Ізноў іду да цябе, мая вёсачка. Ты мая калыска, мой прытулак. Прыгажэйшага і даражэйшага месца няма на свеце. Даўно не сустракае мяне мама, выглядаючы з-пад рукі, не кляпае нешта ў сваёй майстэрні тата. Але штогод зацвітае яблыня пад акном, і жыццё працягваецца.
Я іду па тваёй вуліцы, мая вёсачка, і ўсё мне тут такое знаёмае, блізкае і роднае. Не да сваёй хаты іду, да іншай. Яе гаспадары Мікалай Дзмітрыевіч і Марыя Уладзіміраўна Мудалі даўно пакінулі гэты свет, але дзеці не дазволілі асірацець дарагому куточку. І няхай не круглы год тут свецяцца па вечарах вокны, але сцежачка не зарастае і сад цешыць сакавітымі яблыкамі. Кожны год прылятаюць сюды буслы, дзе звілі сабе гняздо на слупе. Ужо падрастаюць бусляняткі, і праз некалькі месяцаў усе разам паляцяць у вырай, але вясною абавязкова вернуцца.
Галоўнае – дзеці
На парозе хаты мяне сустракае сярэдняя дачка Мудаляў – Ніна. Я памятаю яе прыгажуняй дзяўчынай, з густымі валасамі і прывабнай усмешкай. Мы абдымаемся, як сёстры, бо ў нас аднолькавая памяць пра нашу родную вёсачку Занкі, пра басаногае, але такое шчаслівае дзяцінства, пра тое, што жыве ў душы і будзе жыць да апошніх дзён.
Я добра памятаю дзядзьку Міколу і цётку Марыю. Гэта былі вельмі памяркоўныя, добрыя, шчырыя людзі. І вельмі працавітыя. Мікалай Дзмітрыевіч быў сталяром, меў сваю сталярную майстэрню, усё мог зрабіць сваімі рукамі, ахвотна дапамагаў суседзям, усім, хто б да яго ні звяртаўся за якой дапамогай. Марыя Уладзіміраўна працавала ў паляводстве. Сціплая і вельмі прыгожая жанчына. Была вельмі спраўнай гаспадыняй. Вязала пруткамі, шыдэлкам, вышывала, шыла. Але самае важнае – яны былі цудоўнымі бацькамі. Галоўным для бацькі і маці былі іх дзеці: дачушкі Соня, Ніна і Жэня. Бацькам было важна, каб дзеці атрымалі добрую адукацыю, а потым дастойную прафесію. Дзяўчаткі хутка выраслі, вывучыліся, уладкаваліся на працу, стварылі свае сем’і, нарадзілі дзетак. Але ва ўсе часы найдаражэйшым месцы і найраднейшым у свеце была для іх бацькоўская хата. Кожны год у водпуск і не толькі яны рваліся дадому, прывозілі бабулі з дзедам унучанят, а іх – шасцёра.
Адзначалі тут усе святы, юбілеі, дні нараджэння. Бацькоўская хата была для іх тым яркім маяком, які прыцягваў да сябе нябачным, але такім адчувальным святлом, такім моцным магнітам, які не змагла б парушыць ніякая сіла ў свеце.
“Гэта сіла роду, гэта нашы карані”
А потым здарылася бяда – памёр бацька. Нечакана, раптам занямог і згас, як светач. Боль паласнуў па сэрцы вострым лязом. Але засталася мама. Дачушкі, як маглі, аберагалі роднага чалавека, стараліся прызджаць часцей, кожны дзень, а то і па некалькі разоў на дзень тэлефанавалі, непакоіліся, даражылі кожным імгненнем размовы з мамай, кожнай сустрэчай.
А час бег, і аднойчы перастала біцца матуліна сэрца. Пагасла святло ў роднай хаце, і боль быў такі, што да сёння не згасае.
– Калі не стала мамы, у нас быў невыказны стрэс. Сёстры хацелі прадаць хату. А я не магла нават думкі дапусціць, што па гэтых сцежачках, па маміных і татавых слядах будуць хадзіць чужыя людзі. Як такое ўявіць? Ну, не магла я! – гаворыць Ніна Мікалаеўна. – Я ж памятаю, як тата будаваў гэтую хату. Мы тады жылі на хутары, а бацькі тут будавацца пачалі. Памятаю, як бярвенне ўкладвалася, як на вяроўках бэлькі зацягвалі на самы верх. Такое не забываецца! І я вырашыла, што зраблю ўсё магчымае і немагчымае, каб не асірацела наша хатка, каб было куды прыехаць, каб родны куточак жыў і па-ранейшаму чакаў нас. Гэта ж сіла роду, гэта нашы карані!
Дваццаць гадоў мінула з тых пор, як не стала маці. За гэтыя гады хата Мудаляў атрымала новае жыццё. І гэта дзякуючы Ніне Мікалаеўне. Дом патынкаваны, памаляваны, заменены дах, вокны, дзверы, ад веснічкаў да парога пліткай выкладзена шырокая сцежка. Акультураны сад. Тыя яблыні і грушы пасаджаныя былі яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, але старыя, высахлыя галіны абрэзаны, і зараз дрэвы выглядаюць зусім па-іншаму.
У самой хаце таксама шмат чаго зроблена. Усе пакоі выглядаюць па-новаму, праведзена газавае ацяпленне, устаноўлены пральная і пасудамыйная машыны, ёсць санвузел, іншыя выгоды. Засталіся толькі некранутымі печы – у пакоі і ў кухні.
– Не магла выкінуць, – гаворыць Ніна Мікалаеўна. – У гэтай печы мама пірагі пякла нам на вяселлі. Ад гэтай печы так смачна пахла раніцай блінамі і аладкамі ці смажанымі шкварачкамі з бульбай. А яшчэ шафа маміна вось стаіць, канапы засталіся, мы іх толькі абнавілі. Усё гэта такое блізкае і роднае, такое незабыўнае.
Выказаць вам не магу, з якой радасцю я сюды прыязджаю. Мне тут усе рады, прыходзяць да мяне суседзі, п’ём чай з варэннем, успамінаем мінулае. Душа сюды рвецца, я ў вёсцы сябе так добра адчуваю, нават пра свае хваробы забываю. Вясною сястра Жэня агарод пасадзіла, каб я без работы не сумавала.
Яна ў Гродна жыве. Выгадавала дваіх дзяцей, мае траіх унукаў. Жэня ў нас такая агародніца. На дачы ў Грыцавічах Бераставіцкага раёна, на малой радзіме мужа, яна вырошчвае самую розную гародніну, а кветак – не злічыць.
А Соні нашай ужо няма на свеце. Яна таксама выгадавала дваіх дзяцей, у яе засталіся трое ўнукаў і праўнучка. Шкада вельмі, але нічога не зменіш – такое жыццё. Яна шмат гадоў працавала дырэктарам школы ў Омску. Была заслужаным настаўнікам РСФСР.
Ніна Мікалаеўна водзіць мяне па хаце, паказвае, якія перамены тут адбыліся за тыя дваццаць гадоў, калі пакінула гэты свет маці. Мы выходзім на двор, ідзём на агарод. Там расце бульба – зараз будзе квітнець. Пасаджаныя грады. Яшчэ трошкі – і на стале з’явяцца свае агурочкі, кабачкі, бурачкі, морква. Ніна Мікалаеўна з задавальненнем бавіць час у агародзе, праполвае свае градкі.
Ніна Мікалаеўна будзе тут жыць усё лета. Будзе атрымліваць асалоду ад роднага паветра, ад цёплых сустрэч з суседзямі. Сюды ахвотна прыязджаюць сыны – Вячаслаў і Дмітрый са сваімі дзецьмі. У Ніны Мікалаеўны шасцёра ўнукаў. Усе таленавітыя, разумныя, дасціпныя.
Сама Ніна Мікалаеўна шмат гадоў аддала школе. Выкладала хімію і біялогію. Вельмі любіла сваю работу. Шаснаццаць гадоў працавала ў Маскоўскай гімназіі з праваслаўным ухілам. На ўрокі прыходзілі святары, цэлымі класамі хадзілі ў храм, спявалі трапары прама ў аўтобусах, чым вельмі здзіўлялі іншых пасажыраў і прыводзілі ў захапленне бабуль.
Жыве Ніна Мікалаеўна ў Маскве. Там і дзеці з унукамі. Яны амаль кожны дзень бачацца, а зараз, калі матуля ў вёсцы, па некалькі разоў на дзень тэлефануюць, непакояцца пра здароўе.
Яны таксама любяць прыязджаць у Занкі. Гэта і для іх – зямны рай. А малодшы сын Дзмітрый прыязджае сюды з сям’ёй сустракаць Новы год. У яго такая традыцыя.
Любоў да гэтай хаты, да вёскі перадалася дзецям з малаком маці, іначай не скажаш.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з архіва сям’і Мудаляў