Вёска Алісевічы. Некалі тут было шумна і рупліва. Спявалі раніцай пеўні, кароўкі ляніва ішлі на пашу, гаспадары спяшаліся да працы, дзеткі – у школу. Ніхто не мог прадбачыць, што праз колькі дзесяцігоддзяў патухне тут жыццё і застанецца толькі некалькі дамоў, дзе вечарамі запальваецца ў вокнах святло. Горка і балюча глядзець на пустыя вёскі, на асірацелыя дамы, на зарослыя пустазеллем былыя агароды, на пакінутыя сады. Дарэмна кожнай вясною старэнькія яблыні і грушы заліваюцца квеценем, дарэмна восенню падаюць у высокую траву спелыя сакавітыя плады.
Іх ніхто не падыме, ніхто не сабярэ ў кошык ці ў прыпол, як гэта было калісьці. Але хопіць аб сумным. Мой аповед сёння пойдзе пра бацькоўскую хату Уладзіміра Пабудзея, які праз шмат гадоў, праз тысячы вёрстаў вярнуўся да роднага парога і ажывіў хатку, дзе прайшло дзяцінства, адкуль маці і бацька выпраўлялі яго ў вялікі свет.
Дзяцінсва было бесклапотнае
Гэтую хату пабудавалі ў сярэдзіне 50-ых гадоў мінулага стагоддзя Іван і Марыя Пабудзей. Два сыночкі было ў сям’і – Мікалай і Уладзімір. Мікалая, на жаль, ужо няма на свеце. А Уладзімір з жонкаю Таццянай вырашылі ажывіць бацькоўскую хату, падарыць ёй другое жыццё.
Вось мы сядзім з Уладзімірам Іванавічам і Таццянай Іванаўнай у прыгожай утульнай альтанцы, дзе яны толькі што паабедалі, а ўнукі Мікіта і Ільюшка яшчэ са смакам уплятаюць бабулін суп са шчаўем і нават просяць дабаўкі.
У дрэвах, што растуць побач з хатай, шчабечуць птушкі, ля плоту ляніва пазяхае кот. Куды ні глянь – хараство, мілата, любата!
– Дзяцінства ў нас з братам было бесклапотнае, – расказвае Уладзімір Іванавіч. – Я дык да ўсяго быў цікаўны з маленства. Бывала, не раз то з дрэва ўпаду, то яшчэ куды ўлезу, і нярэдка хадзіў то з нагамі пабітымі, то з рукамі. Ад бацькі даставалася за свавольствы. Але гэта не часта. Тата ў нас быў добрым, вельмі працавітым. І нас прывучаў да працы. Мы з Мікалаем умелі і араць, і касіць, і дровы рубаць. Ды і ў вёсцы тады наогул гультаёў не было. Дзяўчат мацяркі да жаночых спраў прывучалі, а бацькі хлопцаў – да мужчынскіх. Так здаўна вадзілася на сяле.
Мама мая рана асірацела. Бацьку немцы расстралялі. Тады не толькі ён загінуў. Яшчэ 60 чалавек з Алісевічаў, з Ханявічаў было расстраляна. А да расстрэлу мучылі, здзекваліся, сабакамі цкавалі. Мама расказвала і заўсёды плакала. Цяжка было, бо ў сям’і, акрамя яе, яшчэ чацвёра дзяцей падрастала. З вялікім сумам заўсёды ўспамінала мама пра сваё гаротнае дзяцінства. Да сёння памятаю.
Афіцэр – гучыць горда
Уладзімір скончыў дзесяці-годку і паехаў у латышскі горад Даўгаўпілс. Там было адзінае лётнае вучылішча на ўвесь Саюз. Менавіта туды цягнулася душа юнака. Пасля заканчэння быў накіраваны на службу ў Чырвонасцяжную Туркестанскую ваенную акругу. Праслужыў там адзінаццаць гадоў, пасля быў перавод у Германію, затым да самай пенсіі служыў у Кобрыне. Уладзімір Іванавіч – маёр у адстаўцы. Ваенная выпраўка адчуваецца ва ўсім: і ў манеры размаўляць, і ў постаці, і ў выразе твару. Іншымі словамі, афіцэр – гучыць горда! А былых афіцэраў, як вядома, не бывае.
– Дзе вы знайшлі сваю суджаную? – пытаю ва Уладзіміра Іванавіча. – Мусіць, у Туркестане?
– Ды не, – смяецца ён, – на лузе паміж Алісеевічамі і Янаполем. Зусім дзецьмі яшчэ былі. Яна там кароў пасвіла, а я – авечак. Абодва, дарэчы, з кніжкамі заўсёды пасвілі. Вось так і пазнаёміліся. Але да восьмага класа былі проста знаёмымі пастушкамі, другога інтарэсу не адчувалі адзін да аднаго. Тым больш, вучыліся ў розных школах: я – у Ханявічах, яна – у Дашкавічах. А падраслі – і неўзабаве сімпатыя з’явілася. Я другімі вачамі паглядзеў на Таццяну, яна – на мяне. Пачалі сябраваць. Сяброўства хутка перерасло ў каханне. Вяселле нам бацькі справілі гучнае, вясёлае, звонкае. У Туркестан мы паехалі ўжо мужам і жонкай.
Вось ужо 48 гадоў мінула, як яны разам. Выгадавалі траіх дзяцей: двух сыноў і дачушку. Старэйшы Яўген – у Гродне, працуе на УП “Цветліт”, мае дачушку і сына. Сярэдняя Вольга – у Баранавічах, у яе дачушка Кацярына, вучыцца на першым курсе ў БДУ. А малодшага Сяргея, на жаль, ужо няма на свеце, а гэта яго сыночкі Мікіта і Ільюша на канікулы да бабулі з дзядулем прыехалі. Добра ім тут, паветра свежае, птушачкі шчабечуць, на “веліках” можна катацца цалюткі дзень. На абед ды на вячэру бабуля ледзьве даклічацца. Але ўжо калі за стол сядуць, апетыт усім на зайздрасць у хлопцаў.
Сустракала маці, цешыўся бацька…
– А калі з’явілася ў вас жаданне вярнуць жыццё бацькоўскай хаце? – пытаюся ў гаспадара.
– Ды неяк пацягнула сюды з неверагоднай сілай, – гаворыць Уладзімір Іванавіч. – Калі бацькі жывыя былі, мы кожны год прыязджалі. Мама сустракала, пірагі нам пякла, і бацька цешыўся. Унукаў вельмі любілі, песцілі, але і да працы прывучалі. Яны і агарод палолі, і бабулі ў хаце дапамагалі, не лянаваліся. Бацька пражыў 85 гадоў, а мама – 72. Як пахаваў іх, цяжка было прыязджаць сюды, ведаючы, што ніхто не сустрэне, што раніцай не пачую з кухні пах свежых аладкаў ці блінцоў. Мне тады думалася, што разам з бацькамі ўсё памерла і няма куды вяртацца. Але потым так зашчымела сэрца, так пацягнула да родных мясцін, такая настальгія была ў душы, што выказаць немагчыма. Вось і прыехалі. Не сказаць, што тут было ўсё ў запушчаным выглядзе. Не! Але прыйшлося-такі закатаць рукавы, прылажыць рукі і навесці парадак. Вось і навялі!
Без працы жыць нецікава
Так, навялі. Зараз люба-дорага паглядзець і на хату, і вакол яе. Летняя кухня ператварылася ў баню, прыбудавалі веранду, альтанку зрабілі. За хатай пасаджаны агарод. У садзе ўжо перацвілі вішні, яблыні, слівы. Праз нейкі час на стале з’явяцца сакавітыя плады.
– Уладзімір мае рукі добрага майстра, – уступае ў размову Таццяна Іванаўна. – Усё можа зрабіць гэтымі рукамі. І свёкар вельмі добрым майстрам быў. Меў нават кузню сваю. Кляпаў там матычкі для мясцовых гаспадынь, яшчэ якое начынне, патрэбнае ў гаспадарцы.
У свекрыві рукі былі залатыя. Ткала дываны, посцілкі, ходнічкі прыгожыя. А якія пірагі пякла! Да сёння памятаю той смак.
Гасцінныя гаспадары расказваюць, як ім тут жывецца, як добра дыхаецца, як салодка спіцца.
– Прыязджаем вясною, як снег спадзе. І ад’язджаем, як новы выпадзе, – працягвае размову Уладзімір Іванавіч. – Спачатку нават курачак тут трымалі, але зараз ужо гэтым не займаемся. Толькі агарод, сад і ў хаце нешта перарабляем. Вось печ на кухні спачатку хацелі раскідаць, бо вельмі шмат месца займае. А потым шкада зрабілася. Бо мама калісь каля яе завіхалася. Столькі пірагоў напякала! А якая смачная ежа была, прыгатаваная ў печы! Ні на якой сучаснай пліце так не зробіш. Смак дзяцінства ніколі не выветрыцца, не забудзецца.
Я згодна з Уладзімірам Іванавічам. Смак дзяцінства – гэта самае цёплае, самае дарагое і роднае. Кожная рэч у хаце напамінае аб тым, як тут кіпела жыццё, як шчасліва тут жылося.
Уладзімір Іванавіч, акрамя ўсяго таго, што робіць у хаце і каля яе, у вольны час пляце прыгожыя кошыкі з поліпрапіленавай стужкі. Гэта каб рукі зусім не былі без працы, бо так жыць нецікава. А калі пойдуць грыбы, то гэтым кошыкам таксама будзе “работа” – пераносіць лясныя дары дадому, дзе гаспадынька будзе над імі чараваць і ператвараць у смачныя нарыхтоўкі на зіму.
І хата зноў напоўніцца водарам любові і клопату пра блізкіх.
Ядвіга КОБРЫНЕЦФота аўтара і з архіва сям'і Пабудзей