Расказваем, як Таццяна Раўнейка зрабіла сапраўдны рай каля хаты, якая была пабудавана ў пазамінулым стагоддзі.
Хатка 5 на 5
У маёй творчай скарбонцы новая сустрэча, новая бацькоўская хата. Дарэчы, не толькі бацькоўская, але дзядулева, прадзядулева і нават прапрадзядулева. А выглядае так, нібы толькі ўчора тут наваселле справілі. Вось як бывае!
Калісьці, яшчэ ў пазамінулым стагоддзі, сваю маленькую, усяго 5 на 5 метраў хатку збудаваў малады гаспадар Гаўрыла. На сяле яго Гаўрусём звалі. У гэтай міні-хатцы нарадзілася аж 16 дзетак. Засталіся толькі два сыны – Андрэй і Васіль. Абое пажаніліся. Андрэй застаўся ў бацькоўскай хаце, а Васіль прыбудаваў да яе яшчэ кавалак, і стала хатка на пяць метраў даўжэйшая. Нарадзіліся дзеткі: два сыны – Павел і Сяргей і дзве дачушкі – Надзея і Сцепаніда. Павел у час вайны загінуў на фронце. Дачушкі павыходзілі замуж. Малодшы Сяргей ажаніўся і прыбудаваў да хаты яшчэ пяць метраў. Але калі з’явіліся дзеці, вырашыў пабудаваць сабе новы прасторны дом, але тут, у роднай вёсцы. Хата засталася сястры Надзеі. У той таксама нарадзіліся дзеткі, выраслі, і адзін з іх – Уладзімір – прывёў аднойчы ў гэтую хату сваю маладую жонку Марыю. Нарадзілася ў іх трое дзяцей – дачушка Таццяна і сыночкі Сяргей і Андрэй.
З Таццянай Уладзіміраўнай Раўнейкай мы і пазнаёміліся прыгожым майскім днём каля хаты, якая бярэ пачатак з пазамінулага стагоддзя.
Зямны рай на дзесяці сотках
Увайшла ў двор, і аж дух захапіла ад прыгажосці! Гэта не двор, а нейкі казачны сад, такі маленькі зямны рай на 10 сотках зямлі (гэта акрамя тых, якія адведзены пад агарод), у аграгарадку Грынкі. І ўся гэтая прыгажосць створана рукамі гаспадынькі Таццяны.
Сядзім мы з ёю на прыгожых садовых арэлях, і яна расказвае пра сваё фамільнае дрэва, карані якога пайшлі менавіта адсюль, з гэтага дома. І ён, пэўна, адзін з найпрыгажэйшых у Грынках. І дакладна найдаўжэйшы – 15-метровы дом!
– Я тут нарадзілася, – распавядае Таццяна Уладзіміраўна. – Хадзіла ў школу, потым вучылася ў Гродна. Замуж пайшла за аднакласніка, нарадзіла дзвюх дачушак – Вікторыю і Ксенію. Але неяк не склалася жыццё ў нас з мужам. Раскідаўся наш шлюб праз дзесяць гадоў. Дзеці ўжо амаль дарослымі былі, калі лёс звёў мяне са святаром Пятром Раўнейкам. Яго прыход у Ятвеску. А я туды з маленства хадзіла з мамай, потым са сваімі дачушкамі. Вось аднойчы павінен быў прыехаць архірэй у царкву, і я ўзялася дапамагаць у падрыхтоўцы пачастунку. Прыехалі тады святары з другіх прыходаў і пасля архірэйскай службы сабраліся ўсе тут, у нашым двары, у альтанцы. А потым усе разам заспявалі малітву. Суседкі пачулі і вырашылі, што гэта нас з Пятром вянчаюць. Пачалі мяне матушкай называць. У царкве пыталіся, чаму матушкі няма на службе? Ну вось так мы і пажаніліся. Ужо больш як дзесяць гадоў разам жывём. Два сыны ў нас – Міша і Косцік. Старэйшы ў чацвёрты клас ходзіць, а малодшаму шэсць гадкоў.
Таццяна водзіць мяне па тэрыторыі і паказвае свае цуды. Вось каменны млын, зроблены яе ўласнымі рукамі. Маленькае азярцо, выкладзенае каменьчыкамі, у якім цвітуць сапраўдныя лілеі. Камін насупраць альтанкі, а ў самой альтанцы каменны падмурак. Вельмі шмат дрэў: як фруктовых, так і дэкаратыўных. А колькі фігурак жывёл і птушак! Так, мірна ўжываюцца на адным двары мядзведзі, ваўкі, сабакі, каты, зайцы, вавёркі, жабкі, хамячкі, буслы, дзятлы, совы, вераб’і, сінічкі, снегіры і нават фламінга. І ўсе на сваіх месцах. Усіх разам і пералічыць немагчыма. Як тут не здзіўляцца, як не захапляцца такім хараством?! А вечарам, калі сцямнее, і ноччу ўсё гэта хараство падсвечваецца ліхтарыкамі, якія зараджаюцца днём ад сонца. Тады ўвесь двор проста зіхаціць, як у казцы.
– Люблю, каб было ўсё навакол прыгожа, – працягвае гаспадынька. – Гэта ж і вочы цешыць, і душу напаўняе радасцю. Тата мой быў сталяром, рукі меў залатыя. Але ён больш да дрэва меў дачыненне, а я люб-лю з каменем працаваць. Мне гэта прыносіць задавальненне. І хоць часам цяжкавата, але потым так прыемна любавацца вынікам працы. А фігуркі звяркоў купляю, дзе бачу, часцей дачушкі прывозяць у падарунак. Яны ведаюць пра мае захапленні.
Маме сваёй я таксама вельмі ўдзячна. Яна нас да працы з маленства прывучыла. А галоўнае, прывяла да Бога. Мы з ёю часта ў нядзельку ў царкву хадзілі. Маліцца вучыла, вучыла сумленна жыць, людзей паважаць і ўсе свае справы звяраць з Госпадам. Можа, таму і лёс мяне звёў са святаром, каб я яшчэ з большаю ахвотаю служыла Богу. Я бясконца ўдзячна Усявышняму за такі вялікі дар, за дзетак, за кожны пражыты дзень.
Дарэчы, маме маёй, Марыі Антонаўне Вахцеравай, праз некалькі дзён споўніцца 70 гадоў. З такой нагоды хачу павіншаваць яе з юбілеем, пажадаць, каб кожны яе дзень быў напоўнены радасцю і Божым святлом, каб у яе гасцінную хату прыходзілі толькі добрыя людзі і добрыя весткі. Каб жыла нам на радасць яшчэ доўга-доўга і цешылася ўнукамі, праўнукамі.
Гiсторыя, якая кранае
З гэтай жанчынай я сустрэлася выпадкова на вуліцы і пазнала ў ёй сваю даўнюю знаёмую.
Дакладней, гэта яна першая пазнала мяне. Мы не бачыліся з ёй больш за сорак гадоў, і за гэты час яна значна змянілася, як, дарэчы, і я. Але ж яна мяне пазнала, і гэта было вельмі прыемна. Разгаварыліся. Зараз Ірына жыве ў Ленінградскай вобласці, выгадавала дачку і сына, мае ўнучку.
А на малую радзіму прыехала з нагоды юбілею стрыечнай сястры. Першы раз за шмат гадоў выбралася.
Аказалася, што ёй на вочы выпадкова трапіла наша раёнка. Калісьці даўно бацькі ўвесь час выпісвалі раённую газету і чыталі ад першага да апошняга слова. Яе зацікавіла, што зараз пішуць. І вось што яна расказала:
– Я з такой цікавасцю чытала вашу газету, здавалася, што і не выязджала нікуды. І тут трапіла мне на вочы цэлая старонка, дзе напісана пра бацькоўскую хату, пра тое, як прыязджаюць дзеці, унукі і не дазваляюць ёй разбурыцца, вяртаюць былы выгляд, нават яшчэ больш прыгожай робяць. А я, як мамы не стала, і не прыязджала сюды. Толькі на могілкі заязджалі і ўсё. Спачатку думала прадаць хату, дык купца не знайшлося. Паехала ў Расію. Муж мой тады ў Ленінградзе служыў. Ён быў не супраць са мной на Свіслаччыну паехаць, але я баялася, каб яму ў дарозе не стала дрэнна, бо ён хварэе. Сама прыехала. Вёску не пазнала. Так шмат пустых дамоў стала… Сэрца проста сціснулася ад жалю. А тут яшчэ пачытала газету, успомніла сваю хатку, наплакалася... Хоць ужо і вечарэла, але я вырашыла пайсці паглядзець на яе. А гэта ў другім канцы вёскі. Ішла так хуценька-хуценька. І здалося мне, што вось зараз з-за вялізнага куста бэзу, што каля дарогі расце, выйдзе мне насустрач мама, як даўно-даўно…
У той час ні тое што мабільных тэлефонаў, а і звычайнага ў бацькоў не было. А мама мяне заўсёды сустракала. Я не раз пыталася ў яе: “Мамачка, як ты ведала, што я прыеду?”. А яна смяялася і гаварыла: “Не я, дачушка, сэрца маё ведае”. І вось цяпер я ішла і больш за ўсё на свеце мне хацелася, каб з-за бэзу выйшла мама. У той хустачцы з блакітнымі кветачкамі па беражку, у фартушку, перашытым з маёй дзявочай сукенкі. Я ішла і слязьмі залівалася. Падышла – ногі падкасіліся. Амаль не асунулася на зямлю каля паваленых веснічкаў. Неяк прабралася праз зараслі, падышла да дзвярэй, а яны адчыненыя. Зайшла – там усё раскіданае, смецце кругом, і ў куточку ляжыць маміна вышываная карціна з макамі. Шкло разбілася, вышыўка ўся брудная, у пыле. Я схапіла яе, выцягнула з-пад разбітай рамкі і прытуліла да сябе як самы дарагі падарунак. Ведаеш, не магу сабе дараваць, што пакінула хатку, што дазволіла ёй знішчыцца ў адзіноце. Як цяпер што вернеш? Муж хварэе. Там у нас кватэра, дзеці, унучка маленькая. Там мы свае карані пусцілі, а гэтыя я абрубала. Ты ў газеце закранула вельмі балючую тэму. Але добра, што закранула. Мяне цешыць, што ёсць такія добрыя прыклады, калі вяртаюцца дзеці, унукі і ператвараюць стары дом у новы, але колькі яшчэ такіх, як мой. І ніхто да іх не спяшаецца.
Хутка паеду дадому. І не ведаю цяпер, як развітаюся з маёй хаткай і як мне прасіць прабачэння ў мамы з татам і ў роднага майго куточка, што дазволіла вось так застацца нікому не патрэбным. Слёзы душу рвуць, у грудзях горача, нібы гарыць там што.
Вось такая размова атрымалася ў мяне проста на вуліцы з маёй даўняй знаёмай. Шчыра паспачувала ёй, а дапамагчы нічым не магла. Сумна, што тут казаць.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з архіва сям’і
Фота аўтара і з архіва сям’і