banner

Тут застаўся водар дзяцінства. Алена Юшко расказала, чаму жыццё ў бацькоўскай хаце вабіць яе больш, чым гарадскі быт

31 Марта’25
359
Нядаўна ў раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з мясцовымі паэтамі. Свае вершы чыталі Зоя Карпук, Ганна Мысліцкая, Алеся Крыніца. Паэтычныя радкі былі прысвечаны роднай Беларусі, малой радзіме, таму, што хвалюе, цешыць ці засмучае. Адзін з вершаў нашай самабытнай паэткі Зоі Карпук вельмі закрануў душу, таму што пераклікаўся з маімі думкамі, з тым, што непакоіць і хвалюе. Быў ён прысвечаны пакінутай хаце, якой вярнулі жыццё. Вось некалькi радкоў з яго: “И пускай только летом оживает тот дом. Тихим зимним приветом ляжет снег под окном. Знаю, не одинок он, дом родной мне до слез, что в краю том далеком среди белых берез”. Пачула – і падумалася, што нібы ў душу мне заглянула паэтка. Нібы кожны радок з яе спісала. Але хіба толькі мяне непакоіць тэма пакінутых дамоў, хіба толькі мяне цешыць кожнае вяртанне такіх дамоў з небыцця?! Не, не толькі мяне, і гэта так здорава!

…I пачастункі “ад зайчыка”

Аповед пойдзе сёння пра хату, якой не дазволілі асірацець пасля таго, як пакінулі гэты свет гаспадары. Ні дня не была яна пакінутай, хоць дзеці даўно вылецелі з роднага гнязда. Зараз тут жыве сярэдняя дачка Уладзіміра і Рэгіны Кухарчыкаў – Алена. Гэта яна праз шмат гадоў вярнулася ў родную хату і вырашыла застацца тут назаўсёды. Але пра ўсё па парадку.



Калісьці, у далёкім 1959 годзе, адзвінела тут вяселле Уладзіміра і Рэгіны Кухарчыкаў. Гудзела музыка, песні, скокі былі да ранку. Жадалі маладым доўгага і шчаслівага жыцця, крычалі “горка”, а ім было соладка і радасна ад таго, што знайшлі адзін аднаго і ўжо назаўсёды будуць разам.

Уладзімір быў сіратой. Маці рана памерла, бацька другі раз ажаніўся, але мачыха не вельмі шкадавала пасынка. Таму пасля вяселля маладыя засталіся жыць у жончыных бацькоў. Пайшоў, значыць, Уладзімір “у прымы”. Цесць з цешчаю прынялі зяця як роднага, і ён ставіўся да іх з павагаю і разуменнем.

Праз год нарадзілася ў маладой сям’і дачушка Людачка, а за ёй яшчэ адна – Аленка. І толькі праз восем гадоў трэцяя – Ірынка. Бацька цешыўся, што ў яго тры дачушкі, вельмі любіў іх. Праўда, шмат часу ім удзяліць не мог, бо працаваў лесніком, цэлымі днямі быў у лесе. Але з лесу кожны дзень прыносіў пачастунак “ад зай­чыка”. І нічога на свеце не было смачнейшага, хоць найчасцей гэта былі некалькі кавалачкаў сала з ржаным хлебам. Але ж – “ад зайчыка”, гэта і надавала асаблівы смак пачастунку. Маці таксама працавала. Спачатку на цагельні, а потым у калгасе паляводам. Выхаваннем дзяцей займалася яна. Вучыла дачушак усяму, што ўмела сама, таму з малых гадоў яны прывучаны былі да працы, гуляць не вельмі было калі. Бацькі трымалі вялікую гаспадарку: дзве каровы, свінні, шмат птушак. Аднаго толькі сена трэба было нарыхтаваць колькі! Акрамя таго, яшчэ бясконцыя дзялкі калгасных буракоў трэба было прапалоць разы два. Гэта не кажучы ўжо пра свой агарод. А яшчэ старэйшым сястрычкам даводзілася прыглядаць за меншай Ірынкай.  
   
Дзяўчатам вельмі хацелася пабегчы з сябрамі на рэчку, пагуляць у лапту, у іншыя гульні. На тыя гульні больш часу было зімой. І на канікулах вёска гу­дзела ад дзіцячага смеху, гоману. Гулялі ў снежкі, каталіся на санках, на ўсім, што пападзе пад рукі. Аднойчы нават у новым паліто з ледзяной гары пра­ехаліся Люда з Аленай, за што мама вельмі “пахваліла”. Улетку ж на гулі часу было нямнога, але дзяўчаты і яго “выкраівалі”.

– Раскажу пра адзін  выпадак, – з усмешкай успамінае Алена Уладзіміраўна. – Павезлі мы ў калясцы на прагулку малодшую сястрычку. Мы яе найбольш пільнавалі, бо мама з татам былі на­ працы. Прывезлі мы нашу Ірынку пад вярбу, што недалёка ад хаты расла, паставілі там і сказалі: “Спі, малая”. Самі ж пабеглі з сябрамі гуляць. Ну і загуляліся… Прыходзім: каляс­ка стаіць, а дзіцяці няма. Вось гэта была неспадзянка! Куды падзелася, што бацькам гаварыць?! Дахаты ісці баімся, а яшчэ больш баімся за сястрычку, не разумеем, хто яе ўкраў. Урэшце папляліся насустрач непазбежнаму пакаранню. На шчасце, Ірынка была ўжо дома. Суседка пачула, як яна плакала пад той вярбою, забрала і прынесла да мамы. Але кара не мінула. Дасталося тады нам з Людай па поўнай праграме. Гэта цяпер смешна ўспамінаць, а тады было не да смеху.



“Я вырашыла тут застацца”

Ішоў час. Павырасталі да­чушкі. Старэйшая Людміла паступіла ў Ваўкавыскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Паспяхова скончыла яго і паехала працаваць у Валожынскі раён. Там стварыла сям’ю, нарадзіла дзвюх дачушак. Больш як 40 гадоў аддала жывёлагадоўлі, была загадчыцай фермы. Малодшая Ірына вучылася ў Гродзенскім культасветвучылішчы і працавала ў Путрышкаўскім Доме культуры. Таксама выгадавала дваіх дзяцей.

Сярэдняя Алена пасля заканчэння Мінскага тэхналагічнага вучылішча працавала на швейнай фабрыцы. Як выйшла замуж, пераехала ў Ваўкавыск. У яе сынок і дзве дачушкі. Паколькі жыла найбліжэй да бацькоў, была ў іх найчасцей. Прыязджалі ўсёй сям’ёй кожныя выхадныя. Дзед не мог нацешыцца з унука, вучыў яго ўсім гаспадарскім справам. Хлопец пераняў ад яго ўменне касіць, кляпаць касу, сячы дровы, на матацыкле ездзіць. А бабуля займалася ўнучкамі. Вельмі хутка тыя навучыліся выпякаць смакату і авалодалі ўсімі кулінарнымі сакрэтамі, якіх бабуля ведала шмат.

А час ляцеў, накладваючы свой непазбежны адбітак на тварах старых, паціху пачало хістацца здароўе. Першы занямог бацька. Маці цяжка было адной яго даглядаць. І зноў на дапамогу прыйшла Алена. Была каля бацькі да апошніх яго дзён, падтрымлівала, як магла, і яго, і маці. Калі не стала бацькі, засталася са старэнькай матуляй, каб не было ёй сумна адной. Тым больш што на тую пару яна і сама аўдавела.

– Я з мамай яшчэ тры гады тут пражыла, – гаворыць Алена Уладзіміраўна. – Дзеці мае сюды прыязджалі пастаянна, унукі, праўнукі. Мае бацькі яшчэ дачакаліся трынаццаць праўнукаў. Усе любілі сюды прыязджаць, бабулька цешылася, чакала заўсёды. Пяцьдзясят гадоў пражылі разам нашы бацькі. Мама толькі на два гадкі перажыла тату. Сёмага сакавіка 2023 года яе не стала. Боль ад такой цяжкай страты не праходзіць. Ды і не пройдзе ніколі. Рана, можа, трошкі зарубцуецца, але ўсё роўна будзе балець. Свята 8 сакавіка для мяне стала сумным і горкім. Можа, калі-небудзь буду па-іншаму ўспрымаць гэты дзень, а пакуль вельмі балюча.  
Дачка, пахаваўшы маці, вырашыла застацца тут назаўсёды. Адгаворвалі дзеці, унукі. Маўляў, што ты будзеш рабіць у той вёсцы, ёсць жа кватэра з усімі выгодамі, не трэба клапаціцца пра дровы, снег зімою разграбаць, ваду з калодзежа насіць. Ды і сумна ў вёсцы, няма куды пайсці.

– А мне тут так добра, так утульна і хораша, – працягвае суразмоўца. –  Я прыязджаю ў горад – і мне там цяжка дыхаць цяпер. Тут маё месца, тут мае карані, тут застаўся такі родны пах дзяцінства, юнацтва. Калісьці ўспрымалася ўсё зусім па-іншаму. Хацелася вырвацца ў горад, хацелася волі, самастойнасці. А зараз, здаецца, усё аддала б, каб вярнуцца ў тыя дні, калі мама з татам былі маладыя, калі мы сена граблі, буракі палолі, каровак нашых пасвілі. Гэта былі найшчаслівейшыя гады, якія ўжо ніколі не паўторацца. А ведаеце, Дварчаны нашы паціху ажываюць. Людзі купляюць дамы пад дачы, вяртаюцца ў бацькоўскія хаты, прыво­дзяць іх у парадак, высаджваюць маладыя сады, кветкі, агароды садзяць. Летам асабліва тут шумна, весела.

У маёй хаце таксама шмат чаго памянялася. Свая баня ёсць, водаправод устанавілі, праўда, для прыгатавання ежы і для піцця бяром ваду толькі з калодзежа. Яна ў нас вельмі смачная. Планую зрабіць электраацяпленне. Кветкі люблю. Вось чакаю, калі пацяплее і ўвесь двор зноў зацвіце рознымі колерамі. Зараз я ведаю, што нідзе ва ўсім свеце няма лепшага месца, чым бацькоўская хата.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з сямейнага архіва

Предыдущая статья

Юрий Караев назначен председателем Гродненского облисполкома
Похожие новости