banner

Паспявай, Лявонцьеўна!

05 Февраля’19
2598
Нібы рэчанька, бурляць дні. У нас, як заўсёды, шмат творчых праектаў. Адзін з іх – інтэрактыўныя канцэрты-успаміны для людзей сталага ўзросту «Песні маёй маладосці».



Зранку ў нядзельку падмарозіла, але лёгкі холад толькі дабаўляў добрага настрою  ўдзельнікам канцэрту, якія, нібыта вераб’і, збіраліся ў чародку. Нетаропка едзем праз лес у вёску Каліноўская. Нас ужо гасцінна сустракае расчыненымі насцеж дзвярамі ўтульная цёплая хата Таццяны Лявонцьеўны Калач.

Некалі і тут, у слыннай вёсачцы, кіпела культурнае жыццё. Пасля ўзбуйнення калгасаў, у 60-я гады, у вёсцы быў пабудаваны прыгожы будынак клуба. Канцэрты, танцы, сустрэчы, спектаклі, агляды... Кожны дзень быў напоўнены рознымі мерапрыемствамі. Іх пік прыходзіўся, вядома, на суботу ды на святы. У клуб збіраліся і дарослыя, і дзеці. Звыш 30 гадоў спявала ў мастацкай самадзейнасці і Таццяна Лявонцьеўна. Яна была салісткай мясцовага хору. Меўшы вясёлы характар, а ў грудзях любоў да песні, з задавальненнем ездзіла «на гастролі». Пры гэтым – праца, хатняя гаспадарка і двое дзетак, якім патрабавалася матульчына любоў.

Голас Таццяны Лявонцьеўны не змяніўся па сённяшні дзень – такі ж моцны і прыгожы. І словы песень не забыла памяць. Асабліва любіць спяваць «Каким ты был...», «Белым снегом», «Тонкая рябина».

– У кожнай песні – наша жыццё, – успамінае гаспадыня. – А ў жыцці хапала ўсяго. Сабяромся з сяброўкамі – і пасмяёмся, і паплачам. І абавязкова паспяваем. Маглі заседжвацца аж да ранку, а потым хутчэй на працу.

Любоў да песні Таццяна Лявонцьеўна перадала сваёй дачцэ Ніне, якая 18 год займала пасаду загадчыка Каліноўскага сельскага клуба. У вакальны калектыў, што працаваў у тыя гады, з задавальненнем хадзіла і Вера Мар’янаўна Турак, якая таксама з замілаваннем успамінала той вясёлы малады час. Апошнім часам Таццяна Лявонцьеўна разам са сваімі сяброўкамі з вёскі спявала зусім іншыя песні – жалобныя, пахавальныя, але не менш патрэбныя людзям...

Голас Лявонцьеўны прыгожа ўліўся ў галасы ўдзельнікаў вакальнага калектыву «Спадчына». Хата напоўнілася любімымі песнямі, якія вырываліся надвор, каб разляцецца над вёскай. Успомніліся і спяваліся ад душы «Костры горят далекие», «Куда бежишь, тропинка узкая?», «Уральская рябинушка» і, вядома, «Колькі ў небе зор». Гэту песню заўсёды любілі спяваць дзяўчаты з Каліноўскай, марачы аб сваёй адзінай зорцы, якая «найярчэй гарыць»…

Марыя САМАЛЕВІЧ, 
аг. Грынкі.

Предыдущая статья

В этом году в Свислочском районе отремонтируют около 8 километров дорог