіца, А. Ю. Скуратовіч, І. І. Стручэўскі, П. Г. Кічкайла, Г. К. Кічкайла, З. В. Македон, С. І. Пацэнка, Н. М. Савоська, Л. І. Герман, В. А. Самсонік, І. І. Галікоўскі, А. К. Ламашкевіч, Т. П. Крупа, Н. І. Валанцей, М. П. Грыгорьева, С. І. Забалоцкая, Л. І. Кавалеўская і іншыя.
Няхай наша памяць захавае гэтыя факты і імёны людзей, якія свой журналісцкі талент, паліграфічнае майстэрства прысвяцілі Свіслаччыне, уславілі наш край на старонках газеты, пакінулі для нашчадкаў сапраўдны летапіс раёна.
                                         Ядвіга Курыла.

Предыдущая статья

Строки, ставшие историей